Большасць людзей праходзіць міма старых кніг, не задумваючыся, якія таямніцы могуць хавацца ў іх пераплётах. Але часам менавіта там знаходзяцца рэчы, здольныя перапісаць гісторыю. Навуковец з Гомеля адшукаў фрагменты выданняў Францыска Скарыны, якія лічыліся страчанымі, і цяпер марыць пра тое, каб яны калі-небудзь вярнуліся ў Полацк. Пра паляванне на кніжныя скарбы, еўрапейскія архівы, беларускую навуку і дзіўныя шляхі, якімі гісторыя вяртаецца да нас праз стагоддзі, — чытайце ў новым інтэрв’ю Штодня з Аляксандрам Паршанковым.
Аляксандр Паршанкоў. Фота: архіў героя матэрыяла
– Наколькі вялікае значэнне ў вашым жыцці адыграў Гомель? Што вы пра яго памятаеце? І ці ў Гомелі вы пачалі цікавіцца навукай?
– Гомель адыграў вельмі істотную ролю ў маім станаўленні, таму што мяне фактычна выхавалі бібліятэкі, менавіта гомельскія, куды я прыходзіў як дадому. Там у мяне былі добрыя сувязі з супрацоўнікамі, заўсёды была падтрымка і ў гарадской, і ў раённай, і ў дзіцячай бібліятэцы.
Дзякуючы бібліятэчным конкурсам я нават аднойчы выйграў конкурс “Найлепшы чытач дзіцячых кніжак”. Гэта было дзесьці 2010-ы. Там я пазнаёміўся з Васілём Ткачовым, гомельскім беларускім пісьменнікам. Гэта была магчымасць сутыкацца з беларускай мовай, таму што Гомель, як мне падаецца, не вельмі лаяльны і талерантны да яе. А праз бібліятэкі і гэтае асяроддзе мне ўдалося выхавацца ў беларускім духу.
З навукай сітуацыя іншая. Менавіта ў Гомелі я, калі быў у школе, удзельнічаў у навуковых конкурсах для моладзі, але абсалютна не разумеў ні што такое навука, ні як выглядае сур’ёзная гуманітарная бібліятэка з вялікімі зборамі. Гэтае знаёмства адбылося ўжо на першым курсе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Калі падсумаваць, мне Гомель даў магчымасць стартаваць у беларускім дыскурсе. У мяне заўсёды было прыязнае стаўленне да беларускай мовы і разуменне, што беларуская культура і мова — гэта маё, і я хачу жыць у гэтай прасторы.
Аляксандр Паршанкоў з Адамам Мальдзісам
– Наконт Гомеля яшчэ некалькі словаў. Як вы думаеце, чым Гомель як абласны цэнтр адрозніваецца ад іншых гарадоў? У вас была магчымасць параўнаць?
– Мне падаецца, што Гомель не карыстаецца сваім патэнцыялам як буйны горад, другі па значнасці ў Беларусі. Я як шкаляр, які там вучыўся і нарадзіўся, заўсёды цікавіўся ўсім, што адбываецца, але не памятаю нейкіх значных мерапрыемстваў ці сустрэч. Я кажу пра дзяржаўныя інстытуцыі, не андэрграунд, бо да яго ў мяне не было доступу.
Адрозненне такое: Гародня і Віцебск больш апелююць да сваёй спадчыны — Гародня як каралеўскі горад, Віцебск як горад Шагала. А Гомель – гэта горад, фактычна збудаваны Румянцавымі, і гэта дзяржаўны падыход: маўляў, раней нічога не было.
Так, гэты “Го! Мель!” Могуць быць нейкія старажытнарускія легенды ці казкі, але, мне падаецца, што ў параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі Гомель недапрацоўвае ў плане вывучэння сваёй спадчыны і разумення сваёй ролі ў беларускай дзяржаве.
