Дажынкі ўсё? На Гомсельмашы збіраюцца выпускаць беспілотны камбайн са штучным інтэлектам

by ZB

«На «Гомсельмашы» заўсёды ідуць у нагу з часам. Ужо цяпер гатовыя выпускаць камбайны са штучным інтэлектам, яго прадставілі на БЕЛАГРА», – радасна паведамляецца ў навіне на сайце гомельскіх чыноўнікаў.

«Прэзентавалі камбайн з кагнітывам, гэта значыць, з тэхнічным зрокам. У гэтым годзе плануем выпусціць пробную партыю. А далей прымем рашэнне, як выкарыстоўваць штучны інтэлект», –падзяліўся амбіцыйнымі планамі ўсё той жа Дзмітрый Афанасьеў.

Мы, вядома, адразу ўспомнілі, як у Беларусі рабілі «беларускі кампутар» і, вядома ж, успомнілі пра беларускія лекі ад каранавіруса, якія, па завярэннях так званых уладаў і навукоўцаў Беларускай акадэміі навук, павінны былі здзівіць увесь свет. Вось толькі СААЗ ужо афіцыйна абвясціла аб заканчэнні пандэміі, а беларускіх лекаў ад каранавіруса нам так і не прэзентавалі. Як і справаздачы аб тым, куды ў выніку пайшлі велічэзныя грошы, выдзеленыя на распрацоўку чарговага «беларускага цуду».

Закралася падазрэнне і наконт беларускага штучнага інтэлекту для гомельскіх камбайнаў. Няўжо гэтым разам рэальны прарыў і ноу-хау?

Дык вось не, беларускага цуду не будзе і зараз. На самой справе камбайны збіраюцца абсталяваць расейскім аўтапілотам са штучным інтэлектам.

Пра гэта ўрачыста яшчэ з восені мінулага года заяўляюць расейскія распрацоўшчыкі на сваіх сайтах.

«З кастрычніка (2022 года – Рэд.) збожжаўборачныя камбайны Gomselmash GS2124, што вырабляюцца беларускім заводам «Гомсельмаш», будуць камплектавацца сістэмай аўтаномнага кіравання Cognitive Agro Pilot на аснове штучнага інтэлекту (ШІ) расейскай кампаніі Cognitive Pilot», – паведамлялі ў прэс-службе ТАСС яшчэ ў верасні мінулага года.

Гаворка ідзе пра сістэму аўтаномнага кіравання сельскагаспадарчай тэхнікай (збожжаўборачным камбайнам, трактарам, апырсквальнікам) Cognitive Agro Pilot на базе тэхналогій штучнага інтэлекту, якая нібыта дазваляе механізатару даверыць кіраванне тэхнікай робату-памочніку, пры гэтым самому сканцэнтравацца на кантролі якасці працэсу апрацоўкі і ўборкі. Паводле ацэнкі кампаніі Cognitive Pilot, аўтаматычная апрацоўка беспілотным камбайнам дазваляе скараціць страты ўраджаю да 13%, а таксама на 25% скараціць тэрміны ўборкі ўраджаю.

Мяркуючы па тым, што расійскі бок анансаваў серыйны выпуск камбайнаў з ШІ яшчэ ў кастрычніку мінулага года, а нашы на БЕЛАГРА праз 9 месяцаў распавядаюць пра тое, што ў бліжэйшы год толькі збіраюцца выпусціць пробную прамысловую партыю, то, як заўсёды, нешта пайшло не так.

Так што традыцыйныя «Дажынкі» і гонкі камбайнераў без ШІ за ўраджай – пакуль што наша сапраўдная рэальнасць.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png