У пойме Сожа знайшлі хахулю — від, які лічыўся зніклым у Беларусі

У пойменных вадаёмах Сожа на Гомельшчыне і Магілёўшчыне выявілі невялікую папуляцыю хахулі. Пра знаходку паведамляе фэйсбук-паблік “Дзікая прырода ў сэрцы”. У 1993 годзе гэты від выключылі з Чырвонай кнігі Беларусі як зніклы на тэрыторыі краіны.

Рэліктавы від Хахуля, які лічыўся зніклым у Беларусі. Фота: Klaus Rudloff, CC BY 4.0 Wikimedia Commons

Вадаёмы абследавала вядучая навуковая супрацоўніца НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Ірына Крышчук разам з заолагамі Марыяй і Аляксандрам Ануфрэнямі — спецыялістамі па хахулі з Окскага біясфернага запаведніка ў Расіі.

Паводле паведамлення, прысутнасць жывёлы вызначылі па слядах яе жыццядзейнасці, у прыватнасці — характэрна разгрызеных ракавінах прэснаводных малюскаў. Убачыць саму хахулю складана: яна вядзе пераважна водны лад жыцця. Гістарычныя звесткі пра знаходкі хахулі ў Беларусі адносяцца да пачатку ХХ стагоддзя, калі яе фіксавалі ў басейне Дняпра. Дакладная дата апошняй пацверджанай рэгістрацыі перад цяперашняй знаходкай патрабуе ўдакладнення.

Як распазнаць прысутнасць хахулі

Аўтары паведамлення просяць жыхароў басейна Сожа звяртаць увагу на наступныя прыкметы:

  • Падводныя баразёнкі шырынёй 12–15 сантыметраў, якія цягнуцца па дне ад падводнага ўваходу ў нару.

  • Сцежкі дробных бурбалак паветра пад лёдам, якія ідуць упоперак старыцы, а не ўздоўж берага, як у андатры.

  • Рэшткі малюскаў на карчагах — купкі ракавін бруханогіх малюскаў з характэрна разгрызеным вусцем альбо цэлыя, але пустыя створкі двухстворкавых малюскаў.

  • Сляды на вільготным прыбярэжным глеі. Заднія лапы хахулі значна большыя за пярэднія, пальцы злучаныя плавальнымі перапонкамі. Паміж адбіткамі можа заставацца след хваста, сплюшчанага з бакоў.

Пра падобныя знаходкі просяць паведамляць пабліку “Дзікая прырода ў сэрцы” або ў НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Гэта дапаможа вызначыць месцы пражывання рэдкай жывёлы і абгрунтаваць неабходнасць іх аховы.

Штодзень

Related posts

Рамонт без клопату пра людзей: на Савецкай у Гомелі пешаходаў пакінулі сярод бруду і лужын

Замест дарогі на мора — перадача целаў загінулых. У Новай Гуце адбыўся чарговы абмен

На Гомельскі хімзавод прывезлі амерыканскага госця. ДзяржТБ зрабіла з яго “былога сенатара”