– Вы казалі, што беларуская мова прыйшла да вас у Гомелі. Як гэта было? Ці пачалі вы размаўляць па-беларуску ў Гомелі, і як ставіліся да гэтага навакольныя? Ці мова была толькі ў бібліятэках?
– Мне пашанцавала з настаўнікамі. Расейскую мову мне выкладалі не заўсёды тыя, з кім хацелася б працягваць стасункі. А беларускую мову выкладалі вельмі добрыя людзі. У мяне ёсць успаміны, як я сяджу на занятках і акунаюся ў прастору старажытнасці, літаратуры. Гэтае казачнае ўспрыняццё беларускага ў мяне адтуль, са школы.
У сям’і не размаўлялі. Больш за тое, адна з маіх бабуль увогуле адмаўляла беларускую мову і казала: “Клічнік і назоўнік! Як выкладаць матэматыку на беларускай мове? Гэта немагчыма!”. І вось насуперак гэтаму школа дала мне акурат такое прыязнае стаўленне. Я размаўляў у школе на беларускай мове не толькі на ўроках беларускай мовы, але і спрабаваў праводзіць факультатыўныя заняткі. Мяне таксама прасілі выступаць перад класам і расказваць пра вялікіх матэматыкаў, бо ў нас быў матэматычны клас. Некалькі разоў я рабіў даклады па-беларуску.
Мая мова тады, можа, была крыху штучная, яна і цяпер не вельмі дасканалая, але гэта ўспрымалася нармальна. Мне проста казалі: “Зрабі гэта па-беларуску”. Не магу сказаць, каб гэта было “Ваў!” – ці кагосьці гэта цікавіла. Але і не было такога: “Не-не-не, толькі не беларуская мова. Нам гэта нецікава! Не будзем слухаць!” Абсалютна прымальнае стаўленне, што мяне дагэтуль здзіўляе.
– А як вы прыйшлі ў навуку?
– У навуку я прыйшоў праз зацікаўленасць кніжкамі, старымі кніжкамі і гісторыяй. Яшчэ з дзіцячага садка у мяне была зацікаўленасць гістарычнымі артэфактамі. Я памятаю, як настолькі выносіў мазгі персаналу садка, што мне нават прыносілі манеты. Мне дарылі нешта некаштоўнае з XX стагоддзя, а таксама паказвалі манеты XVIII стагоддзя: “Вось паглядзі, Саша, такія пятакі «кацярынінскія»”. У мяне заўсёды было зацікаўленасць гісторыяй.
Потым пачаліся алімпіяды. Я ўдзельнічаў у алімпіядах па гісторыі з пятага класа, паступова пераходзіў з класа ў клас і пачаў перамагаць. У дзясятым класе я быў абсалютным пераможцам алімпіяды па гісторыі ў рэспубліцы. З дзявятага класа нас пачалі запрашаць ва ўніверсітэт на курсы падрыхтоўкі, і так я пазнаёміўся з выкладчыкамі Гомельскага ўніверсітэту.
Там ужо быў зусім іншы ўзровень. Я больш і больш разумеў, што такое мая навука, што такое гісторыя як навука. Але ў Гомелі ў мяне ніколі не было настаўніка ў навуцы. Была настаўніца жыцця – настаўніца гісторыі, якую я вельмі люблю і паважаю, але яна была для мяне хутчэй настаўніцай жыцця, а не настаўніцай менавіта навукі і разумення гісторыі.
Мне дапамог Веткаўскі музей. Аднойчы, яшчэ ў школьныя часы, мне падарылі старую кніжку, і я пачаў грызці зямлю, што гэта за выданне, бо не было ні пачатку, ні канца, а кніга выглядала вельмі старой. У музеі мне сказалі: “Паглядзіце, там могуць быць вадзяныя знакі, па іх можаце адшукаць”. Мне гэтая парада прыдалася. З гэтай гісторыі пачалася мая зацікаўленасць тэмай кнігі. Я знайшоў гэтыя вадзяныя знакі, адшукаў каталогі ў інтэрнэце і зразумеў, што гэта выданне з XVII стагоддзя. Тады я яшчэ не змог дакладна атрыбутаваць яго, але пазней у Менску высветлілася, што гэта кніжка 1618 года.
