Ілля Міронаў паскардзіўся на праўладны тг-канал “Жёлтые сливы”

by ZB

Скаргу гомельскага валанцёра Іллі Міронава на таксічны паблік “Жёлтые сливы” зарэгістравалі ў Міністэрстве інфармацыі. Пра гэта аўтар звароту дазнаўся з адмысловага апавяшчэння на свой мабільны тэлефон.

Ілля Міронаў звярнуўся ў Мінінфармацыі па прычыне таго, што ў канцы лістапада 2022 года прапагандысты апублікавалі матэрыял паклёпніцкага характару, у якім у якасці ілюстрацыі выкарыстоўваліся скрыншоты з асабістай старонкі валанцёра “Укантакце”. Тэкст суправаджаўся зневажальнымі каментарыямі на адрас Іллі Міронава. У прыватнасці, невядомы аўтар выкарыстоўваў у дачыненні да актывісты словы: “падла”, “дармаед”, “дэгенерат”, “графаман”… “Вывучыўшы дадзены тэлеграм-канал, можна зрабіць выснову пра тое, што пацярпелым ад аўтара канала стаў не толькі я. У гэтым канале пастаянна публікуюцца паведамленні з абразамі на адрас людзей, якіх аўтар аб’ядноўвае ў групу “змагары”. Аўтар дыскрэдытуе і ставіць у прыніжальнае становішча пэўную сацыяльную групу грамадзян, тым самым здзяйсняе дзеянні, скіраваныя на распальванне варажнечы, нянавісці і прыніжэнне групы асобаў па прыкмеце прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы”, — зазначае аўтар скаргі.

Ілля Міронаў бачыць у фармаце падачы інфармацыі на праўладным канале прыкметы здзяйснення крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 КК РБ (распальванне варажнечы), за які прадугледжана пакаранне да 5 год турмы. Таксама, на думку аўтара скаргі, дзеянні аўтараў каналу можна кваліфікаваць на аснове арт. 1 Закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. У адпаведнасці з вышэйазначаным Ілля Міронаў патрабуе выдаліць паведамленне, якое абражае яго і іншых беларусаў, а таксама вынесці пісьмовае папярэджанне аўтару тг-канала “Жёлтые сливы”.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png