Дом Караткевіча ў Рагачове можна выратаваць. Але, падаецца, гэтага ўлады рабіць не будуць

Стан дома Караткевіча ў Рагачове, пра які даведаліся ўсе, не стаў прычынай нейкіх дзеянняў з боку мясцовых уладаў. У справу ўключылася прапаганда, якая абвінаваціла ўдзельнікаў дыскусіі ў падрыўной дзейнасці. Цяпер яны чакаюць, пэўна, што тэма сыдзе ў нябыт. “Штодзень” пагаварыў з беларускім рэстаўратарам, які мае досвед рэстаўрацыі будынкаў на тэрыторыі Беларусі і суседніх краін.

Што адбылося

Хоць творца нарадзіўся ў Оршы, вучыўся ў Кіеве, а жыў у Мінску. Аднак ягоны род паходзіў з нашага рэгіёну. Доказам гэтага з’яўляецца дом сям’і Караткевічаў у Рагачове, які пабудаваў дзед знакамітага пісьменніка. Пісьменнік шмат пісаў у ім, у тым ліку знакамітыя “Каласы пад сярпом тваім”.

На шыльдзе каля будынку ў Рагачове напісана: “Гэты дом многія гады быў творчым прытулкам выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча”. І яшчэ ў 2020 годзе мясцовыя жыхары прасілі зрабіць у будынку музей пісьменніка. Улады быццам бы ідэю падтрымалі, але грошаў не знайшлі да гэтага часу.

Сам дом ціхенька развальваўся, і нікому да яго не было справы. Але пра яго напісалі ў сацсетках. “Ну як так?! Мы павінны захоўваць такія далікатныя нітачкі, а насамрэч дом, у якім жыў і тварыў пісьменнік, апынуўся ў такім запусценні!” — напісала Юля, якая звярнула ўвагу на стан будынку.

Яна лічыць, што інфармацыя пра стан будынку не дайшла яшчэ да “бацькі”, які “такія пытанні хутка вырашае”. Але іншыя каментатары з ёй нязгодныя і лічаць, што стан будынку даказвае, што беларускае для ўладаў як костка ў горле. Таксама ёсць і такія, хто пагражае за відэа аўтарцы.

У каментарах у іншым месцы аўтар І. прапануе не абурацца, а скінуцца на аднаўленне будынку: “Няўжо толькі абурыў? Хіба ў каго ёсць спадзевы на дзяржаву? Трэба скінуцца грашыма і прывесці сядзібу ў парадак!”

Далей ідзе чаканне і рэчаіснасць. Даволі лагічна чакаць, што пасля апублічвання праблемы, улады скажуць, што згодныя і пачнуць нешта зрабіць. Але калі прыгадаць, што здарылася з сістэмай улады з 2020 года, стане зразумела, што надзеі марныя.

На сцэну выйшлі прапагандысты, якія пабачылі ў сітуацыі не столькі спробу калі не вырашыць, то падсвяціць праблему, але раскрылі змову.

“На першы погляд, гэта шараговая гісторыя пра захаванне культурнай спадчыны, але нешта падказвае: перад намі спланаваная кампанія з палітычным падтэкстам”, – адзначае Ірына Палубец. Яна з’яўляецца аўтарам ў абласным прапагандыцскім выданні.

Палубец кажа, што Караткевіч у матэрыяле – інструмент. “Гэта ўжо не дыскусіі пра захаванне спадчыны. Гэта адкрыты фарш”, – пераконвае супрацоўніца.

“Дык каму выгадная гэтая свістапляска? Адказ, як заўсёды, ляжыць на паверхні. Тым, хто не зацікаўлены ў моцнай, суверэннай Беларусі, хто не хоча, каб беларусы і рускія памяталі, колькі агульнай крыві праліта за гэтую зямлю. Тым, хто спіць і бачыць, як бы разгайдаць сітуацыю, перафарматаваць гістарычную памяць цэлага народа, замяніўшы яе сурагатам местачковых крыўдаў”, — пераконвае Палубец.

