Беларусы, як і іншыя славяне, мелі (дый надалей маюць) свае ўяўленні пра дэманаў, духаў і розную нячыстую сілу. Жывуць гэтыя прадстаўнікі так званай ніжэйшай міфалогіі ў хатах і лясах, на балотах і азёрах, а нават ходзяць-бродзяць па могілках, часам палохаюць, часам за сабою цягнуць, а часам шкодзяць толькі па дробязях і жартуюць з нас, людзей.
“Мова Гомель” прапануе прыглядзецца крыху бліжэй да некаторых з гэтых міфалагічных персанажаў і вывучыць іх палескія асаблівасці.
ПАЛЕСКІЯ ВЕДЗЬМЫ
Паводле адных народных уяўленняў, ведзьма – гэта жанчына, якая служыла нячыстай сіле і займела такім чынам звышнатуральныя здольнасці, паводле іншых, жанчына станавілася ведзьмаю, калі ў яе ўсяляўся злы дух, д’ябал або душа памерлага. Акрамя таго, магічная “ведзьмінская сіла” магла дастацца жанчыне ў спадчыну ад маці-ведзьмы.
Адрозніць ведзьму ад звычайнай жанчыны можна не заўсёды, але затое шкоды яна прыносіць багата: насылае хваробы, псуе ўраджай, шкодзіць жывёле. На Гомельшчыне асабліва верылі ў тое, што ведзьма забірае малако ў кароў, а каб гэтага не здарылася, трэба, напрыклад, казаць: “Шчоб прыбуло малако ў маёй кароўкі з чарот, з балот”.
Ведзьма можа мець растрапаныя валасы і нават горб на спіне, носіць чорнае адзенне і хусту, мець вялікія зубы або вялікія вочы, а яшчэ бародаўку на твары або пучок валасоў. Важнай асаблівасцю палескіх ведзьмаў з’яўляецца іх уменне змяняць сваю знешнасць: абарочвацца ў жабу, кошку, свінню, вужа або іншую жывёлу, а нават у стог сена. Што праўда, зрэдку сустракаліся і добрыя ведзьмы, якія дапамагалі людзям.
– Ведзьма, канешне, ёсць у кожнай вёсцы. Яна можа быць свіннёй, вужом, капой сена. Мне самой было такое: іду я з хлопцам вечарам па вуліцы, а за намі капа сена коціцца, мы хутчэй у нейкі агарод ускочылі, і капа прапала. Таксама гавораць, што, калі ноччу карова ўслед ідзе, то гэта ведзьма. Вось цешча не хацела, каб зяць жыў з яе дачкой. Ідзе ён вечарам па вуліцы, а яна за ім следам, ні адстае ні на шаг. Ён яе б’е, а яна нічога не бярэ. Назаўтра пасаветавалі яму біць яе па ценю. Ён так і зрабіў, але ўсё роўна нічога не дапамагае. На трэццю ноч злавіў ён яе і адрэзаў вуха. I назаўтра цешча з перавязаным вухам выйшла з хаты.
(Запісана ў г. Ветка ад Дзюньдзікавай Праскоўі, 1920 г.н. Новак В.С. студэнтамі Крунскай П., Шабалінай Н., Малашковай Л., Вержахоўскай В., Фяськовым С.)
На Палессі ведзьмы лётаюць на бярозавых прутах, качэргах, вілах і лапатах, а вось на мётлах палескія ведзьмы неяк не вельмі любяць палятаць уначы.
ЯК ЗАСЦЕРАГЧЫСЯ?
Засцерагчыся ж ад ведзьмы можна рознымі спосабамі: замовамі, малітвамі, грамнічнымі свечкамі або і крыжамі, намаляванымі на сценах і дзвярах. Таксама варта насіць крыжык на шыі або чырвоную нітку на руцэ. А калі ідзеш каля ведзьмы, то і кукіш у кішэні скруціць не зашкодзіць. Ёсць яшчэ соль, срэбра, мак, крапіва, асвечаная вада ды іншыя спосабы адагнаць ведзьму. Тут ужо хто ў што верыць.
Яшчэ кажуць, што ведзьмы з чортам – найлепшыя сябрукі, і сваю душу ведзьма чорту і прадала акурат.
