Лідзія Высоцкая: знакамітая і забытая актрыса з Рагачова

by ZB

Мова Гомель распавядае гісторыю дзівы польскага тэатра, кіно і эстрады Лідзіі Высоцкай.

Рагачоў – родны горад

Пра сям’ю і дзяцінства Лідзіі Высоцкай звестак вельмі мала. Яна нарадзілася ў Рагачове (цяпер Гомельская вобласць) 24 чэрвеня 1916 года ў сям’і Валяр’яна Высоцкага і Альфрэды з Высоцкіх. Бацьку яна не ведала, бо ён памёр, калі Лідзія мела ўсяго некалькі месяцаў. А яе маці спявала, і мела прыгожы голас, хоць ніколі не была акцёркай.

Лідзія Высоцкая

У розных польскіх крыніцах існуе блытаніна з месцам нараджэння будучай зоркі. Называецца і нейкі Рагачоў пад Кіевам, і Рагачоў у Прусіі. Аднак у адным з інтэрв’ю (Telewizja Kino Polska) яна сама распавяла, што нарадзілася ў Расіі (Рагачоў у 1916 годзе быў у складзе Расійскай імперыі), і што пазней сям’я вярнулася ў Польшчу (Лідзія выкарыстала менавіта слова “вярнулася”). І фактычна гэта ўсё, што вядома пра раннія гады жыцця Лідзіі Высоцкай, прынамсі, з адкрытых крыніц.

Кар’ера ў кіно і запрашэнне ў Галівуд

Лідзія заўсёды марыла пра тое, каб быць актрысай. Ва ўзросце 17 гадоў яна стала адной з самых прыгожых удзельніц конкурсу на тытул Каралевы ад часопіса “Kino”. Пазней паступіла вучыцца ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Варшаве, і ўжо ў 1935 годзе ёй прапанавалі галоўную ролю у музычнай камедыі “Кахай толькі мяне” (Kochaj tylko mnie). Ёй было 19 гадоў, яна была студэнткай першага курсу, якім забаранялася яшчэ здымацца ў кіно, але дзеля яе прыгажосці і таленту зрабілі выключэнне.

Далей былі чарговыя ролі ў фільмах (сярод самых вядомых “Тата жэніцца” і “Залатая Маска”), а пасля заканчэння інстытута – праца ў Польскім тэатры ў Варшаве, дзе яна дэбютавала ў “Вяселлі Фігара”. У фільмах яна таксама спявала, займалася акцёрскай песняй. У 1936 годзе з’явіўся яе першы запіс на пласцінках Syrena Rekord. А ў 1938 годзе яна атрымала прапанову з Галівуду падпісаць кантракт, але адмовіла. Актрыса пазней распавядала для часопіса “Kino”:

– Я выдатна разумела, як бы гэта выглядала. Пасля паўгадавога сядзення ў зачыненай віле і вывучэнне англійскай мовы, мне б далі грошы на білет дадому, паводле дамовы…

Але насамрэч прычына адмовы, верагодна, была зусім іншай… каханне.

Збігнеў Саван і Лідзія Высоцкая. Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Яе сэрца скарыў папулярны акцёр, прыгажун, Збігнеў Саван, які на момант іх знаёмства быў жанаты на іншай акцёрцы – Марыі Маліцкай. Ён быў старэйшы за Лідзію на 12 гадоў, і пасля іх знаёмства некаторы час жыў паралельна з дзвюма жанчынамі.

Ратавала каханага з лагера смерці Аўшвіц

Падчас акупацыі Лідзія Высоцкая працавала афіцыянткай у кавярні, агульна байкатуючы тэатр, які кантралявалі акупанты. Таксама яна не прыняла прапанову нямецкіх кінарэжысёраў.

