Кіраўніцай гомельскага радыё стала прапагандыстка з граматамі КДБ

Ганна Плахатнюк, якую прызначылі на месца галоўнага рэдактара Гомельскага гарадскога радыё, вядомая тым, што атрымлівала ўзнагароду за работу ад КДБ, калі затрымлівалі яе калегаў.

Прызначэнне Плахатнюк зацвердзіў сёння кіраўнік аблвыканкаму. Прапагандыстка папрацавала карэспандэнтам на гарадскім радыё, пасля ў абласным упраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і спецыялістам па сувязях з грамадскасцю Гомельскай абласной філармоніі. Новая пасада настолькі свежая, што яна ўсё яшчэ ў спісе супрацоўнікаў філармоніі.

Даволі цікава тлумачылася у Камітэце судовых экспертыз, чаму Плахатнюк захацела працаваць у ведамстве: “Ганну зацікавіла перспектыва працаўладкавання ў ваенізаванай структуры, няхай і цывільным тварам”.

Вядома таксама, што будучая прапагандыстка ў школе вучылася ў музычным класе, была пераможцай конкурсаў і алімпіяд гарадскога, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў: «Здравствуй, мир!» у намінацыі “Тэатральная творчасць”, конкурсу рытарскага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”, алімпіяд па беларускай мове, паэтычных і вакальных конкурсаў.

Яе маці Святлана Плахатнюк пры гэтым дырэктар сярэдняй школы №73, і ў 2024 годзе кантракт ёй працягнуў кіраўнік гомельскага гарвыканкаму.

Шмат што змянілася для Ганны Плахатнюк (Гардзеевай) на другім курсе філфака Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта: пачала працаваць на радыё і тэлебачанні, весці канцэрты. На трэцім курсе перамагла спачатку ў абласным, а пасля рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года”. (Прэзентавала работу “Гавары са мной па-беларуску”, якая была “прысвечаная больш глыбокаму ўкараненню роднай мовы ва ўсе сферы грамадскага жыцця”).

Студэнтка Плахатнюк у 2015 прызнавалася ў любові да беларускай мовы, умела гаварыць па-беларуску. Яна распавяла пра прапановы для праекта на конкурсе: “Я прапанавала ў месцах грамадскага адпачынку — кафэ, рэстаранах, клубах, іншых забаўляльных установах — рабіць зніжку наведвальнікам, якія размаўляюць па-беларуску. Праект яшчэ знаходзіцца на стадыі распрацоўкі, але маю ідэю ўжо ўзялі на ўзбраенне некалькі ўстаноў Гомеля. Як мне здаецца, гэта эфектыўны спосаб “прывучыць” гараджан да роднай мовы”. На жаль, “Штодню” нічога невядома пра спробы ўкаранення падобнай практыкі ў Гомелі.

Што цікава, Плахатнюк працягвала быць вядучай нават калі працавала ў Камітэце судовых экспертыз. Пытанне, ці атрымаецца працягваць практыку. У любым выпадку адпаведны акаўнт у інстаграме (хоць і закрыты) працягвае існаванне.

Ганна Плахатнюк таксама працавала ў 2023 годзе вядучай на рэгіянальным дзяржТБ “Беларусь 4 Гомель”.  Пра гэта ў кароткай афіцыйнай біяграфіі з нагоды прызначэння не паведамляецца. Тады яна пахвалілася граматай і падзякай, якія яна атрымала ад Гомельскага ўпраўлення КДБ і МУС Гомельскага аблвыканкама “за садзейнічанне”.

Прыкладна тады ж прайшлі затрыманні супрацоўнікаў “Беларусь-4 Гомель”. Падчас агульнага сходу супрацоўнікаў было затрымана 4 чалавекі. Па папярэдніх дадзеных, прычынай затрымання мог паслужыць удзел журналістаў у закрытым чаце. Па словах крыніц “Флагштока”, “адзін з удзельнікаў чату здаў яго карыстальнікаў супрацоўнікам міліцыі”.

Ці звязаныя затрыманні і атрыманне грамат прапагандысткай – невядома. У любым выпадку, можна сказаць дакладна, што Ганна Плахатнюк прайшла вялікі шлях, каб патрапіць на пасаду галоўнага рэдактара гарадскога радыё.

Штодзень

 

 

 

Related posts

Знік, але не прапаў. Дзе знайшоўся былы кіраўнік Гомеля Пётр Кірычэнка

Блогер Максім Філіповіч: ад героя пратэстаў да апалагета рэжыму

“Што ты х..ню нясеш!” Гісторыя сямейнага падраду ідэолагаў-міліцыянтаў Кацілаў