172 адвакаты працуюць у юрыдычных кансультацыях Гомельскай вобласці. Такія лічбы старшыня гомельскай абласной калегіі адвакатаў Аляксей Арцюховіч агучыў у эфіры рэгіянальнага тэлебачання.
«Мы працуем на сённяшні дзень толькі праз юрыдычныя кансультацыі, хоць раней мы маглі дзейнічаць і ў адвакацкіх бюро. Але па існым заканадаўстве гэта толькі юркансультацыі. У нас іх на тэрыторыі Гомельскай вобласці 25», – апісаў Арцюховіч сітуацыю.
Пяць з іх, паводле яго, знаходзяцца ў Гомелі, астатнія – у раёнах, таксама ёсць адна спецыялізаваная кансультацыя.
Адпаведна, у сярэднім на кожную кансультацыю прыходзяцца па 7 адвакатаў. Але на практыцы большасць з іх засяроджаныя ў абласным цэнтры (найбольш адвакатаў у Савецкім і Цэнтральным раёнах – больш чым па 20). Як мінімум у шасці раёнах вобласці (Брагінскім, Ельскім, Кармянскім, Лельчыцкім, Лоеўскім і Акцябрскім) адвакат адзін.
Аляксей Арцюховіч не змог адказаць на пытанне пра агульную статыстыку справаў, якія выйгралі і прайгралі адвакаты рэгіёна, палічыўшы выйгрышам змяншэнне сумы выплаты па справе для падсудзімага, а не апраўданне.
«Сказаць, што выйграць справу ў крымінальным працэсе ці не – дастаткова складана. Калі арыентавацца з такога фармату, калі дзяржаўны абвінаваўца запытвае ўмоўна 100 базавых велічыняў, ты знайшоў падыходзячыя словы, спаслаўся на заканадаўства і змог скараціць дадзеныя патрабаванні да 50 базавых, я лічу, што ў сваю чаргу гэта таксама перамога адваката», – адзначыў кіраўнік калегіі.
Улічваючы, што апраўдальныя прысуды ў Беларусі выносяцца скрайне рэдка, а ў палітычных працэсах амаль ніколі – наўрад ці, статыстыка будзе аптымістычнай.
Адвакаты сталі прафесійнай групай, якая заўважна пацярпела ад рэпрэсіяў пасля пратэстаў 2020 года. Шэраг з іх былі кінутыя за краты (Максім Знак, Аляксей Бародка, Юлія Юргілевіч і інш), шмат хто быў пазбаўлены права на прафесію пасля выключэння з калегіяў і пазбаўлення ліцэнзій. Адвакаты таксама былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі.