Нямецкія дваране з-пад Добрушу. Гісторыя роду Герардаў і іх палаца ў Дзям’янках

by ZB

Маляўнічыя краявіды і прыгожая сядзіба, ахутаная подыхам гісторыі. Як і належыць, тут жыве ўласны прывід, але навокал – амаль бязлюддзе. Палац Герардаў у Дзям’янках месціцца цяпер у зоне адсялення, у адной з самых забруджаных радыяцыяй частак Добрушскага раёна. Мова Гомель прапануе пагартаць старонкі гісторыі, звязанай з родам Герардаў, Дзям’янкамі і тым, што засталося ад гэтага месца.

Сядзіба Герардаў у Дзям’янках, 1929. Фота: vk.com/architekture

Дзям’янкі – некалі вёска ў Добрушскім раёне, усяго каля паўсотні кіламетраў ад Гомеля, якая бярэ свае пачаткі яшчэ ў 16 стагоддзі. Жыццё тут фактычна скончылася пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі большасць вясковых будынкаў разабралі і пахавалі, а жыхароў эвакуіравалі. І, напэўна, гісторыя Дзям’янак на гэтым бы скончылася, калі б не палац Герардаў – прыгожы двухпавярховы будынак 19 стагоддзя, апошнім уладальнікам якога быў Мікалай Герард.

РОД ГЕРАРДАЎ. Пераезд у Расію і Дзям’янкі

Род Герардаў паходзіць з паўднёвай Нямеччыны. Пераезд у Расію адбыўся ў другой палове 18 стагоддзя пасля таго, як намеснік інтэнданта горада Ульм, інжынер-лейтэнант Іаган Конрад Герард (ён жа Іван Кандрацьевіч Герард – 1720-1808) быў высланы з горада на сем гадоў за няяснасці, звязаныя з кіраваннем уласнасцю. Гэтае здарэнне мела месца ў 1765 годзе. Спачатку Герарды пасяліліся ў Вене, адкуль у тым жа годзе пераехалі ў Санкт Пецярбург, а там былі рады бачыць таленавітых іншаземцаў. Імператрыца Кацярына ІІ заахвочвала немцаў-перасяленцаў прыязджаць у Расію і працаваць дзеля яе росквіту. Род Герардаў даволі хутка ўзмацніў свае пазіцыі сярод элітаў. І хоць Герарды ў Расійскай імперыі належалі да шляхты, але не адмовіліся ад нямецкай прыстаўкі “фон” перад прозвішчам.

І вось тут у нашай гісторыі з’яўляюцца Дзям’янкі. Справа ў тым, што сын згаданага Івана Кандрацьевіча Герарда – Іван Іванавіч Герард ажаніўся з баранэсай Марыяй фон Марклоўскай. Маладая пара пераехала жыць у памесце Марклоўскіх у вёсцы Дзям’янкі недалёка ад Гомеля, дзе працягнула свой род… Менавіта ў Дзям’янках 3 верасня 1838 года і нарадзіўся Мікалай Мікалаевіч Герард – апошні ўласнік гэтых мясцін. Яго бацькі – Мікалай Іванавіч Герард і Алена Пятроўна Пірамідава (або Пірамідонава), дачка смаленскага памешчыка.

МІКАЛАЙ ГЕРАРД. Успаміны з Дзям’янак

Мікалай Мікалаевіч Герард стаў уплывовым расійскім дзяржаўным дзеячам, які за сваё жыццё паспеў паслужыць тром царам, дасягнуць палітычных вяршынь і стаць генерал-губернатарам Вялікага Княства Фінляндскага. Пасля рэвалюцыі, ратуючыся ад бальшавікоў, ён акурат і выехаў у Фінляндыю, дзе жыў у санаторыі да самай смерці, якая наступіла 9 снежня 1929 года.

Мікалай Герард. Фота з адкрытых крыніц

У 1920-х гадах Мікалай Герард напісаў успаміны, дзе шмат звязана з Дзям’янкамі. Так, Герард піша, што ў дзяцінстве яго акружала атмасфера любові і клопату, гэта моцна паўплывала на яго характар і стаўленне да жыцця. З вялікім і цёплым пачуццём прыгадвае ён сваю маці. Алена Пірамідава выхоўвалася ў жаночай гімназіі, была вядомая як адукаваная і прагрэсіўная жанчына. Пасля смерці мужа ёй давялося кіраваць вялікім маёнткам, дзе ў асноўным працавалі прыгонныя сяляне, пра якіх Мікалай Герард піша ва ўспамінах вельмі цёпла, асабліва пра карміцельку Варвару і няню Веру, якая служыла Герарду як эканомка нават пасля адмены прыгоннага права і да самай сваёй смерці.

