Навіны горада

“Іржавыя” хмызнякі замест каштанаў: як цэнтр Гомеля перастаў быць зялёным

Гомель традыцыйна лічыўся зялёным горадам. Але за апошнія гады сітуацыя кардынальна змянілася.

Гомель традыцыйна лічыўся зялёным горадам. У шатах яго каштанаў можна было знайсці паратунак ад сонца і нават дажджу. Але за апошнія гады сітуацыя кардынальна змянілася і цяпер цэнтральныя вуліцы засталіся толькі з імітацыяй сапраўдных дрэваў ды “іржавымі фэйкамі”. “Штодзень” выправіўся на вуліцу Савецкую і паспрабаваў разабрацца ў сітуацыі.

Раней і трава была зелянейшай, і дрэвы — вышэйшымі…

Старажылы памятаюць, што пытанню азелянення цэнтральных вуліц у Гомелі заўжды надавалася вялікая ўвага. Дрэвы дапамагалі не толькі абараніць мінакоў ад сонцу ці нават дажджу, але і змяншалі пыльнасць, узровень шуму на вуліцах і спрыялі паляпшэнню экалагічнай сітуацыі. Адным з нефармальных сімвалаў Гомеля нават паспелі стаць каштаны, якія раслі ўздоўж вуліцы Савецкай.

Вуліца Савецкая ў 1962 г. і сёння. Нават дзяржаўныя СМІ адкрыта прызнаюць праблемы з азеляненнем горада

 

Вялікаму гораду – маленькія дрэвы, або як пачалася туізацыя Гомеля

Але літаральна за два апошнія дзесяцігоддзі сітуацыя з зялёнымі насаджэннямі пачала імкліва змяняцца. “Крэпкія хазяйсцвеннікі” ва ўладзе прыйшлі да лагічнай высновы, што пераймацца за стан кожнага дрэва ў цэнтры горада – клопатная і дарагая справа. Значна прасцей выпрасіць сродкі на новыя пасадкі і прадэманстраваць такім чынам перад кіраўніцтвам свае гаспадарча-арганізацыйныя ўменні. Пры гэтым акцэнт ставіўся не на пасадцы сапраўды ўстойлівых відаў раслінаў, а часта на вонкавай эфектнасці.


Менавіта так у арсенал гарадскіх “азеляніцеляў” прыйшлі туі ды рабініі, з дапамогай выкарыстання якіх можна дамагчыся хуткага “зялёнага” візуальнага эфекта. Але ж заменай сапраўдным дрэвам гэтыя расліны служыць не могуць і гараджанам ад іх карысці мала. Да таго ж ва ўмовах гарадской нагрузкі яны часта хварэюць і адміраюць, яшчэ больш павялічваючы бетонныя пустэчы ў цэнтры горада. Некаторыя казалі пра невыпадковасць рашэнняў выкарыстоўваць менавіта “садовыя” віды раслінаў: непрыдатныя да росту ўздоўж вуліц горада расліны можна было мяняць раз за разам, прыбягаючы да “маскоўскай” практыкі засваення гарадскога бюджэту на неэфектыўных азеляняльных працах.


Каб вырашыць сітуацыю, гомельскія ўлады… не, не высадзілі новыя здаровыя дрэвы на цэнтральных вуліцах, а замовілі вялізныя бетонныя “кадкі” і пасадзілі ў іх туі. Цяпер гэтыя канструкцыі размяшчаюцца і на пл. Леніна. Па традыцыі, пра гэтыя расліны таксама не клапацяцца і праз адсутнасць рэгулярнага паліву і догляду большасць з іх цяпер маюць “іржавы” выгляд.

Петуніі ў кожны куток і пялёсткі руж на тратуарах

Безумоўна, гомельцаў такі падыход да іх горада зусім не радуе і пытанні азелянення рэгулярна трапляюць у ТОП самых гарачых падчас ўзаемадзеяння з уладай. Каб адцягнуць увагу гараджан ад гэтай ды іншых праблем, у апошнія гады назіраецца практыка выстаўлення цэлых “сценаў” вазонаў з петуніямі. Для іх прыдумляюцца адмысловыя канструкцыі і імі спрабуюць стварыць эфект вечназялёнага і ўсыпанага кветкамі горада. Горада, які нібыта можа сабе гэта дазволіць. Бо сапраўдны кошт такіх “відовішчаў” улады не разгалошваюць. Па ўскосных дадзеных з тэндэраў у 2020 г. на кветкавае хараство з бюджэта было выдзелена 214 тыс. рублёў, а сёлета кошт узляцеў ужо ажна да 400 тысяч. Багаты Гомель, багатыя людзі, можам сабе дазволіць! Пры такім падыходзе можна яшчэ трохі пачакаць і на дарогах пачнуць пакідаць пялёсткі ружаў…

Петуніі закрываюць у Піянерскім скверыку нават сумнеўныя ў эстэтычным плане інсталяцыі

 

Make Homel green again

Вярнуць сапраўдныя дрэвы на вуліцы Гомеля можна. Але гэта вымагае комплекснага і планамернага падыходу з боку гарадскіх уладаў. Неабходна ўлічваць кліматычныя змены і ўзровень нагрузкі на расліны на кожнай асобнай вуліцы і ўчастку пры выбары віда дрэваў. Адной з частых прычынаў аслаблення раслін было і вялікае выкарыстанне соляў для пасыпкі тратуараў і дарог узімку. Урбаністы і лекары ўжо даўно раяць адмовіцца ад гэтага падыхода. Вядома, што ў той жа Фінляндыі ці Эстоніі для барацьбы з лёдам і снегам на пешаходных сцяжынках выкарыстоўваюць гранітную крошку, якую потым збіраюць па вясне і выкарыстоўваюць зноўку.

У спякотнае лета ў цэнтры Гомеля практычна няма магчымасці схавацца ад сонца ў ценю дрэваў

 

Сённяшні падыход прыводзіць да бяздумнага марнавання гарадскога бюджэту, узнікнення вялікай колькасці “фэйкавых” зялёных вуліц і насаджэнняў, што ніяк не палепшае камфортнасць знаходжання ў горадзе для яго жыхароў і гасцей. Пры гэтым з пункту гледжання статыстыкі азеляненне Гомеля часта выглядае няблага, але дасягаецца гэта пасадкай на суботніках вялікай колькасці новых дрэваў на ўскраінах і ў парках, якія і так маюць багата раслінаў.

Застаецца спадзявацца, што калі-небудзь разумны падыход у развіцці горада зноў стане прыярытэтам і Гомель верне сабе сапраўдны статус зялёнага горада.

Штодзень

Аўтар: Юліян Доўгабародаў