Навіны горада

“Я – выжыўшы сведка, таму яны мяне баяцца”. Леанід Судаленка пракаментаваў Штодню сваю “завочную крымінальную справу”

У дачыненні да вядомага праваабаронцы, былога палітзняволенага Леаніда Судаленкі, пачалі завочную крымінальную справу. Яму інкрымінаваны артыкул 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Леанід Судаленка Фота: з асабістай старонкі ў ФБ

Леанід Судаленка:

Яны такім чынам спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць, таму што я выйшаў з турмы і не маўчаў. Ужо на 100-ы дзень са дня майго вызвалення яны пачалі гэтую справу. Цяпер я, прынамсі, даведаўся, у чым мяне абвінавачваюць, таму што на мае ранейшыя запыты яны нават адказу не давалі. А цяпер ведаю, што па дзвюх частках гэтага артыкула мяне вінавацяць (у экстрэмізме). Калі казаць сур’ёзна, то я бачу, што яны максімальны тэрмін мне дадуць у 6 гадоў. Наступным крокам будзе, напэўна, пазбаўленне грамадзянства. Ну, а потым яшчэ, відаць, пачнуць чарговую спецвытворчасць па прызнанні майго факта нараджэння незаконным…

А ўвогуле ў іхняй сітуацыі перспектывы няма. На кароткачасовай дыстанцыі яны могуць сабе дазволіць такое бяспраўе. А калі ў краіну вернецца закон, зразумела, што ўсё гэта не будзе каштаваць нават паперы, на якой яны малююць усё гэта ў следчых камітэтах. Адно мяне толькі турбуе, што кароткая дыстанцыя зацягнулася. Нават калі мяне пасадзілі, я не думаў, што ўвесь тэрмін буду сядзець. А цяпер выходзяць на волю ўжо людзі, якія адбылі ў турме 4 гады. Зацягваецца гэтая дыстанцыя. Толькі гэта мяне хвалюе. А так дзякуй уладзе, што адзначыла мае заслугі ў чарговы раз. Буду працягваць далей.

Леанід Судаленка
— былы палітвязень, кіраўнік ліквідаванага ўладамі Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Больш за 20 гадоў займаецца праваабарончай дзейнасцю, аўтар траціны з усіх скаргаў на Беларусь у Камітэце ААН па правах чалавека, лаўрэат ордэна “Свабода-роўнасць-братэрства” Французскай Рэспублікі. Праваабаронца дапамагаў пісаць скаргі затрыманым падчас акцый пратэсту, абараняў у судзе звольненых “за палітыку” рабочых. Пасля падзей 2020 года быў абвінавачаны ў парушэнні народнага арт. 342 КК “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. За гэта яго адправілі на тры гады пазбаўлены волі ў калонію ва ўмовах агульнага рэжыму.

Штодзень