Ва ўспамінах Герард піша, што дзякуючы адукаванасці яго маці, прыгонныя сяляне ў іх сям’і мелі больш лёгкае жыццё, таму ў маёнтку не было сялянскіх пратэстаў. Хоць, як зразумеў Мікалай Герард ужо ў дарослым жыцці, ён не ведаў цёмных бакоў прыгоннага права, бо так ці іначай дзеці Герардаў жылі асобным жыццём, адарваным ад сялян. Кантакты з сялянскім дзецьмі абмяжоўваліся святамі, вяселлямі, а таксама летняй і зімовай рыбалкамі.

Сядзіба Герардаў, фота: vk.com/architekture

Разам з родным братам Уладзімірам яны атрымалі добрую пачатковую адукацыю дома. Мікалай успамінаў тыя гады ў Дзям’янках як самыя шчаслівыя ў сваім жыцці. Быў у іх яшчэ трэці брат – Іван, які ў далейшым стаў буйным купцом.

Стаўшы ўласнікам Дзям’янак (у 1876 годзе), Мікалай Герард спрыяў далейшаму развіццю гэтай мясцовасці, адкрыўшы тут вялікую пякарню, а блізу яе, на досведзе еўрапейскіх прамысловых вёсак, пабудаваў дамы для работнікаў, многія з якіх былі прыгоннымі. Агульная колькасць работнікаў разам з членамі іх сем’яў складала 750 чалавек. Герарды былі ў ліку самых буйных землеўласнікаў на гэтых землях. У канцы 19 стагоддзя на правым беразе ракі Іпуць Герард узводзіць палац з цэглы ў псеўдарускім стылі з элементамі мадэрну. Вакол яго – маляўнічы парк, дзе можна было сустрэць чорную сасну, татарскі бружмель, каласістую іргу ды іншыя рэдкія расліны. Упрыгожаннем комплексу стаў чатырохарачаны мост, сёння паўразбураны, але надалей надзвычай атмасферны і прыгожы.

Мост ля сядзібы Герардаў. Фота: vk.com/architekture

Дарэчы, Мікалай Мікалаевіч Герард яшчэ ў студэнцкія гады ў Санкт Пецярбургу пазнаёміўся з Пятром Чайкоўскім, будучым знакамітым кампазітарам, з якім пазней сябраваў.

І Мікалай Герард, і асабліва Уладзімір Герард (26 верасня 1839, Дзям’янкі – 7 снежня 1903, Санкт Пецярбург), былі вядомыя як таленавітыя і ліберальных поглядаў дзеячы. Уладзімір Герард у пэўны час быў адным з самых вядомых адвакатаў Расійскай імперыі. У 1893 годзе Ілля Рэпін напісаў яго партрэт.

 

Партрэт У.Герарда аўтарства Рэпіна

У Мікалая Мікалаевіча Герарда было некалькі дзяцей, але ўсе – дочкі. І ўрэшце, калі Герард меў 61 год, нарадзіўся сын – Нікалас фон Герард (1899 – 1963). Нікалас атрымаў адукацыю ў Нямеччыне. Пасля рэвалюцыі, не маючы ніякага грамадзянства, ён атрымаў прытулак у Фінляндыі на падставе Жэнеўскай канвенцыі. Яго дачка, Ірына фон Герард, народжаная ў 1953 годзе, цяпер жыве ў Гамбургу.

ІРЫНА ГЕРАРД. Гісторыя з прывідам

З Ірынай фон Герард звязаная таксама цікавая гісторыя. Яна атрымала імя па сваёй цёці – Ірыне, адной з дачок Мікалая Герарда. Тая Ірына Герард, маючы каля 17 гадоў, захакалася ці то ў расійскага афіцэра, ці то ў салдаца, полк якога быў раскватараваны ў Дзям’янках, ды ўцякла услед за ім. Аднак бацька здолеў вярнуць яе дахаты. Тужачы па каханым, дзяўчына застрэлілася і была пахаваная ў склепе на тэрыторыі парка. Склеп пазней некалькі разоў рабавалі, нібыта ўсіх рабаўнікоў напаткаў нешчаслівы лёс, а дух Ірыны Герард і цяпер кружыць вакол сядзібы ў Дзям’янках і, як і кожны дух, лепш яго без нагоды не трывожыць. Дык вось Нікалас фон Герард вельмі любіў сваю сястру Ірыну, і ў памяць пра яе і назваў сваю дачку.

