Не ўсе беларускія цукеркі аднолькава карысныя

by ZB

Шмат каго зацікавіла навіна пра пратэінавыя цукеркі без цукру ад Камунаркі. Штодзень вырашыў спраўдзіць, ці з’явіўся ўжо незвычайны слодыч у гомельскіх крамах, наколькі ён смачны і, канешне ж, з чаго ён зроблены і ці сапраўды ў ім ёсць нешта карыснае.

Нам пашчасціла. У продажы пратэінавыя цукеркі ўжо ёсць. Кошт каля 26 рублёў. Смак не салодкі, даволі прыемны, лёгкія арэхавыя ноткі. Колер белы, то бок тартага какава ці парашку какава ў цукерках няма. Цукеркі раяць прыхільнікам здаровага ладу жыцця. На сайце вытворцы напісана, што гэта карысная і бяспечная для нашага арганізма ежа (дарэчы, Камунарка мае беларускамоўную версію сайта, але падобна, што абнаўляецца яна даволі рэдка, там інфармацыі пра пратэінавыя цукеркі яшчэ няма).

Крыніца: www.kommunarka.by

Як зразумець, ці адпавядае рэклама рэчаіснасці? Здавалася б, вельмі проста: трэба чытаць складнікі. Але насамрэч гэта зусім не проста, бо “Камунарка” не публікуе на сайце такую інфармацыю, і на абгортках нічога не напісана. Адзіная магчымасць даведацца, з чаго робяцца цукеркі – спытаць у вытворцы. Вось адказ:

Прааналізуем, што тут можа быць карыснага. У цукерках 22% пратэіну – бялковага парашку. Пратэін папулярны сярод аматараў здаровага ладу жыцця, бо ён дазваляе кампенсаваць недахоп у рацыёне расліннага бялка (мала хто ўжывае ў дастатковай колькасці арэхі, грыбы, ці бабовыя, якія кампенсавалі б недахоп натуральным чынам, а раслінны бялок з грэчкі засвойваецца вельмі дрэнна). Але пратэін бывае не толькі раслінны (з соі ці канопель), але і жывёльны (з малочнай сыраваткі, яек ці ялавічыны). Пад карысным пратэінам маецца на ўвазе менавіта раслінны, бо, па-першае, сучасны чалавек і так спажывае залішне жывёльных бялкоў, па-другое, каб атрымаць жывёльны бялок, лепей з’есці натуральнага мяса ці тварагу, а не парашок.

Які пратэін у цукерках ад Камунаркі? Жывёльны (адзіны складнік, з якога ён можа быць зроблены, – малочная сыраватка). На жаль, гэта не той пратэін, які раяць нутрыцыёлагі для сбалансавання рацыёну.

Ідзем далей. Чаго ў гэтых цукерках больш за ўсё? Таго, што першым пазначана ў складніках – кандытарскага тлушчу. Часцей за ўсё ў кандытарскіх вырабах выкарыстоўваюць самы танны тлушч – раслінны алей. Канешне ж, гэта не алей халоднага адціскання, цалкам натуральны прадукт, які змяшчае карысныя кіслоты, вітаміны і мінералы. Гэта адціснуты прамысловым метадам, а потым яшчэ і гідрагенізаваны алей. Структура малекул такога алею прамыслова зменена, у выніку чаго ў ім утвараюцца транізамеры і тлустыя кіслоты, якія чалавечы арганізм не здольны перапрацаваць. Яны склейваюць крывяные клеткі, утвараюць тромбы, павялічваюць колькасць шкоднага халесцярына ў крыві. Калі ўжываць такі тлушч рэгулярна (ён ёсць у большай частцы прамыслова прыгатаванай ежы), шматкроць павялічваецца рызыка атрымаць цукровы дыябет, анкалагічныя захворванні, імпатэнцыю і цяжцасці з зачаццем, ішэмічныя захворванні сэрца, інфаркт, і г.д.

Сама Камунарка не пазначае, які алей яна выкарыстоўвае ў сваёй вытворчасці. Але на сайце belprodykt.ru, праз які тавары з РБ рэалізоўваюцца ў суседняй краіне, можна даведацца, з чаго ж робяцца беларускія цукеркі. І што мы бачым? Тое, што нашыя слодычы дагэтуль робяцца па рэцэптуры, як у СССР, – не больш за міф. Адныя з самых папулярных камунаркаўскіх цукерак – Беларускія – нават не з’яўляюцца шакаладнымі, бо какава-алей заменены больш таннымі аналагамі (шакалад робіцца з сумясі какава-алею і тартага какава, а не з какава-парашку).

Магчыма, кандытарскі тлушч у пратэінавых цукерках, як у значна даражэйшых, больш натуральны, чым у Беларускіх. Але можа быць і так, што высокі кошт абгрунтаваны папулярнасцю здаровага харчавання, а не складнікамі.

Цукру ў пратэінавых цукерках, сапраўды, няма. Але ёсць мальціт. Ён менш шкодны, чым цукар, з пункта гледжання глікемічнага індэкса, але, пагадзіцеся, такі хімічны выраб цяжка назваць здаровым харчаваннем.

Такім чынам, пратэінавыя цукеркі – гэта самы звычайны прамысловы дэсерт. Калі вам хочацца паласавацца, можаце іх набыць. Але не чакайце ад іх некай карысці для здароўя.

Але не спяшайцеся рабіць выснову, што ўсё, што робіцца на фабрыках, складаецца з нейкай хіміі і не надаецца да ўжывання ў ежу. Калі пашукаць, у беларускіх вытворцаў можна знайсці і зефір, і мармелад, і шакалад, якія робяцца з натуральных складнікаў. Напрыклад, у той жа Камунаркі ёсць добры горкі шакалад.

Калі прытрымлівацца нормы салодкага ў дзень (для шакалада гэта 20 гр), такім дэсертам можна частавацца, не баючыся за здароўе.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png