“Я ўвесь апошні год пакідаю заяўкі на 115, я званіла розным людзям. І вось у такой вадзе мыецца маё дзіцё, – кажа жыхарка Жлобіна А.С., паказваючы на светла-карычневую ваду ў роліку, выкладзеным у сацсетках. – За апошні год у мяне не ведаю, колькі было заявак”.
Яна кажа за кадрам: “Гэта проста нейкі…” І дзіцё дадае: “…жах!”
Жанчына кажа, што яе прасілі скідваць фота з вадой, чыноўнікі прызнавалі, што яна брудная. У ванне застаецца чорнае дно.
Паводле жыхарцы Жлобіна, аварыйная пасля як званкоў і скаргаў спускае ваду, і праз тыдзень яна зноў брудная.
“Мы плоцім па звычайных тарыфах, чаму мы павінныя мыцца як у Дняпры?” – запыталася А.С.
На якасць вады скардзяцца і жыхары іншых гарадоў на Гомельшчыне. Напрыклад, у каментарыях пад паведамленнем жыхаркі Жлобіна, напісалі, што падобная вада і ў Светлагорску.
Трэба адзначыць, што Жлобін быў адным з патэнцыйных атрымальнікаў еўрапейскага гранта для рэканструкцыі вадаправоду. Яе рэалізацыя была запланаваная на 2020-2024 год. На паляпшэнне якасці вады Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдзяляў 26,8 млн еўра. Але невядома, ці была праграма рэалізаваная, улічваючы палітычны крызіс у Беларусі і санкцыі ЕС, звязаныя з ім. Аднак, напрыклад, на афіцыйным сайце E5P у раздзеле пра праекты Беларусі паказана, што “3rd Wave of Water Projects” (“Трэцяя хваля водных праектаў”) значыцца як CANCELLED (адменены / скасаваны).