Найбольш актыўныя ведзьмы на Купалле (гэта іх асабліва любімае свята), Юр’я, Вялікдзень і Зялёныя святкі. Паміраюць жа ведзьмы ў страшных муках і лепей у гэты час побач не знаходзіцца.
ПАЛЕСКІЯ РУСАЛКІ
Русалкі – гэта істоты таксама падобныя на людзей, але пры гэтым яны маюць звышнатуральныя здольнасці. Звычайна лічыцца, што русалка – гэта дзяўчына-тапельніца, або дзеці, праклятыя яшчэ ў мацярынскім улонні, немаўляты, што нарадзіліся мёртвымі або былі згубленыя адразу пасля нараджэння, але ў палескай традыцыі русалкі маглі паходзіць ад памерлых нявестаў або людзей, якія загінулі або памерлі на Русальным тыдні (гэта першы тыдзень пасля Тройцы).
Даследчыца Л.Н. Вінаградава вылучыла некалькі асаблівасцей палескай русалкі:
– Па-першае, да русалкі людзі адносяцца па-рознаму: з аднаго боку, як да сваячкі, з іншага – як да істоты шкоднай, якая можа заказытаць да смерці.
– Па-другое, палескія русалкі з’яўляюцца летам, ім не абавязкова патрэбная вада, яны звязаныя больш са злакавым полем і раслінамі.
– Па-трэцяе, палеская русалка можа кантраляваць людзей і караць тых, хто парушае правілы Русальнага тыдня. Што цікава: пабачыць русалку могуць толькі праведныя людзі, дурныя людзі яе не пабачаць.
Дарэчы, забарона на Гомельшчыне ў Русальны тыдзень хадзіць у жытняе поле тлумачыцца тым, што ў гэты час “перасушваюцца русалкі ў жыці”.
А НАВОШТА РУСАЛКІ СУШАЦЦА?
Вясною і летам русалкі з’яўляюцца на зямлі, а ў апошнія дні Тройцкага тыдню “сушацца”, “перасушваюцца”, пасля чаго вяртаюцца на свае месцы: назад пад ваду, у магілу, у іншы свет.
Калі русалкі “сушацца”, то і дні гэтыя называюцца “сухімі”, у гэтыя дні нельга працаваць на полі або гародзе, каб не выклікаць засуху.
Ва ўсходнім Палессі існаваў абрад “Провадаў русалкі” у першы дзень Пятроўскага посту (пачынаецца праз тыдзень пасля Святой Тройцы). У гэты час русалкі сыходзяць. А калі адна з русалак не зможа зысці ў гэты час, то цэлы год правядзе ў доме сваіх бацькоў да наступнага Русальнага тыдня і будзе паводзіць сябе як душа памерлага.
ДАВЕДКА.
Абрад “Провады русалкі” вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Абрад звязаны з заканчэннем святкавання Русальнага тыдня і штогод праводзіцца ў наступную нядзелю пасля Тройцы (Сёмухі). Удзельнікі традыцыйнага абраду апранаюцца ў святочнае адзенне, плятуць вянкі, рыхтуюць кветкі і ідуць праз усю вёску з выкананнем абрадавых песень да поля – праводзяць Русалку, каб прагнаць яе ў жыта, асвяціць сарваную з яе зеляніну і вянок, павадзіць карагоды і паскакаць праз вогнішча.
Правяду русалачку да бору,
А сама вярнуся дадому,
Штоб русалачка па жыту не хадзiла
Да нашага жыцечка не ламiла…
Найчасцей русалкі ўяўляліся прыгожымі дзяўчатамі, якія любяць гайдацца на дрэвах і качэлях, а нават на злакавых каласках. Асабліва яны любяць бярозы, на якіх раскачваюцца, шумяць і заклікаюць пагайдацца з імі. Але гэтага рабіць зусім не варта, бо заказычуць “да смерці”. Таму варта мець пры сабе жалезную шпільку, каб укалоць русалку, тая і ўцячэ.
Выкарыстаныя матэрыялы: nashkraj.info, poshyk.info, Виноградова Л.Н. Мифологический аспект славянской фольклорной традиции. М.: «Индрик», 2016, Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорнаэтнаграфічны зборнік. — ЛМФ “Нёман”, 2003.