Леанід Судаленка пра смерць палітвязня Ігара Ледніка: “У турме людзей забіваюць!”

by ZB

Былы палітвязень і вядомы праваабаронца Леанід Судаленка падзяліўся сваімі думкамі наконт сітуацыі з гібеллю Ігара Ледніка ў бабруйскай калоніі, а таксама выказаўся на тэму таго, што могуць рабіць беларусы для недапушчэння такіх выпадкаў у далейшым.

Леанід Судаленка Фота: з асабістай старонкі ў ФБ

Леанід Судаленка:
Казаў і яшчэ раз кажу – людзі паміраюць дома ці ў лякарнях. У турме людзей забіваюць! Бо калі чалавек хворы, яго трэба лячыць. Калі моцна хворы, вызваляць ад пакарання. Інакш прыгавор суда аб пазбаўленні волі = смяротнаму пакаранню…

І зноў не адпускаюць думкі аб палітвязнях, якіх утрымліваюць у нечалавечых умовах. Асабліва ў якіх вялікія тэрміны. Там гэта часта гучыць як “ніколі”. У сэнсе, ніколі не скончыцца тэрмін! Інтэлектуальна кожны задумваецца над сэнсам жыцця і магчыма не раз развітваецца з ім. Маральна там цяжка ўдвая, таму што не адпускае разуменне прававога бязмежжа, ты за кратамі без злачынства, толькі за тое, што не згодзен!

Што можа выратаваць нашых палітычных, асабліва тых, хто з вялікімі тэрмінамі? Я не знаходжу адказу на гэтае пытанне, у нас няма сёння моцнай перамоўнай пазіцыі. Затое ў нас ёсць тое, чаго нельга адабраць, гэта наш голас! Прапаную не маўчаць, крычаць гучней і гучней аб тым, як рэжым павольна забівае нязгодных беларусаў. Наш голас пакідае сляды і там гэтага моцна баяцца. Яны баяцца хуткага справядлівага суда, што зараз з’яўляецца нашай галоўнай зброяй.

Гэта я ведаю дакладна!

Ігар Леднік


Ігар Аляксандравіч Леднік
— сябра БСДП з Барысава, быў затрыманы 18 красавіка 2022 года. Спачатку яму прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але пасля іх ён на волю не выйшаў. На Ігара была заведзена крымінальная справа па ч. 2 арт. 367 КК “Паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Ігар Леднік меў інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам. 18 ліпеня 2022 г. суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі Ігара Ледніка “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Ігар Леднік памёр ў мінскай раённай бальніцы, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі № 2, дзе адбываў тэрмін. Як паведамляюць аднапартыйцы загінулага, прычынай яго смерці стала спыненне сэрца. На сёння гэта ўжо, як мінімум, пяты па ліку палітвязень, які загінуў за кратамі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png