Аляксандр Паршанкоў падчас вучобы ў БДУ
– Як атрымалася так, што вам давялося з’ехаць з Беларусі?
– Я выехаў з Беларусі праз палітычны пераслед. Я быў актывістам у Беларускім дзяржаўным універсітэце, скончыў вну, пасля магістратуру. Калі я яе скончыў, пачаліся пратэсты. Я актыўна ўдзельнічаў у іх, быў стваральнікам прафсаюза студэнтаў БДУ.
У мяне былі цяжкасці з абаронай магістарскай працы, бо, па чутках, у справу ўмяшаліся палітычныя актары. На мяне напісалі вельмі адмоўную рэцэнзію, прапаноўвалі паставіць тры балы ці нават менш. Тым не менш мне ўдалося абараніць працу, але было сказана негалосна: “Паршанкову рэкамендацыю ў аспірантуру ніхто не дасць” – і каб мяне больш нідзе не бачылі. Паралельна мяне звольнілі з Акадэміі навук, дзе я працаваў на чвэрць стаўкі.
Стала зразумела, што мой шлях у навуцы ў Беларусі скончыцца. Але мой калега, а цяпер сябра Ілля Лямешкін, тады дацэнт Карлавага ўніверсітэта, параіў падацца ў Карлаў універсітэт, здаць экзамены і працягваць навучанне ў дактарантуры.
У 2020 годзе я зразумеў, што ў Беларусі ў мяне няма ніякіх шанцаў заставацца. Я проста апынуўся б у турме, як і дзясятак маіх сяброў, і вырашыў з’ехаць. Здаў іспыты, атрымаў чэшскую візу, здаў іспыты і восенню 2021 года ўцёк з Беларусі. Тады гэта не былі яшчэ паўнавартасныя ўцёкі, я паехаў праз Маскву і так выехаў з Беларусі. Але фактычна гэта было ўцякацтва.
– На якім этапе тады знаходзілася ваша навуковая тэма і ці атрымалася яе працягнуць у Празе?
– Мая навуковая тэма ад першага курсу была звязаная з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага, прычым з інтэлектуаламі, летапісамі і пісьмовай культурай. Паступова я займаўся самапрэзентацыяй перапісчыкаў кніг, пасля перайшоў да самапрэзентацыі Францыска Скарыны. З 2020 года ўжо прафесійна займаюся Скарынам, ягонымі выданнямі і крыніцамі ягонай Бібліі.
Прага, Карлаў універсітэт далі мне неверагодныя магчымасці працягваць даследаванні. Скарына дзейнічаў у еўрапейскім кантэксце, а ў Беларусі вельмі мала крыніц, арыгінальных матэрыялаў і літаратуры па гэтай тэме. Тут Еўропа адчыніла перада мной усе дзверы. Я змог не толькі пазнаёміцца з усімі спецыялістамі, якія ў Еўропе займаюцца Скарынам, але і сам знайшоў арыгінал скарынаўскага выдання, што дапамагло мне ў напісанні доктарскай.
– Многім, хто гэтым не займаецца, падаецца, што пра старажытныя матэрыялы ўжо ўсё знойдзена. Як атрымліваецца, што нават праз стагоддзі знаходзяцца новыя матэрыялы, і нешта новае можна знайсці?
– Гэта слушная заўвага. Мне заўсёды казалі на гістарычным факультэце: “Які Скарына? Пра Скарыну ўсё вядома”. Але магу сказаць як спецыяліст, што гэта абсалютна не так. Крыніцы знаходзяцца паступова, бо ёсць шмат матэрыялаў, якімі ніхто не займаўся, проста не было часу.
