Дзяржаўныя СМІ Гомельшчыны паведамляюць пра паездку ў Хойніцкі раён намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Юрыя Шулейкі. Візіт высокапастаўленага лукашэнкаўскага чыноўніка быў прысвечаны, сярод іншага, падрыхтоўцы да 40-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і “перспектывам развіцця” тэрыторый, пацярпелых ад аварыі.

Асобная ўвага падчас паездкі была нададзеная Палескаму радыяцыйна-экалагічнаму запаведніку. Паводле афіцыйных паведамленняў, Шулейка абмяркоўваў з кіраўніцтвам установы пытанні пашырэння экскурсійных маршрутаў і развіцця турыстычнага кірунку. Такім чынам, зона адчужэння ўсё больш разглядаецца як аб’ект камерцыйнага выкарыстання напярэдадні круглай даты.
Акрамя таго, гаворка ішла пра мерапрыемствы, прымеркаваныя да 40-годдзя аварыі на ЧАЭС. Публічна не ўдакладняецца, ці будуць яны мець мемарыяльны характар, але ўжо цяпер відавочна, што акцэнт робіцца на інфраструктуру і “прэзентацыйны” складнік.
Асаблівую цікавасць у віцэ-прэм’ера выклікаў аператыўны цэнтр відэаманіторынгу запаведніка, які павінен быць інтэграваны з сучаснымі сістэмамі назірання з элементамі штучнага інтэлекту, якія выкарыстоўваюцца для ранняга выяўлення пажараў. Фактычна гаворка ідзе пра далейшае ўзмацненне лічбавага кантролю над тэрыторыяй, якая і без таго з’яўляецца адной з самых закрытых у краіне.
У запаведніку Юрыя Шулейку суправаджаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк. Ён таксама праінфармаваў чыноўніка пра працу мясцовай конефермы і зубрапітомніка — яшчэ аднаго элемента “экабрэндынгу” зоны адчужэння.

Такім чынам, на фоне набліжэння 40-годдзя Чарнобыльскай катастрофы ўлады дэманструюць два выразныя прыярытэты: камерцыйнае асваенне трагедыі і ўзмацненне сістэм кантролю.