Быць беларусам

by ZB

Не адзін дзесятак гадоў ідуць спрэчкі, што значыць быць беларусам, якая нацыянальная ідэя беларусаў і ці існуе яна ўвогуле?


Для кагосьці галоўны пункцік – гэта нарадзіцца на тэрыторыі, якая на мапе пазначана “Беларусь”. Для кагосьці ядром беларускасці з’яўляецца родная мова. Для некага – незалежнасць і суверэнітэт, для іншых – наяўнасць старадаўняй гісторыі. Усё гэта не можа разглядацца асобна. Напрыклад, у свеце мноства двухмоўных нацый. Дастаткова і тых, чыя асноўная мова – ангельская альбо іспанская – і гэта ніяк не замінае людзям цвёрда ведаць, што яны не ангельцы і не іспанцы. Сучасныя амерыканцы не могуць пахваліцца доўгай гісторыяй і роўным этнічным складам, а моцы іх нацыі можна толькі пазайздросціць.

 Выходзіць, што нацыянальная ідэя – гэта не толькі пра паходжанне, мову і тэрыторыю. Гэта сімвалічная катэгорыя, яна пра тое, у чым людзі бачаць сэнс жыцця.

 Канешне, калі з тэлевізара штодня беларусу талдычаць, што ён млявы і абыякавы, а для яго шчасця (чаркі, скваркі і мірнага неба) усё робіць дзяржава – то якая там можа быць нацыянальная ідэя… Таму мы часам пытаемся ў сябе і адно ў аднаго: “Мы – беларусы? Мы – нацыя? А якая ў нас нацыянальная ідэя?”

 У такія моманты здаецца, што наша нацыянальная ідэя – гэта бясконцае канструяванне сябе як нацыі і бясконцая цяга да ідэалу…

Між тым, нашае грамадства ўжо зразумела, што яно – грамадства, і што гэта больш ганарова, чым пазначаная на мапе дзяржава. На сёння мы маем актыўную грамадзянскую супольнасць. Цуды самаарганізацыі, узаемадапамогі і салідарнасці, якія праяўляюць нашыя людзі, паказваюць, што беларусы ўмеюць дзейнічаць хутка, прадумана і скаардынавана. Менавіта ў гэтым мне бачацца парасткі дэмакратычнага грамадства і наш сэнс жыцця – дапамагаць таму, каму горай за цябе.

Апошнія два гады нашыя эмацыйныя арэлі бесперапынна гушкаюцца: то годна быць беларусам, то страшна быць беларусам, то сорамна і цяжка быць беларусам, то пачэсна быць беларусам.

Самае важнае тут – быць беларусам. Часам гэта годна, часам страшна і цяжка – у свеце не бывае толькі добрага ці дрэннага, толькі белага ці чорнага. Мы ідзем сваім шляхам і дзейнічаем так, як можам у нашай цяперашняй дзяржаве, умовах і абставінах.

Галоўнае, што мы дакладна ведаем, што мы – вялікае і цэлае. Мы – беларусы. Мы – нацыя. І змагацца з нацыяй куды цяжэй, чым з «насельніцтвам» ці «народцам».

Штодзень https://t.me/shtodzien

Аўтар: Мар’яна Ліс

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png