Шмат каму падаецца, што навука — гэта нешта простае: сеў, знайшоў, напісаў, апісаў, пайшоў далей. Насамрэч – гэта вельмі працаёмкі занятак. Трэба ўвесь час трымаць у галаве вялізны масіў інфармацыі. Як толькі ў цябе паўза на тыдзень ці два, пачынаеш забываць нешта, губляюцца сувязі, знікаюць ніткі з мінуласцю. Таму часта бывала, што нехта прыходзіў у тэму Скарыны, нешта вывучаў, потым сыходзіў і не мог з гэтым працаваць, нават ведаючы, што там яшчэ нешта ёсць.
Яшчэ трэба ўлічваць, што шмат матэрыялаў знаходзіцца ў розных месцах, і туды ў XX стагоддзі да іх было цяжка фізічна даехаць. Не ведалі моваў, а цяпер гэта лёгка: сёння чат Джыпіці перакладзе і на дацкую, і на лаціну. Раней было значна цяжэй, таму шмат крыніц заставаліся па-за ўвагай.
Да таго ж трэба ведаць, што шукаць і дзе шукаць. Некаторыя рэчы могуць ляжаць перад вачыма, але людзі не разумеюць, што гэта мае дачыненне да канкрэтнай тэмы. Тое ж сталася са Скарынам. Каб тая кніжка, якую мне атрымалася атрыбутаваць, патрапіла не да мяне, а да чалавека, які з кірыліцай не мае ніякага дачынення, то яна б так і засталася ляжаць як нейкі друк 16-га стагоддзя, ніякім чынам не звязаны ні з гісторыяй Беларусі, ні з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага.
– Ці ёсць у вас канкрэтныя планы, як далей развіваць сваю навуковую дзейнасць?
– Планы ёсць, іх вельмі шмат. Пытанне ў тым, што зараз у мяне скончыўся тэрмін афіцыйнай дактарантуры. Я павінен буду ў бліжэйшы час здаць дысертацыю, і пасля пытанне, дзе я знайду працоўнае месца, бо хацелася б застацца ў навуцы. Ёсць пэўныя прапановы — паглядзім, ці атрымаецца з гэтага нешта.
Я хачу выдаць кнігу пра Скарыну ў фармаце новай сучаснай біяграфіі — не навуковае выданне, а нонфікшн, я хачу зрабіць для беларусаў, каб можна было паглядзець на Скарыну сучаснымі вачыма, з сучаснай дасведчанасцю, з разуменнем усіх крыніц, але каб кніга чыталася проста і была даступная любому беларуску, якіх хоча больш ведаць пра спадчыну. Пра 16-е стагодзе такіх папулярных рэчаў у беларускім дыскурсе не так і шмат.
Таксама я хачу напісаць яшчэ біяграфію Скарыны па-ангельску, бо і там няма прыстойнай манаграфіі пра яго. Потым — па-чэску і па-польску, каб у еўрапейскім навуковым асяроддзі пра нашага першавыдаўца было больш і больш зразумела, чым ён знакаміты, што ён зрабіў для свету і Еўропы. Спадзяюся, гэтым я буду займацца ўсё жыццё.
Тэма Скарыны — гэта не толькі XVI стагоддзе, але і пазнейшыя часы, і XIX стагоддзе, і нацыянальнае будаўніцтва, і палітычныя працэсы. Таму хацелася б займацца Скарынам і надалей і праз прызму Скарыны паказваць развіццё ўсяго беларускага.
Для мяне тэма Скарыны таксама моцна звязаная з Гомелем, бо ўвесь час гучалі ўніверсітэт імя Скарыны, мурал скарынаўскі, само гэтае імя, якое ўвесь час гучала. У гомельскім асяроддзі гэта мяне падрыхтоўвала да таго, што буду займацца гэтымі справамі. Але я ніколі не мог уявіць, што хлопец з Гомеля, ніхто, сам можа знайсці хаця б адну арыгінальную старонку Скарыны.
