Факт 1. Апошні раз мерапрыемства ў памяць пра паэта адбывалася ў 2019 годзе
Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года. Яму было ўсяго 45 гадоў, калі ён памёр (4 траўня 2005 года). Раней на радзіме паэта, у вёсцы Гарошкаў у Рэчыцкім раёне, адбываліся свята паэзіі. Спачатку на дзень народзінаў паэта, а потым мерапрыемства перанеслі на травень — калі Анатоль Сыс памёр. У хаце Анатоля Сыс збіраліся пісьменнікі, барды, журналісты, мясцовыя жыхары, каб згадаць пра яркую постаць — Анатоля Сыса. Апошні раз свята паэзіі прайшло ў 2019 годзе, на 60-годдзе паэта. Тады мерапрыемствы памяці адбыліся не толькі ў Гарошкаве, але і ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны. Потым свята адмянялася з нагоды пандэміі. А пасля, у 2021 годзе ўлады Беларусі ліквідавалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, сябры якога наведвалі Гарошкаў і выступалі падчас свята паэзіі. Таксама многія пісьменнікі вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі. І свята паэзіі перастала існаваць. Цяпер у Гарошкаў у кастрычніку і ў траўні прыязджаюць госці ў прыватным парадку.
Факт 2. Сярод гасцей свята часта быў Нобелеўскі лаўрэат міра і сябар Анатоля Сыса – Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс вучыліся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. (Дарэчы, ва ўніверсітэце няма ніякая помнай шыльды ніводнаму з іх). У літаратурным аб’яднанні “Тутэйшыя” Алесь Бяляцкі быў старшынёй, а Анатоль Сыс адказваў за паэзію. Пасля смерці Анатолькі Сыса Алесь Бяляцкі часта прыязджаў у Гарошкаў на свята паэзіі. Паэт Сяргей Сыс згадваў, што Анатоль Сыс казаў яму наконт Алеся Бяляцкага: “З ім не прападзеш, але гора цяпнеш”.
Факт3. У 1980-х гадоў Анатоль Сыс стаяў на пачатку многіх грамадскіх ініцыятыў
Пра гэта згадвае паэт Сяргей Сыс: “Гэта і канфедэрацыя беларускіх суполак”, гэта і падпольная група “Адраджэнне”, якая палітычныя мэты ставіла, і літаратурнае аб’яднанне “Тутэйшыя”, якое ў піку стваралася дзяржаўнаму саюзу пісьменнікаў (тады ён адзіны быў у краіне). Варта згадаць і мітынг, прысвечаны Дзядам, дзе Анатоль першым агучыў спісы рэпрэсаваных падчас сталінскіх часоў дзеячоў культуры.”
Факт4. Анатоль ініцыяваў выратаванне іхняга старажытнага гарадзішча часоў неаліту, якое па-мясцоваму называецца “гарадок”
Гэтае месца хацелі выкарыстаць пад сельгаспатрэбы. Аднак Анатоль Сыс не даваў яго знішчыць. Ён звярнуўся да мясцовых уладаў і ў музей з просьбай спыніць знішчэнне (там акурат спрабавалі браць пясок на будоўлю). Тады да меркавання Анатоля Сыса, які быў студэнтам, прыслухаліся і паставілі ахоўны знак.
Факт 5. Адзін з найлепшых беларускіх паэтаў другой паловы ХХ стагоддзя
Некаторыя вершы Анатоля Сыса цяпер гучаць па-прароцку:
Дзікі мёд
У вайну ў партызанскі год
пад крысом шыняля армейскага
бацька з лесу прынёс дзікі мёд,
ледзь уцёк ад мядзведзя расейскага.
З таго часу, як лесам іду,
дык пільнуюся вока зладзейскага,
скурай чую бяду, як ваду,
за спіною — мядзведзя расейскага.
Дасюль пахне яму дзікі мёд.
Годзь арэшнікі нашыя лушчыць!
Адкапаю пайду кулямёт,
каб хадзіць смела ў бацькавай пушчы.