Драматычная гісторыя Асі Булыбенкі пра тое, як абыходзяцца з палітвязнямі ў гомельскім СІЗА і калоніі на Антошкіна

by homieldays

Ася Булыбенка — былая студэнтка БНТУ. Была арыштаваная па сфабрыкаванай справе студэнтаў. Яе асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Яна цалкам адбыла тэрмін і выйшла на волю з гомельскай калоніі №4 30 лістапада 2022 года.

Поўную гісторыю Асі можна прачытаць на сайце “Салідарнасць”.

Тры месяцы ў СІЗА Гомеля (жнівень – кастрычнік 2021-га)

– Гомельскае СІЗА вельмі строгае. У мяне там адразу забралі фламастары, упакоўкі кетчупа і згушчонкі, усе газеты “Новага часу”, “Беларусы і рынак”.

Мяне пасялілі ў камеру для малалетак, у корпус з назвай “манастыр”. У камеры было адчыненае акно, хоць і з кратамі. Праз яго быў бачны двор, зорка Гомельскай фабрыкі “Восьмае сакавіка”. Я часта на яе глядзела, малявала.

Сапраўды жахлівым там быў туалет. На “Валадарцы” ў туалеце была шторка, дзесьці нават былі дзверы. У Гомелі не было нічога – унітаз і сценка. У камеры таксама вісела відэаназіранне. Гэта значыць, цябе бачаць, чуюць, яшчэ і здымаюць.

Апроч гэтага, у камеры былі тонкія матрацы, у худзенькіх ад такога з’яўляліся сінякі. Строгі рэжым таксама выяўляўся ў тым, што некаторыя змены не дазвалялі, каб ногі былі на ложку. Можна было сядзець толькі так, каб ногі былі на падлозе. Гэта значыць, пра сон можна было нават не думаць. Калі ўбачаць, што ты, седзячы, дрэмлеш – на гэта не закрыюць вочы.

Праблемы там былі і з медыцынай. Калі я захварэла кан’юнктывітам, мне сказалі, што кропляў няма, лячыся пакуначкам ад гарбаты. Ацёк спаў, але я пакутавала з вачыма нават пасля вызвалення. Таксама ў мяне там захварэў зуб – пайшла да зубнога, лекар усё пытаўся пра нашу справу, стаў лячыць зуб (зразумелая справа, без анестэзіі), паставіў часавую пломбу.

У калоніі мне не змаглі паставіць іншую пломбу, і цяпер у мяне зуба амаль няма – трэба чысціць каналы, таму што той стаматолаг да канца не вычысціў карыес і закрыў яго часовай пломбай. (Калі я наведала стаматалогію пасля вызвалення, мне сказалі, што ніводзін стаматолаг не мог не заўважыць гэтага). У калоніі лекара даводзілася чакаць па 2-3 тыдні, а спецыялізаванага – каля паўгода.

Самы яркі ўспамін з гомельскага СІЗА – гэта, мабыць, мой дзень нараджэння. Сукамерніцы павесілі плакат “Ася, з днём нараджэння”. На праверку зайшоў начальнік, чытае: “Ася, з днём нараджэння”, і кажа: “Добра, але зніміце”. Мама перадала мне вялікую перадачу: я накрыла стол, расклала печыва, рознакаляровыя сурвэткі. Дзяўчынкі ўваткнулі свечкі ў батон. Да дня нараджэння мне прыйшло больш за сто лістоў, перадачы ад незнаёмых людзей – смачнае сала, шкарпэткі. Канешне, не так хацелася сустрэць сваё 20-годдзе, але атмасфера свята прысутнічала.

Год у папраўчай калоніі №4 г. Гомеля

– Першыя тыдні ў калоніі была нейкая эйфарыя. Я глядзела на неба, яно здавалася вялізным. Я памятаю, калі мы ішлі з дзяўчынкамі па тэрыторыі, я заплакала, адна з нас змагла прабегчыся — тэрыторыя была вялікая, можна было ўбачыць зоркі, ружы, коцікаў. У жыцці я таксама зважаю на ўсё гэта, гэта значыць, у калоніі проста вярнуліся мае эмоцыі. У першы дзень мы працягвалі хаваць рукі за спіну, як гэта было прынята ў СІЗА — іншыя асуджаныя казалі: “Адвучайцеся, тут так не трэба”.

