HomelDays_Logo_Main-mobil

“Дзе гэта мы перамаглі? У конкурсе на здаровы сэнс?”: Прапагандысцкі сквер каля танка не падабаецца амаль нікому

У сацсетках разгарнулася абмеркаванне знакамітага прапагандысцкага “Мы перамаглі” на плошчы Паўстання ў цэнтры Гомеля. “Штодзень” пачытаў, што кажуць пра сквер удзельнікі дыскусіі.

“Гамяльчане і госці горада, якія пачуцці ў вас выклікае гэтая прастора? Я нешта прапусціла? Дзе гэта МЫ перамаглі? У конкурсе на здаровы сэнс? Ці ў конкурсе ландшафтнага дызайну? У мяне, як у чалавека, які пражыў у гэтым горадзе больш за 20 гадоў, вельмі супярэчлівыя пачуцці”, – напісала А.А.

Пад гэтым допісам разгарнулася цэлая дыскусія. Спойлер, які не спадабаецца чыноўнікам: сквер не падабаецца амаль нікому.

“Я стала абыходзіць гэтае месца бокам. Ваенная павестка ўжо надакучыла. Акрамя Ракасоўскага, за апошнія 80 гадоў ніякіх вялікіх падзей не адбылося? Усюды прапаганда вайны. Так, подзвіг быў безумоўны і бясспрэчны! Але гэта было 80 гадоў таму. Можа, падумаем пра будучыню, а не пра мінулае, ды яшчэ такое цяжкае? На фоне сусветных падзей усяго за 100 кіламетраў ад цябе гэты помнік выклікае не гонар, а толькі нагнятае жах”, – перакананая П.

“Быў цудоўны цяністы сквер. Стаў лысым агрызкам, на якім нават позірк затрымліваць непрыемна”, – кажа Д.К.

“Балюча глядзець на тое, як горад з добрым патэнцыялам ператвараюць у мемарыял”, – піша Д.

“Я таксама не разумею гэтага крыклівага надпісу і знішчэння цяністага сквера! Але аднойчыса мной спрачаліся ў каментарыях, даводзячы, што гэта цудоўнае рашэнне ландшафтнага дызайнера! А гэты надпіс – проста жах, “вырві вока!” – лічыць Н.

“Усе ўжо аплакалі гэты сквер… Асабліва мясцовыя жыхары, якія жывуць у гэтым раёне.
Мой 80-гадовы сусед са слязьмі на вачах сказаў: “Ведаў бы, хто гэта зробіць, — застрэліў бы”. Дзядуля ўсё жыццё жыве на Савецкай, у доме насупраць гэтага “шэдэўра””, – кажа Н.К.

“Мы перамаглі” — дарэчы казаць толькі тым, хто сапраўды ваяваў. Усім астатнім — “Ніколі зноў”, – перакананая А.

“Удзень на гэта балюча глядзець праз лысіну, якая засталася замест былога сквера. А ўначы — страшна. Жудасная, трывожная мілітары-падсветка ў спалучэнні з гэтымі могілкавымі слупкамі. Я некалькі гадоў не жыла ў Гомелі і была ў шоку, калі ўбачыла гэты кашмар”, – апісала А.В.

“У 2026 годзе — гэта вар’яцтва. Але для іх недаразвітай псіхікі так зручна, няхай гуляюцца. Пакінем іх у іхнім жа свеце — ён усё адно натуральным чынам памірае”, – лічыць А.А.

“Людзі ўвогуле не ўсведамляюць, што гэты праект наогул не мае ніякага дачынення да Айчыннай вайны. Гэты праект замовілі і ўвасобілі людзі, якія і хочуць заявіць жыхарам горада, што гэта яны перамаглі. Дастаткова ўспомніць, хто і адкуль прыехаў перарэзаць чырвоную стужку. Проста 80% тых, хто штодня глядзіць на гэты п*здос, “не цікавяцца палітыкай””, – нагадвае П.К.

“Колькасць чырвоных зорак па горадзе прыгнятае. Быццам бы жывём на могілках”, – кажа В.М.

“Асабліва падчас апошняй спёкі, спадзяюся, нават самыя заўзятыя патрыёты задумаліся пра мэтазгоднасць высечкі шыкоўнага сквера і ўсталявання гэтай пачвары”, – напісала П.С.

“У Гомелі хутка помнікаў і муралаў будзе больш, чым дрэў. Жыць трэба мінулым, сучаснасцю і будучыняй, а ў Гомелі, падобна, жывуць толькі мінулым”, – перакананы К.

“Зрабілі толькі горш”, сквер называлі “ванітамі”, якія “былы мэр прыдумаў у прыступе панічнай атакі” і “прышчом на ілбе”,

“Я баюся пісаць тое, што я пра гэта думаю”, – кажа Я.С. І ў працяг тэмы іншы каментатар кажа, што за падобныя абмеркаванні можна ў Беларусі “злавіць” “мінімум адміністрацыйку”.

Што ж “мы” перамаглі

“Яны перамаглі ўсе дрэвы на вуліцах усіх гарадоў Беларусі”, – пракаментавалі з НДА “Экадом”.

Адказваючы на пытанне, у чым мы перамаглі, Ю.Г. нагадала, што Беларусь займае стабільна высокія месцы (а тое і першыя) па спажыванні спірту, смертнасці ад алкаголю і паленню. Другая версія – перамаглі розум.

“Гэта вас перамаглі”

У падтрымку сквера лічаныя каментары: “Усё норм, гэта нашы скрэпы”. Прыйшоў і афіцыйны акаўнт Рагачоўскага райвыканкама: “Гэты надпіс “МЫ ПЕРАМАГЛІ” нясе ў сабе вялізны і глыбокі сэнс”.

Гэтую прамову каментатар назваў “палітрукоўскай прамовай”: “Не разумею многіх рэчаў. Чаму страта ў кожнай сям’і — гэта свята? Навошта на кожным куце помнік, калі ва ўсіх былі бабулі і дзядулі? Навошта на кожнай плошчы ў Беларусі Ленін? Навошта амаль кожная галоўная вуліца — Савецкая ці Леніна? Навошта ў студэнцкім скверы ўніверсітэта Скарыны няма помніка самому Скарыну, затое ёсць “Усё, што ў нас ёсць, — гэта памяць”, “99 трунаў” герояў Савецкага Саюза, помнік героям-падпольшчыкам, а таксама помнік “Ваш подзвіг бессмяротны”, а праз дарогу — Кожар на сцяне?”

“Гэта не мы перамаглі, а нашы дзяды і прадзеды. Мой дзядуля дайшоў да Берліна, быў паранены і кантужаны, бабуля з дзецьмі, у тым ліку з маёй мамай, трапіла ў нямецкі канцлагер, ледзь выжыла. Яны не насіліся з вайной і стараліся яе не ўспамінаць. Гэта яны перамаглі!!! Яны!!! А не вы і не я. Таму я буду проста шанаваць іх памяць, але не прымазвацца да іх перамогі”, – дадала І.

Адно з выказванняў вельмі паказальнае: “У сэнсе “вы перамаглі”? Гэта вас перамаглі”. Але калі гэта помнік гэтай піравай перамогі беларускай дзяржавы над сваімі грамадзянамі, то атрымаўся ён дастаткова выродлівым.

Слайдар пастоў