Навіны горада

Чаму не трэба запісваць чалавека ў ворагі праз яго “мутныя” погляды

У такі няпросты час трэба шукаць глебу для аб'яднання і думаць разам, як палепшыць жыццё

Фота: voiceofbelarus

Вельмі не люблю навешваць на людзей цэтлікі: вось гэты – неадукаваны вясковец, вось той – лайдак і п’яніца, тут – хатняя гаспадыня-квактуха, там – кар’ерыстка, якой пляваць на сям’ю. Жорсткае дзяленне на катэгорыі (узрост, пол, веравызнанне, нацыя і інш.) заўсёды было коранем, з якога расце ўзаемная нянавісць. Часцяком мы дзелім людзей на «сваіх» і «чужых», прыпісваем ім стэрэатыпныя якасці і выбудоўваем адносіны выключна па цэтліку, прадузята ставячыся да асобы. Многім з нас зручна думаць стэрэатыпамі, але гэта вядзе да нецярпімасці і варожасці.

У свеце палаюць дзясяткі ваенных канфліктаў, у аснове якіх –міжрасавая або міжэтнічная непрыязнасць. Нават у цалкам цывілізаванай краіне чалавека могуць збіць за тое, як ён выглядае. А ўжо колькі дзід ламаецца ў інтэрнэце толькі праз тое, што апанент належыць да іншага лагера, а значыць, заслугоўвае хамства і абраз (што датычыцца спрэчак з такімі кадрамі – вы ж не станеце дзесьці на вуліцы на карачкі, каб пагаўкаць у адказ дурнаватаму і злоснаму сабаку?)))

Дык вось, ніякіх цэтлікаў я не люблю, у тым ліку «ватнікі» і «ябацькі». За пару апошніх гадоў жыццё паказала мне, што не бывае толькі «белага-чорнага», «поўначы-поўдня» і «гарачага-халоднага».

Мне кажуць, што наша грамадства хворае. Што не было б рэпрэсій у нашай краіне, не разгарнулася б вайна ў суседняй, калі б большасць людзей не падтрымлівала моўчкі той лад, які існуе сёння. Мне кажуць, што нельга пераканаць дурняў, якія не заўважаюць, як злодзеі ператвараюць краіну ў непрыдатнае для жыцця пекла, якія так прывыклі шукаць добрае ў памыях, што пачалі любіць гэтыя памыі, якія падмяняюць паняцце «любоў да Радзімы» лакейскім паняццем «любоў да дзяржавы».

Мне сустракаліся такія. І вось што цікава: калі ў прыватнай размове спытаць, што не падабаецца ў сучаснай Беларусі і што б яны хацелі змяніць – паверце, знойдзецца нямала пункцікаў. Заробкі і пенсіі, беспрацоўе і падаткі, кошты ў крамах і аптэках, медыцына і адукацыя, стаўленне да грамадзян з боку чыноўнікаў, расейская ваенная тэхніка на нашай тэрыторыі (мы ж мірныя людзі, ага), немагчымасць наведаць еўрапейскія (і не толькі) краіны, пабачыць свет…

Да майго вялікага здзіўлення, я сустракала людзей з георгіеўскай стужкай на аўтоўцы, якія выступалі супраць расейскай агрэсіі ва Украіне і дзе б ні было. І былую каляжанку з дзяржаўным сцягам на аватарцы, якая марыць пра парламенцкую рэспубліку, таму што «хопіць ужо з нас розных прэзідэнтаў, добрых нідзе не бачыла».

Таму я не спяшаюся запісваць чалавека ў ворагі праз яго мутныя, часам незразумелыя для яго самога погляды. Тым больш у такі няпросты час, калі трэба шукаць глебу для аб’яднання і думаць разам, як палепшыць жыццё.

І для заканчэння вайны, і для змен у Беларусі пераконванне так званых «ватнікаў» ды «ябацькаў» – справа даволі важная.

Здараецца, што рукі апускаюцца, гледзячы на рэпрэсіі і іншыя нягоды. У такія хвіліны мы можам ненавідзець і ставіцца з пагардай вось да такіх кадраў. Можам адчуваць любыя эмоцыі. Але пакінуць служэння свайму народу і краіне не можам.

Вы ж ведаеце, што падобнае прыцягвае падобнае. Скажу іншымі словамі: «Які па дарозе ідзе – такіх і сустракае»

Няхай нас становіцца болей.

Штодзень

Аўтарка: Мар’яна Ліс