Прапагандысты таксама нагадваюць, што і статус будынку не прадстаўлены, і ён у прыватнай маёмасці, ім валодае сям’я стрыечнага брата Караткевіча. А вось рэчы з дома забраў сабе Музей народнай славы Рагачова.

Паводле меркавання Палубец, Уладзімір Караткевіч не забыты ў Беларусі. Сведчанне гэтаму знайшлося: музей у Оршы. Дом пры гэтым, дзе жыў пісьменнік у гэтым горадзе, прададзены бізнесоўцу, які валодае ім восем год, але так і не стварыў там музей. Акрамя таго, аказваецца пра гэта сведчыць вуліца ў гонар Караткевіча ў Рагачове (там стаіць дом) і шыльда каля гэтага дома. Яшчэ ёсць іншыя памятныя дошкі, у гонар яго назвалі ў 2010 годзе мясцовую бібліятэку.

А яшчэ плот каля дома ўсё ж адрамантавалі. Гэтага яўна ніколі не здарылася, каб не грамадскі розгалас. Шкада толькі, што вынікі як ніколі малыя і да рамонту самога дома яны не прывялі.

“На розныя прапагандысцкія мерапрыемствы грошы знаходзяць, а на стварэнне музея — не”

“Любы драўляны дом можна адрамантаваць, нягледзячы на любыя ягоныя пашкоджанні. На прыкладзе Еўропы і бліжэйшай да Беларусі Польшчы драўляныя будынкі аднаўляюць вельмі проста. Гэта не з’яўляецца чымсьці немагчымым: і з вельмі пашкоджанымі сценамі аднаўляюць, і з часткова пашкоджанымі сценамі”, — распавёў “Штодню” беларускі рэстаўратар.

Ён лічыць, што дом у Рагачове патрабуе проста вялікага капітальнага рамонту: “Будынак стары, дарэвалюцыйны яшчэ. Але не складана яго зрабіць, было б толькі жаданне і спецыялісты”.

“Наконт спецыялістаў не ведаю, а вось жадання, паходу, яшчэ менш, чым спецыялістаў. Ідэя пра тое, што там зрабіць музей Караткевіча, гучала яшчэ гадоў сем-восем таму, і за той час нічога не было зроблена. Дом патрабуе ўвагі, паколькі я ведаю, там у яго кавалак адной сцяны шмат гадоў залівала вадой”, — кажа эксперт.

Ён звярнуў увагу на тое, як на сітуацыю адрэагавалі гомельскія прапагандысты: “Відавочна, што мясцовыя ўлады не збіраюцца гэтым займацца па нейкіх сваіх прычынах”.

“Цяжка сказаць, ці то праз іх антыбеларускую пазіцыю, ці то з-за таго, што ў іх грошай няма. З іншага боку, на розныя прапагандысцкія мерапрыемствы грошы знаходзяцца, а на стварэнне музея, дома-музея, не знаходзяцца”, — падкрэсліў спецыяліст.

Эксперт кажа, што на сёння можна было б пакуль нават не займацца стварэннем музея — цяпер важна захаваць будынак. Трэба правесці рамонт, накрыць дах альбо зрабіць дадатковы дах, каб ён проста стаяў пад аховай і не гніў.

“Гэта нармальна, гэта можна зрабіць. Але ж гэта трэба рабіць. З гэтым якраз-такі праблема. І адказ прапагандыстаў на гэтую хвалю, якая пачалася ў незалежных СМІ, паказвае, што ўлады не хочуць вырашаць праблему. Ім галоўнае — адмахнуцца і прыпісаць рэальнай праблеме захавання гістарычнай спадчыны ў Гомельскай вобласці “палітыку”. Замест таго, каб проста сказаць, што грошай няма, яны проста кажуць пра «палітычны душок»”, — падсумаваў рэстаўратар.

Штодзень

Related posts

Ад “Трох чарапах” перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць

Ларыса Шчыракова: Прырода ў Непале можа быць небяспечнай нават у спакойным стане, а калі разбушавалася стыхія, то выратавацца немагчыма.

Наста Сасыкбаева: “Для нас гэта не карнавал, для нас гэта палітычная акцыя”