У сакавіку 1941 года разам з партнёрам Збігневам Саванам яна трапіла ў турму. Гэта стала адказам немцаў на забойства польскімі партызанамі Іга Сыма (Igo Syma), нямецкага акцёра і калабаранта. Праз некалькі тыдняў Лідзію вызвалілі, але Збігнеў трапіў у Аўшвіц (Асвенцым). Не зважаючы на асабістыя акалічнасці, Лідзія Высоцкая разам з жонкай партнёра Марыяй Маліцкай пачалі дзейнасць супольна, каб вызваліць Збігнева. Дзякуючы подкупам і знаёмствам, ім гэта ўдалося. Пасля вызвалення з Аўшвіц, Саван ужо не вярнуўся да жонкі, а ў 1943 годзе ў іх з Лідзіяй нарадзіўся сын Пётр.

Лідзія Высоцкая і Збігнеў Саван узялі шлюб толькі ў 1948 годзе, праз год пасля таго, як акцёр урэшце развёўся з першай жонкай. Яны пражылі разам яшчэ амаль дзесяць гадоў. Пасля Лідзія ўжо не выйшла замуж, а Збігнеў ажаніўся ў трэці раз.

Пасля вайны папулярнасць пачала занікаць

Пасля завяршэння вайны, новае пакаленне кінарэжысёраў не вельмі ахвотна хацела супрацоўнічаць з даваеннымі акцёрамі, прапануючы ім толькі эпізадычныя ролі ў кіно.

– Гэта ўсё выглядала добра, але перад вайной на працягу трох гадоў я сыграла ў васьмі фільмах, а пасля вайны, на працягу 50-ці гадоў, у сямі”, – казала пазней Лідзія Высоцкая, якая, відавочна, сумавала па кіно і ранейшай вядомасці.

Аднак яна выступала ў тэатры, у радыё спектаклях, і стварыла надзвычай папулярнае кабарэ “Вагабунда” (Wagabunda), якім кіравала на працягу дзесяці гадоў, і на сцэне якога выступалі самыя вядомыя артысты таго часу.

Памерла забытая амаль усімі

Неўзабавае Лідзія пазнаёмілася з малодшым ад яе на 15 гадоў Ежы Гералтоўскім, побач з якім адчувала сябе прыгожай і запатрабаванай, і марыла пра тое, каб разам з ім сустрэць старасць. Але… Ежы не меў такіх сур’ёзных намераў. Дзякуючы Лідзіі, ён стаў вядомым і пачаў развіваць свой пісьменніцкі талент. І калі прыйшоў першы вялікі поспех, жыццё з Лідзіяй перастала быць для яго цікавым, ён усё часцей не прыходзіў дадому па начах і ўрэшце знік назаўсёды.

Лёс не пашкадаваў Лідзію Высоцкую. Да асабістай драмы дадалося тое, што кабарэ “Вагабунда” улады закрылі з палітычных прычын.

– Я аказалася на вуліцы. З таго часу блукала па свеце ўласных думак, – казала акцёрка. Праўда, яна яшчэ атрымала прапанову пісаць фельетоны для радыё.

Фота: Andrzej Wiernicki /Agencja FORUM

Лідзія Высоцкая пражыла 90 гадоў. Яе не стала 2 студзеня 2006 года. Больш за ўсё яна баялася забыцця, але лёс сумна пажартаваў з яе, і яна пайшла з жыцця адзінокай і забытай.

P.S.: “Калі я скарала Вашы сэрцы прыгажосцю, гумарам, спевамі, тады мяне ведалі мільёны. Апладысментам не было канца. Сёння ніхто не хоча мяне знаць. Пахавалі мяне пад кучай гнілога лісця. Добрыя людзі, зжальцеся над маёй прыкляпанай лапатамі магілай і маімі блізкімі, якія спачываюць разам са мною”.

 Так у 2018 годзе ад імя перадваеннай зоркі, Лідзіі Высоцкай, пісалі да ўладаў жыхары мясцовасці Пясэчнае (Piasecznо), абураныя занядбаным месцам пахавання актрысы.

Штодзень

Крыніцы: film.wp.pl, pl.wikipedia.org, pomponik.pl, viva.pl.

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png