– Як гэта адбылося?
– Я атрымаў інфармацыю, што існуе кніга, у якой унутры знаходзяцца кірылічныя фрагменты, кірылічных выданняў. Каб растлумачыць сітуацыю: у XV–XVI стагоддзях вокладкі кніг часта рабілі з макулатуры. Аркушы паперы складвалі разам, як кардон, бо кардону тады не існавала, і абцягвалі скурай. Паколькі папера была дарагая, часам выкарыстоўвалі “секанд хэнд”. Скарына таксама стаў ахвярай такой практыкі, бо частка яго надрукаванага матэрыялу засталася ў Вроцлаве – гэта доўгая гісторыя.
Я даведаўся пра адну такую кніжку з выкарыстанай макулатурай Скарыны. Па фотаздымках адразу ўбачыў, што гэта Скарына, адразу пачаў перамовы. Гэта цягнулася некалькі месяцаў, але ў выніку мне ўдалося гэтую кнігу набыць і звязацца з прафесійнымі рэстаўратарамі Нацыянальнага музея Чэхіі, бо вельмі важна, каб не пашкодзіць кнігу, не пашкодзіць скарынаўскія аркушы.
У выніку рэстаўрацыі на свет Божы выцягнулі 14 кавалкаў аркушаў Скарыны з кнігі Суддзяў. Гэта апошняе выданне Скарыны, якое пабачыла свет у Празе 15 снежня 1519 года. Гэтая знаходка ўвогуле мяне натхніла і, можна сказаць, вярнула да жыцця. Як эмігрант, я ўвесь час думаў, што нішто не вартае, ніхто і нічога не патрэбна. А зараз з’явіўся сэнс жыцця, бо хочацца вярнуць гэтыя аркушы Скарыны на Радзіму — не ў свой Гомель, але ў Полацк, дзе Скарына нарадзіўся.
У Полацку няма ніводнага арыгінала Скарыны, ніводнага аркушыка. Мая такая мара — праз дзесяцігоддзе, калі гэты рэжым ляснецца, я мог падарыць у музей беларускага кнігадрукавання не толькі гэтыя аркушы, але і ўсю гэтую гісторыю, звязаную з Уроцлавам і Скарынам.
– Цудоўная мара. І на заканчэнне хачу запытацца: ці звязваеце вы сваё жыццё з Беларуссю? Ці ёсць мары або спадзяванні вярнуцца і працягнуць навуковую працу ў Беларусі?
– Шчыра прызнаюся, я хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, але, на жаль, мой гістарычны досвед паказвае, што, хутчэй за ўсё, гэтага не адбудзецца.
Нават калі будуць перамены, якіх мы ўсе чакаем, мне падаецца, нам, навукоўцам, якія з’ехалі, будзе вельмі цяжка адаптавацца і вярнуцца ў тое асяроддзе, якое нас у свой час выкінула, выплюнула, а часам нават пракляло.
Таму я не ўпэўнены, што змагу вярнуцца ў Беларусь, жыць там і працаваць у навуковых структурах. Я баюся гэтага непрыняцця з боку калег.
Але, безумоўна, маё жыццё будзе звязана з беларускай навукай. Калі будзе магчымасць прыязджаць у Беларусь і нешта рабіць для яе, я гэта буду рабіць. І калі будзе магчымасць вярнуцца, я вярнуся.
Штодзень
Фота: З ФБ-старонкі Аляксандра Паршанкова
Можна пачытаць па тэме:
Каб насіць імя Скарыны, канкуравалі два ўніверсітэты: ГДУ і БГУ
Гараскопы, астралогія і навошта ўсё гэта ведаць
100-годдзе мовазнаўцы і аднаго са стваральнікаў ГДУ імя Францыска Скарыны Уладзіміра Анічэнкі
“Можа і з Гомеля самалёты пачнуць лятаць у Лондан..” Павел Шаўцоў пра родны горад і знакамітую Скарынаўку