Навіны горада

Гомельскія ўлады пацвердзілі рост выпадкаў захворванняў «жаўтухай» у рэгіёне

У Гомельскай вобласці і Беларусі ў цэлым фіксуецца рост захворванняў на вірусны гепатыт А (хвароба Боткіна, «жаўтуха»). Прычыны гэтага невядомыя.

Рэгіянальныя дзяржаўныя СМІ і гомельскія ўлады выпусцілі ўжо другое абвяржэнне пра якасць вады. Звязаныя яны з падазрэннямі, якія выказваюцца ў неназваных «бацькоўскіх чатах» рэгіёна.

Ілюстрацыйнае фота

«У бацькоўскіх чатах б’юць трывогу: піць ваду з-пад крана нельга, трэба кіпяціць. Нібы ў вадзе знойдзеная нейкая палачка, якая выклікае гепатыт А (хвароба Боткіна, жаўтуха)», – абвесцілі на «Гомель-4».

Паводле аўтараў сюжэту, адныя бацькі звязваюць гэта з ранняй паводкай, другія – з парушэннямі гігіенічных нормаў.

«У гарадскім цэнтры гігіены эпідэміялогіі і грамадскага здароўя пацвердзілі ўздым захворвання на гепатыт А ў рэгіёне і краіне, асабліва з пачаткам лютага. Але гэта не звязана з якасцю вады», – запэўніваюць супрацоўнікі тэлеканала.

І гэта не таму, што дакладна вядомая прычына, эксперты дзяржтэлеканалу выказвалі толькі гіпотэзы.

«Гэта можа быць звязана з шэрагам прычынаў, у тым ліку і са шматгадовай дынамікай захворванняў. Вельмі працяглы час на тэрыторыі вобласці і рэспублікі не адзначаліся выпадкі захворванняў вірусным гепатытам А», – запэўніла Інна Салажкова загадчык аддзела эпідэміялогіі ведамства

Паводле яе, зараз рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі захворванняў, паміж сабой яны не звязаныя.

Але прэтэнзіі да якасці вады дзяржэксперты рашуча абвяргаюць. Паводле іх, з пачатку месяца эксперты адабралі 23 пробы вады і 11 дадатковых. «Вада адпавядае ўсім нормам», – адзначыла ўрач-гігіеніст Таццяна Саўчанка.

Яна дадала, што яны праз паводку таксама бралі 30 проб з калодзежаў, з іх нормам не адпавядалі 4 з Гомельскага раёну (13%).

Тое, што крыніца захворванняў вірусным гепатытам невядомая, кажа і  намеснік галоўнага ўрача гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Вольга Сініцына.

«Пры гепатыце А – працяглы інкубацыйны перыяд і даведацца, адкуль чалавек атрымаў вірус, вельмі праблематычна», – адзначыла яна.

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, гепатыт А з’яўляецца запаленчым захворваннем печані, якое можа працякаць у лёгкай ці цяжкай форме. Перадача віруса адбываецца праз заражаныя прадукты харчавання і ваду ці пры непасрэдным кантакце з хворай асобай. Пасля выздараўлення фармуецца пажыццёвы імунітэт. Для прафілактыкі ёсць вакцына.

Штодзень