“Лепш бы прынеслі кветкі”: міліцыя прыйшла па адрасе рэгістрацыі гомельскага актывіста Валерыя Сляпухіна

Валерый Сляпухін

Раніцай 14 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі прыйшлі па адрасе рэгістрацыі гомельскага актывіста Валерыя Сляпухіна. Пра гэта ён паведаміў у сацсетках. Паводле актывіста, заяўленай мэтай візіту быў яго пошук як падазраванага паводле палітычна матываванага крымінальнага артыкула. Які менавіта артыкул маецца на ўвазе, ён не ўдакладніў.

“Палітычныя рэпрэсіі не сціхаюць”, — напісаў Сляпухін. Візіт сілавікоў супаў з сямейнай датай.

“Лепш бы прынеслі кветкі і павіншавалі з Днём маці! Да таго ж 14 кастрычніка — 48-я гадавіна вяселля маіх бацькоў”, — пракаментаваў ён.

Валерый Сляпухін — гомельскі грамадскі актывіст, які займаўся абаронай зялёных зон і гарадской прасторы ад ушчыльнення, дапамагаў жыхарам адстойваць свае правы. Сярод кампаній, у якіх ён удзельнічаў, — абарона сквера каля гатэля “Турыст” і зялёнага масіву каля стадыёна “Дынама”, змаганне супраць ушчыльнення на вуліцах Цімафеенкі і Фадзеева.

Пасля адміністрацыйных арыштаў і штрафу ў 2020 годзе Сляпухін выехаў з Беларусі. Жыў у Кіеве, дзе дапамагаў беларускім уцекачам і ўдзельнічаў у грамадскіх ініцыятывах, пазней пераехаў у Варшаву.

У траўні 2024 года актывіст даведаўся пра ўключэнне ў базу вышуку МУС Расіі. Тады ў размове са “Штоднем” ён таксама расказваў, што ўчастковы і супрацоўнік КДБ прыходзілі да ягонай маці і пыталіся, дзе ён знаходзіцца.

Штодзень

Related posts

“Як у басейне, аж вочы шчыпле”: гамяльчане скардзяцца на рудую ваду з пахам хлоркі

Дзюны, грыбы і лясная рамантыка: гомелец паказаў востраў на Сожы непадалёку ад горада

Чачэрскі заказнік павялічылі амаль на 150 гектараў. Яго гісторыю змяніла радыяцыя