У 2024 годзе плануюць дадаць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў больш за дзясятак новых аб’ектаў, піша тэлеграм-канала «Спадчына».
У спісе, сярод іншых аб’ектаў:
– Руіны царквы ў вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна.
– Месца былога замка Сапегаў у вёсцы Антонаў Нараўлянскага раёна.
Свержань на Рагачоўшчыне вядомы яшчэ з 15 стагоддзя. Ён узгадваецца ў «Літоўскай метрыцы» 1473 года. Драўляная царква Нараджэння Багародзіцы была пабудаваная тут у 1835 годзе і прастаяла да 1864, пасля чаго была знесеная, а на яе месцы паўстаў каменны храм. Цяпер і ад яго засталіся толькі руіны, якія надалей нагадваюць багатае мінулае гэтай мясцовасці.
Антонаў – вёска ў Нараўлянскім раёне. Вядома, што ў 1595 годзе кароль Жыгімонт Ваза падараваў гэтыя землі канцлеру Льву Сапегу, а той ў 1598 годзе саступіў маёнтак разам з фальваркамі Смалегавічы і Завайць стрыечнаму брату Лукашу Сапегу. Пазней маёнтак перадаваўся «з рук у рукі».
На пачатак XVII ст. Антонаў — сяло з панскай сядзібай альбо замкам. Праўда, пра замак Сапегаў у Антонаве звестак мы асабліва не знайшлі. (Калі нешта ведаеце, пішыце нам у каментарах!) Аднак мясцовыя выданні публікуюць таксама фрагменты мура, які быццам бы захаваўся ад замка (глядзіце на фота ніжэй).
Фота: strada.by, “Прыпяцкая праўда” і Вікіпедыя