Гомельскія прапагандысты далі слова ўкраінскаму дэзерціру

by ZB

Гомельскія прапагандысты распавялі пра чарговага ўкраінца, які ўцёк ад мабілізацыі. Гаворка ідзе пра нараджэнца Жытомірскай вобласці, 40-гадовага Рыгора. У матэрыяле “Гомельскай праўды” распавядаецца пра тое, што ўкраінец пераехаў у Беларусь нібыта да каханай жанчыны, з якой пазнаёміўся праз інтэрнэт. Што праўда, віртуальныя адносіны ў нешта больш сур’ёзнае не перараслі. У роднай вёсцы ўцекача засталася 16-гадовая дачка ад першага шлюба і пажылыя бацькі.

Фота: Гомельская праўда

У артыкуле гаворыцца пра тое, што герой публікацыі да паўнамаштабнай вайны ездзіў працаваць у Расею. Пасля атрымання позвы ў войска яго накіравалі на зборы, дзе “вучылі капаць акопы”.  Пазней, калі верыць прапагандыстам, Рыгор некалькі дзён правёў у ваколіцах Бахмута, дзе, паводле ягоных словаў, украінскія вайсковыя падраздзяленні неслі вялікія страты Атрымаўшы звальненне на аснове статуса айца-адзіночкі, Рыгор з’ехаў за мяжу. Праз Польшчу пераехаў у Беларусь.

“Мы гаворым на адной мове. У вас ціха і спакойна, можна зарабіць грошы (…) Разумеў, што могуць быць праблемы, паколькі парушаю закон сваёй краіны”, – прыводзіць словы ўкраінца “ГП”.

І ў канцы артыкула прапагандысты змясцілі зварот уцекача да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які павінен “завяршыць баявыя дзеянні”. То бок, па сутнасці, прапаноўваецца капітуляваць перад расейскім агрэсарам, які другі год вядзе крывавую захопніцкую вайну ва Украіне.

Дадзеная публікацыя, відавочна, пісалася для таго, каб данесці да беларускіх чытачоў пасылы пра “слабую баяздольнасць украінскага войска і паражэнчыя настроі сярод вайскоўцаў” і пра Беларусь як востраў стабільнасці і міру.

Штодзень 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png