«Нарэшце, пад’ехала прызнанне» – гомельскі актывіст Валерый Сляпухін пра ўключэнне сябе ў базу росшуку РФ

by ZB

У расійскіх спісах на росшук знайшліся новыя 400 імёнаў беларусаў, якія дадалі за чатыры месяцы гэтага года. «Штодзень» пашукаў сярод іх жыхароў Гомельскай вобласці, а таксама паразмаўляў з гомельскім актывістам Валерам Сляпухіным, які нечакана для сябе даведаўся, што яго шукае Расійская Федэрацыя.

Валерый Сляпухін

Аналіз базы росшуку МУС РФ зрабіла «Медыязона» (там можна праверыць сябе і знаёмых). «Штодзень» пісаў пра першую частку гэтай работы ў лютым.

«Гэтыя захады ўладаў, каб зрабіць гадасць»

«Даведаўся пра тое, што патрапіў у расійскую базу вышуку ад сяброў, якія сказалі, што пабачылі мяне ў спісах, зрабілі скрын. Я не ведаў спачатку, адкуль ён. Там было маё імя, прозвішча, нацыянальнасць і год нараджэння», – распавёў «Штодню» гомельскі актывіст Валерый Сляпухін.

Паводле яго словаў, першай рэакцыяй на гэтую інфармацыю стала: «Нарэшце, пад’ехала прызнанне».

Ён выказаў здагадку, што гэта можа быць звязана з тым, што ён балатуецца ў Каардынацыйную раду па спісе Паўла Латушкі/Руху «За Свабоду».

Акрамя таго, паводле Сляпухіна, яшчэ раней прыходзілі да ягонай маці ўчастковы, супрацоўнік КДБ, запытваліся, дзе ён.

«У мінулым годзе гэта было два разы, да апублікавання гэтых спісаў. Напэўна, гэта было звязана з маёй папярэдняй дзейнасцю, але тады для мяне дзіўна, чаму толькі цяпер я патрапіў у гэтыя спісы. У мяне пытанняў болей, чым у кагосьці яшчэ», – дадаў актывіст.

Ён удакладніў, што тады спрабаваў даведацца прычыны такой увагі да сваёй асобы, але адказу з КДБ і Следчага камітэту не атрымаў.

Валер называе гэтыя захады дадатковым абмежаваннем ягоных правоў, і адзначае, што зараз гэтае рашэнне не магчыма абскардзіць. «Гэта зараз не шкодзіць, але ў сярэдняй і далёкай перспектыве будзе клопатам», – лічыць гомелец.

«Гэтыя захады беларускай улады дзеля таго, каб зрабіць нейкую гадасць», – дадаў ён.

Гомельскія актывісты ў расійскіх спісах на росшук

  1. Гомельскі актывіст Андрэй Цянюта. Па звестках «Штодня», у Беларусі на яго заведзеная крымінальная справа. Сам ён знаходзіцца за мяжой.
  2. Светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова (за мяжой).
  3. Гомельскі актывіст Ігар Случак, які шмат год абараняе беларускую мову на спажывецкім рынку і фіксуе парушэнні моўных правоў беларусаў (за мяжой).
  4. Жыхар Гомеля Канстанцін Гвоздзеў, якога назвалі сябрам «спячай ячэйкі экстрэмістаў» са знешнімі сувязямі з беларускімі дабраахвотнікамі ва Украіне.
  5. Рок-музыкант Уладзіслаў («Нож») Наважылаў. «Штодзень» размаўляў з ім пасля таго, як яго ўключылі ў спіс экстрэмістаў (за мяжой).
  6. Жыхарка Нароўлі Таццяна Арахоўская. Яе затрымлівалі ў лютым за абразлівы каментар пра ўлады, але адпусцілі пад падпіску. Далейшы яе лёс невядомы.
  7. Прадпрымальнік з Мазыра Сяргей Коршак. Яго асудзілі на тры гады «хіміі».
  8. Былы палітвязень і актывіст з Гомеля Ілля Міронаў (за мяжой).

    Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png