У калоніі быў дакладны падзел на палітычных і непалітычных. Калі ў цябе жоўтая бірка, ты жывеш па-іншаму. Прычым усе палітычныя, я ўпэўненая, раскажуць па-рознаму, таму што да ўсіх быў свой падыход.

Вельмі хутка я зразумела, што калонія – гэта галодныя гульні. Вялікая псіхалагічная гульня, пасля якой вельмі цяжка вярнуцца ў рэальны свет.

На каранціне да мяне прыйшоў былы начальнік аператыўкі Чорны. Ён спытаў, ці хачу я дадому. Я адказала так і што буду ўсё для гэтага рабіць. Пад гэтай фразай я мела на ўвазе ўдзел у вырабе насценгазет, танцы і іншую актыўнасць. Думала, што тады мяне, магчыма, выпусцяць па УДВ – тады мы не ведалі, што УДВ і экстрэмісты (Асю і астатніх асуджаных па “справе студэнтаў” паставілі на ўлік, як схільных да экстрэмізму) – несумяшчальныя рэчы.

Пазней аказалася, што гэты чалавек меў на ўвазе прызнанне віны і напісанне прашэння аб памілаванні. Калі я аказалася адной з тых, хто катэгарычна адмовіўся прызнаваць віну, ён сказаў: “Анастасія, вы ж сказалі, вы на ўсё гатовыя”, на што я адказала: “Прабачце, але пра гэта гаворка не ішла, на гэта я не гатовая”.

Пасля каранціну мяне перавялі ў атрад, дзе я пасябравала з Вітай Бандарэнкай, таксама палітзняволенай. Праз гэта мяне перавялі ў іншы атрад. Так я даведалася, што не ўсім “жоўтым” можна мець стасункі паміж сабой.

З жахам Ася прыгадвае аператыўнікаў атрадаў, з якімі ёй давялося кантактаваць. Яна называе “операў” “катамі” зняволеных.

– Гэта чалавек, які ведае ўсё, што адбываецца ў атрадзе, людзі якога цябе здаюць. Ён ведае не пра тое, хто крадзе, а хто каму даў цукерку і паедзе за гэта ў ШІЗА (у калоніі зняволеным нельга дзяліцца ежай паміж сабой).

Абодва аператыўнікі, з якімі я кантактавала, былі маладыя. Яны любілі пагражаць сваякамі. Зюзін Аляксей Алегавіч мог падысці да мяне на фабрыцы і сказаць: “Ну што, БулыбЕнка, ты да мамы дазвоньваешся?” (У Асі націску ў прозвішчы на Ы). А ў мяне званок праз тыдзень, і я ўвесь гэты час думала: ці затрымалі маю маму, ці жывая яна і што гэтая фраза азначала. Не ведаю, колькі мне трэба будзе прапрацоўваць гэта з псіхолагам, але каб маладыя хлопцы вытваралі такое па сваім жаданні…

Ганчароў Яраслаў, напрыклад, зрабіў наступнае. У нас у атрадзе была жанчына: так, яна крала, але яна – чалавек, у якога няма дапамогі, перадач. Яна са сталовай узяла сабе кавалак хлеба ў атрад, што забаронена. Падчас вобыску гэты хлеб знайшлі, па правілах калоніі ёй мусілі выпісаць рапарт, вынесці папярэджанне ці адправіць у ШІЗА.

Але Ганчароў вывеў увесь атрад на вуліцу, у цэнтр паставіў гэтую жанчыну, прынёс ёй бохан хлеба і сказаў есці. Сам сеў на лавачку, нага за нагу, і назіраў, як дзевяноста жанчын глядзяць за тым, як адна есць хлеб усухамятку.

Ён жа ставіў маладых дзяўчынак па 328-ым артыкуле ў сталовай тварам да сцяны на доўгі час. Ён жа ў якасці пакарання мог прымусіць насіць скрынкі са сваімі рэчамі ў дождж ці спякоту вакол атрадаў. Таксама ў іх ёсць здольнасць ведаць усё – настолькі выпрацаваная сістэма даносаў. Не ведаю, што гэта за сістэма “выпраўлення”, але калі чалавек нешта сапраўды зрабіў, ён не выправіцца там, а стане нелюдзем. Ты выходзіш, а цябе вучылі хлусіць, даносіць, быць жорсткім, ні з кім не размаўляць і нікому не давяраць.

 

Штодзень

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png