“Чэкісты таксама адчынялі свае дзверы”

by homieldays

Карыстальнікі Фэйсбука посцяць фатаграфіі ў 21 год і згадваюць розныя гісторы з гэтага перыяду жыцця. Колішняя гомельская журналістка Ірына Макавецкая (цяпер жыве ў Нямеччыне) згадала тыя часы, калі незалежныя беларускія журналісты маглі “адчыніць дзверы ў любы кабінет. У тым ліку, і ў КДБ”.

Дачакалася фатаграфія свайго часу! Мне 21 год з невялікім. Ужо некалькі год я працую карэспандэнтам БелаПАН і Беларускай дзелавой газеты ў Гомельскай вобласці. Часы былі такія, што адчыніць дзверы ў любы кабінет было прасцей простага. І задаць любое пытанне таксама. І кабінеты таксама адчынялі свае дзверы. Рэгулярна праводзіліся сустрэчы з журналістамі ў губернатара, у міліцыі, у ДАІ, на прадпрыемствах…

Гэтае фота зроблена ў абласным упраўленні КДБ. Так, чэкісты таксама адчынялі свае дзверы. Начальнікам упраўлення тады быў Мікалай Міхайлавіч Караткевіч. Хітры, вясковы хлопец, праўда, ва ўзросце. У яго была нейкая прыродная інтуіцыя. Я думаю, у іншых абставінах ён быў бы класным менеджарам. Яму было нялёгка нас, журналістаў, цярпець. Але ён цярпеў, разумеў, што цяпер так трэба рабіць, і нават жартаваў у адказ на нашыя просьбы “паказаць засценкі КДБ”.

І вось неяк улетку ён запрасіў нас на сустрэчы з нагоды затрымання банды, якая штосьці там варочала і скупляла золата. Крыж і ланцуг, якія не мне, былі канфіскаваныя пры вобыску. І Караткеівч дэманстраваў іх нам у ліку іншага “ўлову”. У нейкі момант ён прапанаваў мне іх прымераць. Хтосьці з хлопцаў, падаецца, гэта быў Сяргей Халадзілін з БелТА, зрабіў гэтае фота. Але гісторыя на тым не скончылася. Мікалай Міхайлавіч прапанаваў мне …разыграць ягоных супрацоўнікаў.

“Ірына, схавайся за дзвярыма. Я цябе паклічу”, — і на гэтых словах ён адчыніў дзверы ў кабінет.

— Тааак… хто з вас адказвае за захаванне рэчавых доказаў? Вы? Дык вось: мы цяпер затрымалі на вуліцы жанчыну. Крыж і ланцуг на ёй вельмі падобныя на тыя, што праходзяць па справе. У вас нічога не знікла?

І ён паклікаў мяне… Вось кажуць, што чалавек можа пабялець на вачах… і нават пасівець. Клянуся, я бачыла, як хваля страху, пазбаўлення звання, крымінальнага пакарання — усіх наступстваў, якія можна ўявіць сабе за гэтыя імгненні, — пракацілася па тварах супрацоўнікаў. Мне падалося, што Караткевіч сам не чакаў такой рэакцыі. Ён паспяшаўся перавесці ўсё ў жарт.

А праз тры гады дзверы КДБ зноў закрыліся. Памятаю, як сядзела пад вокнамі адной моладзевай арганізацыі, калі чэкісты праводзілі там вобыск. “Ірына, ідзі дадому. Мы ўсё роўна табе нічога не распавядзём”, — казаў мужчынскі голас праз балконныя дзверы. А потым, яшчэ праз некалькі год, за пару гадзін да нейкага важнага мітынгу, я стаяла непадалёк ад будынку КДБ і назірала, як з яго па чарзе выходзяць мужчыны сярэдніх год… джынсы, скураная куртка, кепка… джынсы, скураная куртка, кепка… ды на любым заводзе шмат такіх працоўных… непрыкметныя, няўлоўныя… вочы і вушы рэжыму.

Апошні раз я была ў гомельскім КДБ, напэўна, у годзе 2003-2004. Я папрасіла паглядзець справу аднаго яўрэя, якога чыясьці чулая рука выратавала ад расстрэлу, сцёршы частку паказанняў… Мне хочацца верыць, што ў КДБ дагэтуль засталіся людзі, якім не ўсё роўна, што адбываецца. І я нават веру, што ў іх маюцца сціркі.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png