Гісторык Яўген Малікаў падрыхтаваў для выдання “Мова Гомель” захапляльны цыкл матэрыялаў пра шляхецкі род, гісторыя якога паўплывала на развіццё Гомельшчыны. У першым артыкуле “Гомельскія старасты Красінскія і метамарфозы гістарычнай памяці” гаварылася пра тое, як прадстаўнікі важнай магнацкай сям’і апынуліся на Гомельшчыне. У другой публікацыі “Удар у спіну Рэчы Паспалітай. Як стараста Васіль Красінскі здраджваў дзяржаве” распавядалася пра сувязі роду з Масковіяй. У наступным тэксце пісалася пра тое, як змагаліся Красінскія за сваю спадчыну. Цяпер – працяг сагі пра Красінскіх.
Цягам некалькіх стагоддзяў арыстакраты Красінскія валодалі землямі на Гомельшчыне, займалі кіруючыя пасады і ўдзельнічалі ў вялікай палітыцы. Шукаючы звесткі пра Красінскіх, Яўген Малікаў натыкнуўся на звесткі пра магчымыя даты заснавання вядомых населеных пунктаў Яроміна, Лапаціна, Касцюкоўкі. І гэтыя дадзеныя можна смела называць лакальнай сенсацыяй, бо насамрэч, як вынікае з гэтага артыкула, вёскі старэйшыя, чым прынята лічыць. Дзякуючы гэтаму тэксту, узнікае неабходнасць сама меней замены шыльдаў на ўездзе ў некаторыя вёскі.
Мікалай Красінскі не нашмат перажыў свайго бацьку. Ён памёр 1 лютага 1730 г. Па сабе пакінуў жонку Сафію з Сеніцкіх Красінскую, і трох малалетніх сыноў – Багуслава (1724 г. нараджэння), Томаша (1725 г. нараджэння) і Яна (1727 г. нараджэння). З іншых крыніц таксама вядома, што ў шлюбе з Сафіяй яны мелі яшчэ дачок Рэгіну-Марыю (памерла ў 1715 г.), Аляксандру (з 1737 г., жонка Людвіга Шрэтара), Канстанцыю (з 1741 г., жонка Марціна Отэнхаўзана), Катажыну, Ганну-Людвіку і сына Стэфана-Казімежа (верагодна, памёр маладым, бо ў 1773 г. яго брат Багуслаў не называе яго ў ліку сыноў Мікалая Красінскага). Агулам пяць дачок і чатыры сыны. Сам Мікалай памёр у дастаткова маладым узросце (каля 45 гадоў) і не змог перадаць у спадчыну Гомельскае і Прапойскае стараствы сваім малалетнім сынам і жонцы. Абодва староствы вяртаюцца каралю, які праз некалькі месяцаў аддае іх новым уладальнікам. Гомельскае стараства пераходзіць Міхалу Фрыдэрыку Чартарыйскаму, а Прапойскае стараства – Багуславу Незабытоўскаму. Сафія з Сеніцкіх Красінская памерла 3 мая 1751 г.
Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон
Пра Багуслава Красінскага вядома, што ў 1773 г. ён быў спадчыннікам “грабства Яроміна ў Рагачоўскай правінцыі ў тракце Гомельскім”, у 1777 г. у яго маёмасцях пазначаны вёскі: Яроміна (358 хрысціян, 9 яўрэяў), Княжоўка (94 хрысціяніны), Валатава (77 хрысціян, 4 яўрэі), Пакалюбічы (304 хрысціян, 5 яўрэяў), Касцюкоўка (259 хрысціян, 4 яўрэі), Лапацін (206 хрысціян, 7 яўрэяў), Прудок (140 хрысціян, 9 яўрэяў). Апошняя вёска дакладна ўказвае на крыніцу паходжання і форму назвы фальварка Багуслаўскага (вядомы нам зараз як “конезавод у Прудку”), змешчанага на поўначы сучаснага Гомеля, на ўскрайку былой вёскі Прудок – менавіта тут знаходзіўся фальварак старасціца (сына старасты) гомельскага Багуслава Мікалаевіча Корвін-Красінскага. У пачатку ХІХ ст. фальварак Багуслаўскі ўжо фігуруе як частка маёнтку графа Мікалая Румянцава.
Пакуль не да канца зразумела, якім менавіта чынам вёскі Касцюкоўка і Пакалюбічы, якія ў інвентарах 1681 і 1717 гг. пададзены як прыналежныя да Гомельскага стараства, перайшлі ва ўласнасць сям’і Красінскіх. З дакументаў вынікае, што яны, мяркуючы па ўсім, былі выведзеныя са складу стараства ў прыватную маёмасць Красінскіх пры продажы (саступцы) Гомельскага стараства Томашу Красінскаму ад княжны Катажыны з Сабескіх Радзівіл у верасні 1682 г.
