Веткаўскі музей  запрашае разам шчадраваць

by ZB

“13 студзеня, на Шчодры, мы ладзім наш традыцыйны паход гаманкім-звонкім гуртом у горад! У кампаніі Казы і Мядзведзя з традыцыйнымі спевамі і вясёлымі пажаданнямі пойдзем на базар! Апранайцеся адпаведна надвор’ю. Ды бярыце з сабою за кампанію добры настрой і пару сяброў. А калі няма кампаніі, то прыходзьце самі – мы будзем вашай вялікай кампаніяй”, – запрашае музей усіх ахвотных.
Традыцыя патрабуе ўвасаблення ў аднаго з калядных персанажаў, а таму, калі маеце стракатую хустку або дзіўную маску, то гэта толькі вітаецца.

Шчодрык або Шчодры вечар (Багатая Куцця, Конікі, Сільвестр, Васілёў вечар і так далей) – гэта вечар напярэдадні Старога Новага года, які адзначаецца з 13 на 14 студзеня. На Шчодрык гаспадары гатуюць другую (багатую, шчодрую) куццю. А яшчэ бліны з верашчакай і смажанай каўбасой і крупнік, а таксама іншыя традыцыйныя прысмакі. На Шчодрык не грэх і паваражыць, асабліва незамужнім дзяўчатам, каб даведацца, што іх чакае ў будучым годзе.

Падчас шчадравання група калядоўшчыкаў са “шчодрай”, то бок прыгожай і святочна апранутай дзяўчынай, ходзіць па дамах і падворках, спявае песні-шчадроўкі, разыгрывае сцэнкі, водзіць “казу” і атрымлівае часта ад гаспадароў пачастункі.

Дзе і калі? Збор у суботу, 13 студзеня, аб 11-ай гадзіне каля філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі (пл. Леніна, 4а, у парку, за саборам Пятра і Паўла).

Штодзень
Фота з адкрытых крыніц

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png