Як беларускай моладзі прамываюць мазгі пад відам экалагічных акцый  

by homieldays

Што кепскага, калі БРСМ пры падтрымцы Рускага дому прыбірае смецце? “Штодзень” распытаў у гомельскага актывіста Валерыя Сляпухіна, які раней праводзіў экалагічныя акцыі ў Гомелі, чаму брсмаўскае мерапрыемства не мае нічога агульнага з грамадскім актывізмам.

Шэраг рэгіянальных прапагандысцкіх выданняў адсправаздачыліся пра “захапляльны” квэст па ачыстцы тэрыторый, прылеглых да Абкамаўскага возера, ад смецця. Прыборку ажыццяўлялі актывісты БРСМ, якія быццам бы сабралі ў выніку акцыі да 1,5 тон смецця.

Фармат акцыі, як заяўляюць арганізатары, для горада над Сожам новы. Прыборка смецця праходзіць па правілах “Чыстых гульняў” – ініцыятывы, прыдуманай у расейскім Санкт-Пецярбургу. Паведамляецца, што з расейскім праектам “Чыстыя гульні” актывісты БРСМ пазнаёміліся ў РФ гэтай вясной, дзе падлеткам распавялі пра методыку і яны маглі паспрабаваць сябе ў якасці ўдзельнікаў.

Здаецца, у прыборцы смецця грамадскімі высілкамі няма нічога негатыўнага. Але ў выпадку з “Чыстымі гульнямі” ёсць нюанс: як і многія расейскія “сацыяльныя ініцыятывы” – гэта падкантрольнае ўладам мерапрыемства, якое фінансуецца РФ праз розныя фонды. Інакш кажучы, “Чыстыя гульні” – гэта своеасаблівы траянскі конь, калі арганізатары хаваюць сапраўдныя мэты, маскіруючы іх добрымі намерамі. Зрэшты, у Гомелі да правядзення акцыі меў дачыненне “Рускі дом”. “Штодзень” пацікавіўся ў грамадскага актывіста Валерыя Сляпухіна, які ў свой час арганізоўваў падобныя акцыі ў Гомелі, наконт яго стаўлення да расейскіх “Чыстых гульняў”.

Валерый Сляпухін:

– Клопат пра экалогію горада – гэта, відавочна, пазітыўная справа, бо экалагічная бяспека – адна з састаўных МУР (мэтаў устойлівага развіцця). Аднак нельга сказаць, што раней грамадзяне не прыбіралі гарадскія тэрыторыі ад смецця. Цягам многіх год былі розныя ініцыятывы сярод неабыякавых гомельцаў па ўпарадкаванні зялёных зон ды месцаў адпачынку, у тым ліку Абкамаўскага возера, пляжаў ракі Сож, Бабрыхі, Любненскага і іншых тэрыторый. Шмат смецця збіралася грамадскімі актывістамі падчас такіх акцый. Што да “Чыстых гульняў”, то гэта ўжо іншы ўзровень. Цяпер да гэтага дадаюцца элементы фінансава-палітычнай матывацыі, прычым арганізатарам нічога не пагражае. Небяспека ад падобных акцый – у тым, што людзі ўдзельнічаюць у такіх акцыях не ад чыстага сэрца, а выключна праз матэрыяльныя бонусы. Але ёсць іншая рызыка, што пад відам “экалагічных акцый” будзе адбывацца “прамыўка” мазгоў беларускай моладзі з боку расейскіх структур.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png