Ілля Міронаў стаў лаўрэатам прэміі Аляхновіча за верш, напісаны ў турме

by ZB

Былы палітвязень з Гомеля Ілля Міронаў стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча за турэмную літаратуру. Прэмія абвяшчаецца Радыё Свабода і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Як паведамляюць арганізатары, усяго было абвешчана 6 пераможцаў і 8 лаўрэатаў за найлепшыя творы, напісаныя аўтарамі ў зняволенні. Штодзень звярнуўся да Іллі Міронава па каментар з гэтай нагоды.

Ілля Міронаў:
Гэтая навіна ў дажджлівы лістападаўскі ранак мяне прыемна здзівіла, надала сіл і энергіі. Заяўку на ўдзел у конкурсе я вырашыў падаць пасля фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які прайшоў у Вільні 14-15 кастрычніка. Асабліва я не спадзяваўся ўбачыць сябе сярод лаўрэатаў, паколькі ў зняволенні многія пішуць апавяданні і вершы. Таму рады быць сярод такіх годных аўтараў, лаўрэатаў гэтай прэміі. Журы адзначыла турэмныя нататкі і верш Іллі “Думаеце, такога не бывае?”, у якім ён адлюстраваў свае эмоцыі падчас знаходжання за кратамі.

Штодзень: Распавядзіце пра гісторыю напісання верша?

Міронаў: 30 верасня 2021 года мяне брутальна затрымалі супрацоўнікі КДБ па “справе Зельцара”, змясцілі ў турэмныя засценкі СІЗА-3 Гомель, дзе я правёў доўгія 389 дзён у чаканні суда. Каб не звар’яцець, як і большасць асоб, якія знаходзяцца ў СІЗА, займаўся творчасцю, пісаў эсэ, турэмныя нататкі і вершы, у тым ліку і прадстаўлены на прэмію турэмнай літаратуры імя Францішка Аляхновіча верш “Думаеце, такога не бывае?” Увосень у адной з турэмных камер, ужо не памятаю ў якой, адна змянялася на іншую, успрымаючы навакольнае становішча як страшны сон, на эмоцыях прыходзілі нейкія думкі, словы, выявы, якія выліваліся ў творчасць. Адзіным праменьчыкам святла для мяне былі лісты салідарнасці, якія мяне вельмі падтрымлівалі і дадавалі сіл вытрымаць выпрабаванні! У сваім вершы я звяртаўся да ўсіх людзей, якія знаходзяцца на волі. Я заклікаў не маўчаць, а дзейнічаць і перамагаць! Паглядзець на сябе і адказаць, шчыра, смела і свабодна, на што здольныя!? Што кожны з нас не быдла, не народзец, як імкнецца прадставіць нас дыктатарскі рэжым, а вольныя людзі. І толькі ад кожнага з нас залежыць, як хутка мы зможам перамагчы гэты тэрарыстычны рэжым і пабудаваць Свабодную Беларусь!

Дзе ўпершыню прагучаў гэты верш?

Верш “Думаеце, такога не бывае?” я прэзентаваў 24 кастрычніка ў крэатыўнай прасторы CreateCulture Space у Вільні, на творчай вечарыне “Ноч беларускай паэзii“, напярэдадні ночы расстраляных паэтаў. Мой выступ аказаўся для прысутных (а быў аншлаг) прыемным сюрпрызам, бо я не быў заяўлены ў праграму і скарыстаўся свабодным мікрафонам, дзе таксама прачытаў верш палітвязня Андрэя Аляксандрава, які атрымаў ад яго ў адным з лістоў, атрыманых яшчэ ў 2021 годзе. Мой выступ быў падтрыманы гучнымі апладысментамі.

Другі раз я зачытаў свой верш на літаратурна-музычнай вечарыне “Ноч паэтаў”, якая прайшла ў гасцёўні Беларускай Рады Культуры 27 кастрычніка. Зноў скарыстаўшыся фарматам вольнага мікрафона. І непасрэдна 29 кастрычніка, на мерапрыемстве памяці (не)расстраляных паэтаў, у Вільні на розных пляцоўках, тройчы прачытаў.

 

Думаеце, такога не бывае?

Лічыце, што вас не датычыцца?

Але рэжым за кратамі неба хавае

Высокае, без аблокаў,

Страчана шмат, ці ў вас нічога не лічыцца?!

Думаеце, што час жыцця зняволеных вернецца?

Упэўнены, што самі здольны на шмат чаго, пакуль на волі?

Але, пакуль вы маўчыце – нічога не зменіцца,

У гэтым тэатры жыцця абралі сабе вы не тую ролю….

Верыце, што нехта іншы прыйдзе, ды краты зламае?

З’явіцца выратавальнік й зруйнуе муры з бетону?

Але ўласныя турботы для вас цікавей – так бывае,

Калі мэты няма, і калі не хочацца справядлівых й добрых законаў….

На што здольны вы сёння? Адкажыце! Толькі самі сабе,

Шчыра, смела і вольна!

Ведаю, што на моўчкі трываць і сядзець, прывыкаць….

А яшчэ на што здольны?!

У дадзены момант Ілля вучыцца на аддзяленні журналістыкі ў ЕГУ ў Вільні, займаецца грамадскай дзейнасцю і працуе над аўтабіяграфічнай кнігай, у якой плануе падрабязна распавесці пра рэпрэсіі ў Беларусі.

Прэмія турэмнай літаратуры імя Францішка Аляхновіча была заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам супольна з Радыё Свабода. Лаўрэатамі гэтай прэміі ў розны час былі такія вядомыя беларусы: Ігар Аліневіч, Алесь Бяляцкі, Дзмітрый Дашкевіч, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп і многія іншыя грамадскія дзеячы.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png