Навіны горада

Гомельскі абласны суд узначаліў суддзя, які вёў працэс Сяргея Ціханоўскага

Калектыву Гомельскага абласнога суда прадставілі новага старшыню. На гэтае месца прызначаны былы кіраўнік суда Чыгуначнага раёна Мікалай Бакуноў, які замяніў Сяргея Шаўцова. Апошняга панізілі да пасады першага намесніка старшыні.

Цікава, што новапрызначаны суддзя тры месяцы вёў закрыты судовы працэс па так званай справе Сяргея Ціханоўскага. Але падчас разгляду справы яго нечакана перавялі ў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Выносіць жорсткія прысуды фігурантам справы давялося ягонаму калегу Мікалаю Долю.

Працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і іншымі актывістамі

Судзебная кар’ера Мікалая Бакунова пачынаецца ў 2008 годзе ў Жлобіне. Менавіта там ён вынес першае “палітычнае” рашэнне. Праз нейкі час яго перавялі ў Гомель, дзе ён таксама адзначыўся вынясеннем прысудаў апанентам улады. У прыватнасці, ён адпраўляў на суткі жлобінскага палітыка Валерыя Рыбчанку за арганізацыю “незаконных масавых мерапрыемстваў”, штрафаваў актывіста Уладзіміра Няпомняшчых, таксама спрычыніўся да пераследу незалежнага журналіста Кастуся Жукоўскага. У 2017 годзе ён пакараў штрафам сябра незалежнага прафсаюза РЭП Віктара Казлова за “нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы”. Справа атрымала рэзананс, улічваючы, што прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці грамадзянін пасля аперацыі на горле (па прычыне анкалогіі) мог размаўляць толькі шэптам.


Людзі, якія сутыкаліся з суддзём Бакуновым, характарызуюць яго “чалавекам выканаўчым, які вынясе прысуд такі, “які трэба”.

Штодзень