Шмат год 13 студзеня у Гомелі моладзь ішла на Цэнтральны рынак калядаваць. Калядавалі не толькі там, але гэтае месца было важным пунктам: калядоўшчыкаў любілі мясцовыя гандляры, добра прымалі і шчодра адсыпалі пачастункаў, акрамя таго, абрад бачылі і шматлікія мінакі. Усё змянілася ў апошнія гады, улады, якія паслядоўна знішчалі грамадскую актыўнасць у Беларусі, заадно расправіліся і з гарадской традыцыяй.

Шчодры ў Гомелі
Традыцыйна ў Гомелі калядуюць/шчадруюць не на Раство, а на Шчодры («стары новы год»), увечары з 13 на 14 студзеня.
«Калядоўшчыкі – не проста людзі, а пасланцы Бога. Тыя, хто прыносяць радасць, дабрабыт. Ёсць нават легенды, што сам Бог прыходзіць на Каляды, але ніхто не ведае ў вобразе каго ён прыйдзе: дзяцей, бабулькі ці яшчэ каго. Небяспечна было не пусціць любога чалавека, бо гэта мог быць сам Бог», – распавядалі «Штодню» сябры ліквідаванай уладамі краязнаўчай арганізацыі “Талака” і культурныя дзеячы пра Каляды на Гомельшчыне.
У гарадах звычайна традыцыя была вельмі спрошчанай. Па кватэрах часцей за ўсё хадзілі дзеці, якія спявалі нейкую песеньку і прасілі цукерак. Сапраўдныя традыцыі захоўваліся дзякуючы актывістам, людзям, якія ўкладалі душу ў тое, каб Шчодры ў Гомелі працягваў жыць.
Знішчэнне Шчадравання
У асноўным размова ідзе пра ліквідаваную уладамі «Талаку», кіраўніцтва і актывісты якой праследуюцца ўладамі па палітычных матывах. Актывісты арганізацыі арганізоўвалі шчадраванне з сярэдзіны 1990-х да 2021 года. Пасля ліквідацыі талакоўцы спынілі традыцыю. У 2022-2023 гадах з казой, мядзведзем і калядкамі на рынак прыходзіў філіял Веткаўскага музея.
Апошняе на сёння калядаванне на рынку было ў 2024 годзе. Здымала яго мясцовае дзяржаўнае тэлебачанне. І апісанне было вельмі аптымістычнае, аўтары нагадвалі, што музей сярод арганізатараў ажно з 2013 года.
Але гарадскую традыцыю гэта не выратавала. У 2025 годзе шчодраванне на рынку знікла з раскладу. Веткаўскі музей публічна нічога не каментаваў, але 13 студзеня адправіўся запісваць відэа ў вёску Целяшы.
Нічога не змянілася і ў гэтым годзе. Анонса шчадравання ў Гомелі няма. Цяжка сказаць, чым Шчодрыкі перашкодзілі ўладам, але, падобна што, здарылася менавіта гэта. Фактычна, яны, высякаючы лес, не заўважылі, як знішчылі і гняздо чырвонакніжнай птушкі. Шмат якія народныя традыцыі да сёння існуюць не дзякуючы ўладам, а насуперак. І знікненне шчадравання на рынку ў Гомелі цудоўная гэтаму ілюстрацыя.