Крымінальнік, асуджаны за забойства гомельскай сям’і, не дабіўся змякчэння прысуду

Чацвёрты касацыйны суд агульнай юрысдыкцыі (Краснадар) пакінуў без змен прысуд Юрыю Ермачэнку, які ў 1997 годзе разам з саўдзельнікамі забіў у Гомелі мужа і жонку, а таксама іх чатырохгадовае дзіця. Асуджаны прасіў паменшыць 25-гадовы тэрмін пазбаўлення волі, спасылаючыся на пажылы ўзрост (64 гады) і слабое здароўе, але касацыйная інстанцыя не знайшла падстаў для змякчэння пакарання, адзначае расейскае выданне Камерсант.

Суд вызначыў, што грамадзянін Расеі Юрый Ермачэнка ў 1997 годзе прыехаў у Гомель, дзе яму стала вядома, што супрацоўнік гарадскога ваенкама ўдзельнічаў у арганізацыі беларускай фінансавай піраміды Astran. Мяркуючы, што ў кватэры афіцэра могуць знаходзіцца каштоўнасці, Ермачэнка і двое яго саўдзельнікаў, узброеных аўтаматамі Калашнікава, уварваліся ў жыллё і застрэлілі 29-гадовага мужчыну, яго жонку і сына. У кватэры бандыты знайшлі грошы і каштоўнасці на агульную суму $5 тыс. Пасля гэтага Юрый Ермачэнка паехаў у Расію, дзе двойчы быў асуджаны за забойствы — у Ніжагародскай вобласці і ў Краснадары.

У перыяд адбыцця пакарання па апошнім прысудзе (15 гадоў калоніі строгага рэжыму) следству стала вядома пра магчымую датычнасць Ермачэнкі да забойства сям’і ў Гомелі, а таксама да яшчэ двух забойстваў, учыненых у той жа перыяд у Беларусі. Следства сцвярджала, што Юрый Ермачэнка расправіўся з адным са сваіх саўдзельнікаў, баючыся раскрыцця, а таксама здзейсніў забойства грамадзяніна, які нелегальна гандляваў валютай. Крымінальная справа супраць Ермачэнкі разглядалася калегіяй прысяжных Акцябрскага раённага суда Краснадара, якая прызнала яго не датычным да двух апошніх злачынстваў. Па эпізодзе забойства сям’і ў Гомелі прысяжныя прызналі абвінавачанага вінаватым, але такім, што заслугоўвае змякчэння пакарання.

Штодзень

Слайдар пастоў