Вядома, што ў 1748 г. гомельскі стараста Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі атрымаў ад караля Аўгуста ІІІ ліст з забаронай старасціне (жонцы старасты) Сафіі Красінскай і яе дзецям – старасціцам Томашу, Багуславу і Яну Красінскім, парушаць межы маёмасцяў Гомельскага стараства пад пагрозай штрафу ў 10 тысяч коп грошай літоўскіх. Каралеўскі загад быў пры сведках (мясцовых шляхціцах) даведзены Сафіі з Сеніцкіх Красінскай. У дакуменце, між іншым, пералічваецца, што яны маюць “маёмасці свае спадчынныя ленныя, названыя Пакалюбічы, Касцюкоўка і Яроміна Слабада”. У 1769 г. Багуслаў Красінскі збіраўся прадаць Марціну Ваньковічу, чэсніку Менскага ваяводства, вёску Лапаціна, вылучаную з яго спадчыннай маёмасці Яроміна. З пералічанага вынікаюць і першыя даты ўзгадвання названых вёсак у гістарычных крыніцах – 1748 г. Яроміна, 1769 г. Лапаціна. Гэтыя даты будуць вельмі блізкімі і да даты самога іх заснавання, на што ўказвае характарыстыка “слабада” – недаўна ўзніклае паселішча, якое карыстаецца вызваленнем ад падаткаў (звычайна давалася на пяць год).
Валоданні Красінскіх не абмяжоўваліся толькі бліжэйшымі да Гомеля вёскамі. Вядомы акт сведчання ўраднікаў Навагрудскага ваяводства і Мазырскага павету аб гвалтоўным нападзе ў снежні 1735 г. расейскіх войск пад камандай капітана Івана Нікіпарава Юрафеёва, якія стаялі ў Быхаве, на маёмасць Ляскавічы гомельскай старасціны Сафіі з Сеніцкіх Красінскай, па няслушнай прэтэнзіі абывацеля горада Рыльска купца Васіля Мальца, і гвалтоўным адбіранні Мальцом у старасціны пяцісот талераў бітых. Дакладна лакалізаваць вёску покуль не атрымалася, верагодней за ўсё гэта сучасная аднайменная вёска ў Петрыкаўскім альбо Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці.
Таксама вядома аб продажы ў 1758 г. Багуславам, Томашам і Янам Корвін-Красінскімі, роднымі братамі, сваіх маёнткаў Бускайцёў (Бускайтэ) і Шаўкоты в Тэндзягольскім павеце ў Жмудзкім княстве ВКЛ чэснікам жмудзкім Шымону-Пятру і Кляры з Зянкевічаў Герубовічам за 60 000 тынфаў, з якіх 40 000 павінны былі быць перададзены ў прызначаны дзень у магілёўскай магдэбургіі.
З пазнейшых дакументаў вядома, што ў 1753 г. Багуслаў фігураваў як стараста навасёлкаўскі, Томаш названы капітанам Яго Каралеўскай Вялікасці. У дакументах 1749-1755 г. Ян і Багуслаў узгадваюцца таксама як старасты “пакульбіцкія” альбо “пакалюбіцкія”. З гэтымі стараствамі покуль зусім нічога не зразумела, верагодна (?) маюцца на ўвазе дробныя стараствы, утвораныя ў сярэдзіне XVIII ст. з цэнтрамі ў вёсках Навасёлкі і Пакалюбічы (у сучасных Веткаўскім і Гомельскім раёнах адпаведна).
Томаш Мікалаевіч Красінскі, старасціц гомельскі, названы капітанам Яго Каралеўскай вялікасці, у 1790 г. жэніцца ў Яроміна на Марыі з Красінскіх, старасцянцы (дачкі старасты) каменьскага (прадстаўніцы іншай галіны роду) і названы ўжо капітанам расейскіх войск. У 1796 г. ён фігуруе ў дакументах як жывы, але скардзіцца на здароўе ў сувязі з узростам.
У спісе шляхты Беліцкага павету Магілёўскай губерніі за 1783-1784 г. узгадваецца толькі адзін з трох братоў Красінскіх, сыноў былога гомельскага старасты Мікалая – Фама Мікалаевіч Красінскі, які пазначаны як саўласнік сяла Плёсы (сучасная аднайменная вёска на паўночным усходзе Гомеля) разам з Якавам Харкевічам і яшчэ сямю прадстаўнікамі роду Плескіх. Багуслаў Мікалаевіч Красінскі ў гэтым спісе не ўзгаданы, верагодна ён ужо не быў жывым. З іншага боку, у гэтым жа дакуменце ўвогуле не пазначаны ўладальнікі іншых раней названых маёмасцяў Красінскіх (Касцюкоўкі, Яроміна, Лапаціна), таму магчыма сам спіс не быў поўны. Аднак у дакуменце пазначаны Мікалай Іванавіч Красінскі, які з’яўляўся саўладальнікам сяла Азаравічы (зараз вёска Азарычы ў Злынкаўскім раёне Бранскай вобласці Расеі) разам з Драбышэўскім, двума Сакалоўскімі, чатырма Харкевічамі, чатырма Юркевічамі і чатырма Воўк-Левановічамі. Мяркуючы па імені па бацьку Мікалай Іванавіч Красінскі быў сынам трэцяга брата – Яна (Івана) Мікалаевіча Красінскага, прыходзіўся пляменнікам Томашу (Фаме) і Багуславу Красінскім.
Штодзень
Аўтар: гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў
Просім падтрымаць нас на патрэоне.
Увага!!! З Беларусі не падтрымлівайце нас, паколькі гэта цягне за сабой рызыку крымінальнага пераследу.