“Галасы зніклых вёсак”: Сяргей Доўгушаў на канцэрце выканае праграму да 40-годдзя чарнобыльскай катастрофы

Адмысловая праграма “Галасы зніклых вёсак” запланаваная на 26 красавіка на канцэрце спевака Сяргея Доўгушава ў Цюрыху (Германія). Штодзень распытаў выканаўцу, што чакаць слухачам.

Сяржук Доўгушаў. Фота: ФБ-акаўнт героя публікацыі

 

Распавядзіце калі ласка пра праграму. У чым яе ўнікальнасць?

У мяне адбываецца тур зараз па еўрапейскіх гарадах і 26-га красавіка супадае з выступам у Цюрыху. Мы спісаліся з арганізатарамі, і яны сказалі, што трэба нешта адпаведнае зрабіць. Я ўзгадаў сваю экспедыцыю, калі мы ездзілі па чарнобыльскіх мясцінах, у вёсках былі выселеных, запісвалі тых носьбітаў, хто яшчэ застаўся. І адразу першая думка “Песні вёсак, якіх ужо не існуе”, “Песні зніклых вёсак” – такую такую назву праграмы і прапанаваў.

Мая ідэя менавіта у тым, каб гэтыя песні працягвалі гучаць. Большасць людзей, якія вымушана з’ехалі, каго вывезлі, перасялілі на іншыя тэрыторыі, яны сышлі, а самі песні не. Песня моцна звязана зямлёй, з народам, з голасам продкаў.

Калі казаць пра Гомель і агулам забруджаныя тэрыторыі, з якіх высялялі, цэлыя вёскі потым зруйнавалі, закапалі зямлёй, там ёсць вельмі багатая спеўная традыцыя, гэта вельмі спеўныя рэгіёны. Ад абрадавых песень да проста сотняў, дзясяткаў тысяч розных песень можна знайсці. І гэта толькі маленькая кропля тых песень, якія я ведаю, якія буду спяваць у суправаджэнні ліры, традыцыйных нашых духавых інструментаў.

Калі мы паехалі ў экспедыцыю, быў 2013 год, і якраз супала, што Радаўніца таму нас прапусцілі на выселеныя тэрыторыі. І гэта былі вельмі моцныя ўражанні. Нават захаваліся фотаздымкі, маленькі фільмік мы зрабілі.

Мы бачылі камні, на якіх было напісана, якая была вёска, колькі тут жыло людзей, і такіх камянёў было вельмі шмат. Калі не паспелі зруйнаваць, бачылі будынкі, з якіх прарасталі дрэвы. Гэта вельмі ўражвае. А таксама мы знайшлі вёсачкі, дзе жылі адзін-два чалавекі, хто не захацеў высяляцца. Там адна бабуля наспявала нам песень розных, якія буду выконваць таксама на канцэрце.

Я ездзіў таксама на абрад пахавання стралы на Гомельшчыне. Частка тэрыторыі, дзе гэты абрад быў распаўсюджаны, таксама гэта выселеныя вёскі, якіх ужо не існуе.

Чаму палічылі неабходным звярнуць увагу на тэму Чарнобыля? Чаму гэтая тэма важная да гэтага часу?

Тэма Чарнобыля, я думаю, ўсіх беларусаў закранула. І гэтая такая чорная пляма. Нашы тэрыторыі больш за ўсіх пакутавалі, і прыйшлося нам несці як такі цяжкі крыж. Я быў зусім маленькі, калі гэта адбылося, але ўвесь час гэта тэма была, калі дазналіся больш інфармацыі, што адбывалася. Гэта жахі.

Важна даносіць гэтую праўду, а мая місія яшчэ даносіць голас народа праз нашы песні, традыцыйны фальклор.

Тэма важная яшчэ таму, што ўсё роўна ў паветры лётае гісторыя недзе атамную бомбу хочуць скінуць ці яшчэ нешта, ці пабудуюць новыя гэтыя станцыі, тое, што Астраўцы адбывалася.

Таму гэта тэма вельмі балючая для нас, беларусаў. І калі пачынаецца размова пра станцыі гэта вельмі прыкра, і я спадзяюся не дойдзе да новай яшчэ адной катастрофы ў любой краіне свету, таму што гэтая катастрофа паказала ўсяму свету, наколькі гэта жахліва, наколькі страшна і пакутліва.

Калі мы ездзілі, на частцы тэрыторыі ўжо казалі: «Усё, ужо можна там карыстацца гэтымі землямі». Я сам бачыў, што тэрыторыю ўжо засяваюць. То бок, усё, адмянілі радыяцыю, яе няма. А яна будзе яшчэ дзясяткі гадоў існаваць і шкодзіць цэлым пакаленням людзей.

Ці будзе яшчэ гучаць тэма Чарнобыля ў вашае творчасці?

Цяпер адбываецца тур, які сканчаецца ў Браціславе першага траўня. Тэма Чарнобыля будзе толькі ў Цюрыху.

Потым выступы ў мяне будуць з гуртом “Касары”, далей буду праводзіць Купалле на Паўночным моры, у Сіэтле і ў Таронта быў запрошаны як госць са сваёй праграмай.

Рыхтую да выдання сваю кніжку, прысвечаную беларускім лірнікам. Гэта мая магістарская праца, якая я падрыхтаваў, я не скончыў Акадэмію навук. Таму я хачу, каб гэта выйшла ў свет і пабачылі, прачыталі людзі, таму кніжка падрыхтаваная на дзвюх мовах.

Штодзень

Related posts

Ад “Трох чарапах” перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць

Ларыса Шчыракова: Прырода ў Непале можа быць небяспечнай нават у спакойным стане, а калі разбушавалася стыхія, то выратавацца немагчыма.

Наста Сасыкбаева: “Для нас гэта не карнавал, для нас гэта палітычная акцыя”