Ірына фон Герард як унучка Мікалая Мікалаевіча Герарда, апошняга ўласніка Дзям’янак, захоўвае шматлікія дакументы, што засталіся ад яе знакамітага дзеда. У яе захоўваліся і ўспаміны апошняга гаспадара Дзям’янак, запісаныя незадоўга перад смерцю, якія ўвайшлі як асобная частка ў кнігу “Мікалай Герард. Забыты генерал-губернатар Фінляндыі”. Кніга выйшла ў Фінляндыі ў 2017 годзе.

Жонка Мікалая Герарда Зінаіда Афанасьева з сынам і дачкой. Фота прадастаўлена Адамам Быстрыцкім

Мы ж паразмаўлялі з іншым нашчадкам Герардаў. Адам Быстрыцкі – прапраўнук Уладзіміра Герарда, жыве ў Польшчы і актыўна цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і.

Ведаю, што вы былі ў Дзям’янках. Раскажыце, калі ласка, пра свае ўражанні…

– Першы раз мы паехалі з бацькам і цёцяй у Дзям’янкі ў 2014 годзе. Спачатку наведалі музей у Гомелі, пазней Добруш, дзе пасля атрымання дазволу на ўезд у зону мы накіраваліся ў Дзям’янкі, нам нават прадаставілі бясплатна бусік. Сам палац зрабіў на мяне вялізнае ўражанне. Не зважаючы на гады, ён быў цалкам у добрым стане, вокны былі замураваныя, але са шчылінамі, каб забяспечыць вентыляцыю. Тэрыторыя навокал была занядбаная, хоць хутчэй зарослая. Але па разнастайнасці расліннасці было відаць, што тут некалі быў цудоўны парк. Від з узвышша на раку і на лясы, на лугі ў далечыні, быў проста ашаламляльны. Можна толькі ўяўляць, як гэта выглядала ў ранейшыя часы. Праз некалькі гадоў мы зноў наведалі Дзям’янкі. Тэрыторыя вакол сядзібы была ўжо ўпарадкаваная і дагледжаная, палацу надалі статус каштоўнасці. Што тычыцца палаца, то ведаю, што ў арыгінале ён быў белы, а на першым паверсе ў салоне, у адной з яго частак, была шкляная падлога, пад якой плавалі рыбкі. Дарэчы, палац у Дзям’янках бальшавікі перанялі нібыта толькі ў 1921 годзе. Мясцовае насельніцтва даглядала палац, чакала вяртання Мікалая Герарда.

Ці вядома, дзе дакладна пахаваны Мікалай Герард?

– Я шукаў гэтае месца. І знайшоў, дзе былі могілкі і царква, але цяпер ужо няма ні царквы, ні магілы. Месца, дзе Мікалай Герард быў пахаваны, гэта Uusikirkko, сёння гэта Паляны (Ленінградская вобласць – заўв. рэд.).

Наведванне Дзям’янак з архіву Адама Быстрыцкага

Якой вам бачыцца будучыня палаца Герардаў у Дзям’янках?

– Што да далейшага лёсу, то калі мы ў другі раз паехалі ў Дзям’янкі, то ўлады горада Добруш выдалі нам бланк, які датычыў аднаўлення палаца. У гэтым бланку была такая рубрыка: “У якасці прыватнага інвестара колькі вы можаце інвеставаць у аднаўленне палаца?” І было яшчэ дапісана, што “суму просім назваць у мільёнах даляраў”.

“Так што я пакуль зарабляю на свой першы мільён даляраў”, – жартуе Адам Быстрыцкі.

Палац Герардаў у Дзям’янках перажыў цяжкія часы, у ім мясціўся і дом-інтэрнат, і піянерскі лагер. Ён надалей хавае шмат таямніц. Адна з іх звязаная з нібыта схаванымі ў тых мясцінах скарбамі, іншая – з нібыта зніклай у ваколіцах карэтай караля Карла XII. Дый самі Герарды пакінулі пасля сябе багатую спадчыну, якая, магчыма, яшчэ чакае свайго поўнага адкрыцця.

 

Штодзень 

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны ўспаміны Мікалая Герарда з кнігі “Мikolaj Gerard – zapomniany gubernator Finlandii, 2017”. Таксама вялікая падзяка Адаму Быстрыцкаму за дапамогу ў падрыхтоўцы тэксту і прадастаўленыя фотаздымкі.

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png