Гомельская жаночая калонія выйшла на першае месца ў краіне па колькасці палітзняволеных

by ZB

У Гомельскай жаночай калоніі утрымліваюцца 124 палітзняволеных. Гэта, па звестках праваабаронцаў «Гомельскай Вясны», вывела ўстанову на першае месца па гэтым параметры. Сумны топ-3 працягваюць папраўчая калонія №15 у Магілёве (120 палітзняволеных) і калонія №3 у г.п. Віцьба Віцебскага раёна (113).


У Беларусі, па стане на 5 студзеня, 1427 палітзняволеных, з іх 182 – у месцах зняволення ў Гомельскай вобласці. У жаночай калоніі знаходзяцца сярод іншых палітолаг Валерыя Касцюгова, актывістка Вольга Маёрава, журналісткі Ларыса Шчыракова, Ірына Леўшына і Кацярына Бахвалава, праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка, палітык Марыя Калеснікава.

Нагадаем, Гомельская вобласць – рэкардсмен па колькасці аб’ектаў УДВП. Тут знаходзяцца дзве жаночыя калоніі (№4 У Гомелі і №24 пад Рэчыцай), мужчынская ПК-20 пад Мазыром, гомельскае СІЗА №3, чатыры «хіміі», адно ЛПП №1 у Светлагорску і адна калонія-пасяленне.

З калоніі №4 неаднаразова паступалі паведамленні ад палітзняволеных пра кепскія ўмовы ўтрымання і здзекі. Мяркуючы па сведчаннях зняволеных, рэжым там не агульны, а ўзмоцнены, і мяжуе з катаваннямі.

«У калоніі быў дакладны падзел на палітычных і непалітычных. Калі ў цябе жоўтая бірка, ты жывеш па-іншаму. Прычым усе палітычныя, я ўпэўненая, раскажуць па-рознаму, таму што да ўсіх быў свой падыход», – распавядала былая студэнка Ася Булыбенка пасля вызвалення.

«Асаблівы спосаб катаванняў у ПК — супрацьпажарныя вучэнні, — распавядае суразмоўца. — Гэта калі па сігнале пажарнай трывогі ўвесь атрад пад крык і абразы супрацоўнікаў калоніі абавязаны за некалькі хвілін хутка вынесці з капцёркі ўсе скрыні і сумкі, а з астатніх памяшканняў — усе рэчы і матрацы, у тым ліку жалезныя і вельмі цяжкія нары».

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png