Ураджэнка Казахстана Дыяна, якая жыве ў Гомелі і кажа, што мае беларускія карані, падзялілася ў Threads радасцю: нарэшце атрымала беларускае грамадзянства. “+1 беларуска”, — напісала яна. Допіс набраў амаль 100 тысяч праглядаў. Адны віншавалі, іншыя тут жа адкрылі ў каментарах прыёмную камісію: пачалі высвятляць, дзе трэба нарадзіцца і на якой мове гаварыць, каб звацца беларусам.
Фота: аўтарка паведамлення
Нагода для радасці ў Дыяны сапраўды ёсць. Іронія ў дзяржаўным кантрасце: адным Беларусь дае грамадзянства, а для іншых улады яшчэ ў 2023 годзе прадугледзелі магчымасць яго страты, нават калі яно атрыманае па нараджэнні. Гэтая норма датычыцца людзей за мяжой, асуджаных у Беларусі па шэрагу артыкулаў, у тым ліку за так званую “экстрэмісцкую дзейнасць”. А некаторых палітвязняў пасля вызвалення ўлады прымусова вывозяць з краіны. Без пашпартоў. Тут ужо ніхто не пытаецца, ці хочуць яны застацца дома.
Дыяну віншавалі, але крытычных рэплік таксама хапала. Адны нагадвалі, што грамадзянства — гэта яшчэ і абавязкі. Іншыя прыгадвалі савецкія часы, калі людзей перакідвалі з адной рэспублікі ў іншую, і ставілі пад сумнеў, што месца нараджэння само па сабе вырашае, хто ты. А нехта спытаў без доўгіх прадмоў: “Дык у чым плюсы?”
Прыводзім некалькі тыповых каментароў:
“Беларускай станеце, калі пачнеце стала карыстацца беларускай мовай і прымеце беларускую культуру”.
“Быць беларускай — вялікая адказнасць! Трэба шанаваць мову, культуру, гісторыю і традыцыі нашай краіны!” Далей аўтар піша, што беларускасць — гэта прыналежнасць да еўрапейскай цывілізацыі, якая стагоддзямі фармавалася на нашых землях, і жадае Дыяне хутчэй прайсці свой шлях да яе: “Быць беларускай — гэта не проста трымаць пашпарт нашай краіны ў руцэ, гэта стан душы, свядомасці, розуму!”
Пра савецкія перасяленні: “На казашку ты не надта і падобная. Калі табе менталітэт Беларусі даспадобы і ты лічыш яго сваім, то чаму б і не? Хутчэй за ўсё, карані ў цябе адтуль. Пры саўку шмат каго падманам рассялялі па ўсім Саюзе”. Дыяна адказала: “Я беларуска, проста нарадзілася ў Казахстане”.
У адказ на “+1 беларуска”: “Мінус адзін беларус. Атрымаў дазвол на пастаяннае пражыванне ў Еўрасаюзе :)”.
Пра мову: “Ну так, усё правільна — беларуска. А вось калі б ты размаўляла і чула беларускую мову — вось тады і была б сапраўднай беларускай”. “А вы сапраўдны?” — спытала Дыяна. “Вы атрымалі грамадзянства днямі, а я тут нарадзіўся, вырас, аддаў доўг радзіме і жыву тут”, — адказаў каментатар. “І што, чым мы адрозніваемся, апроч месца нараджэння?” — не адступала Дыяна. “Веданнем другой дзяржаўнай мовы?”
Як атрымліваюць беларускае грамадзянства
Пяць гадоў з дазволам на пастаяннае пражыванне — агульная ўмова для падачы заявы на прыём у беларускае грамадзянства. Для беларусаў і іхніх нашчадкаў, якія нарадзіліся за межамі краіны, гэты тэрмін могуць скараціць або не прымяняць. Заяву падаюць на імя прэзідэнта праз падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі. Від на жыхарства сам па сабе грамадзянства не дае.
У Дыяны ВНЖ быў з 2014 года, але калі яна падала заяву і па якой працэдуры атрымала грамадзянства, з допісу невядома. У каментарах яна пацвердзіла, што ёй давялося адмовіцца ад грамадзянства Казахстана.