Блогерка Вольга Такарчук пра Гомельскае СІЗА: «Гэта была нейкая радасць, калі бачыш усход і заход сонца, пасля столькіх месяцаў адсутнасці сонечнага святла»

by ZB

Былая палітзняволеная блогерка Вольга Такарчук дзеліцца сваімі ўспамінамі пра часы за кратамі. «Штодзень» прыводзіць яе маналог пра ўмовы ўтрымання ў гомельскім СІЗА.

Вольга Такарчук. Фота: ПЦ “Вясна”

 

Этап у Гомель

«Гэта вельмі жорсткая, цяжкая дарога. У маленькім «недакупэ» нас было каля дзесяці чалавек. Мы былі з вялізнымі сумкамі. Было вельмі горача, было вельмі цесна…

Гэта тысячны і тысячны здзек над людзьмі і прыніжэнне іх правоў і годнасці».

«У палітычных забіраць гадзіннікі, кіпяцільнікі, запальнічкі. Гэтыя рэчы павінны этапам ісці за табой, пасля па заяве табе гэта аддаюць. Але мае ўсе рэчы памылкова паехалі ў магілёўскае СІЗА ці калонію. Вельмі доўгае вяртанне было ўсяго

У выніку бацькі мне набылі столькі кіпяцільнікаў, што ў мяне іх было тры ці чатыры, пакуль той вярнуўся».

 

Гомельскае СІЗА

 

«Я не магу сказаць пра большасць супрацоўнікаў гомельскага СІЗА нічога кепскага. Іх адносіны вельмі адрозніваліся ад іх калегаў з Жодзіна.

У Жодзіна большасць глядзела мае відэа, дзе я казала, што ў сілавыя структуры ідуць тупыя, вясковыя хлопцы, у якіх няма іншай магчымасці сябе рэалізаваць… Калі мяне саджалі ў карцар мне было сказана: «Ты за свае выказванні цяпер і адкажаш».

Калі я прыехала ў Гомельскае СІЗО, там таксама многія мяне пазнавалі. Але пазнавалі з нейкай цеплынёй, і мне падаецца, ім нават было прыемна са мной пазнаёміцца. Калі яны даведваліся пра мой лёс, шмат хто казаў: «Мы ж у вас верылі, чаму вы не даціснулі».

З аднаго боку мяне брала злосць: што значыць вы ў нас верылі? Мы такія ж людзі, як і вы. Мала верыць, трэба браць і рабіць. Каб вы, супрацоўнікі сілавых структураў, таксама выйшлі і пайшлі за народам, можа быць, нешта бы і памянялася.

З другога боку, было прыемна, што яны хаця б таксама хочуць пераменаў, і не ўсе трымаюцца за свае ільготы, кватэры, работу…

У мяне моцна балела нага і спіна. І я была ў шоку, калі мне далі пасцельны рэжым і дазволілі спаць на ніжнім ярусе».

 

Умовы гомельскага СІЗА

 

«У гомельскім СІЗА паганыя ложкі. Там на вельмі вялікай адлегласці адна ад адной знаходзяцца металічныя бэлькі, на якія кладзецца матрац. А ён вельмі тонкі, і калі ты на яго кладзешся, яно ўсе правісае, ажно да падлогі.

Хто што можа ў гэтай сітуацыі. Хто ніткамі спрабуе абматаць нейкімі, хто цёплыя рэчы просіць, каб прынеслі, і падкладае.

Мне атрымалася выпрасіць добры, тоўсты матрац. Ён у мяне быў у камеры ў адной».

«Гомельскае СІЗА быццам бы пасля рамонту, але там няма гарачай вады. Гэтая агідная працэдура награвання кіпяцільнікам вады ў тазіку, і вядры, каб памыцца, памыць бялізну – гэта ўсё вельмі цяжка».

«У камеры акно было без «раснічак». Гэта было акно і краты, але краты былі тонкія, і мы бачылі неба. Гэта быў унутраны дворык, куды прыязджала пошта, прадукты, хлеб, дзе была «курылка» ў супрацоўнікаў.

І гэта была нейкая радасць, калі бачыш усход і заход сонца, пасля столькі месяцаў адсутнасці сонечнага святла».

«Бывалі дні, калі былі прагулкі па гадзіне-паўтары. У гомельскім СІЗА ёсць розныя дворыкі: ёсць унізе, яны такія ж, як у Жодзіна, ці на Валадарцы, там гуляеш пяць-дзесяць хвілінаў, ёсць дворыкі на даху. Яны вялізныя, і там можна было ўдосталь пахадзіць, пагаварыць, размяць свае косткі».

«Мне пашэнціла. Мне рабілі ўсе абследаванні, якія я прасіла. Зрабілі УГД, абследаванне па-жаночы, кардыёграмы – рэчы, якія не дапросішся ў Жодзіна ці на Валадарцы».

«Там вельмі складаная працэдура перадачы медыкаментаў. Калі ў Жодзіна ты проста пішаш маме: «Мама, трэба тое і тое», – і табе гэта бацькі прывозяць. Што возьмуць, што не, але проста перадаюць. Тое ж і на Валадарскага.

То ў Гомельскім СІЗА ты павінны напісаць заяву ўрачу са спісам лекаў, якія табе трэба. Яна глядзіць, што лекі патрэбныя, падпісвае паперу. Ты гэтую паперу адсылаеш дадому. Дома па ёй збіраюць пасылку, і яе з гэтай паперай дасылаюць ці прывозяць. Прымаюць лекі роўна па спісе ў падпісанай урачом паперы.

Гэта ўсё, канечне, вельмі доўга. Але, дзякуй Богу, мне ўдалося атрымаць усе лекі, якія я хацела. І там выдавалі лекі па неабходнасці».

«У Гомельскім СІЗА пасля рамонту цікавы душ. Там такія краны, на якія ты націскаеш, вада нейкі час цячэ, пасля ён адскоквае, і вада спыняецца. Каб нармальна памыцца, ты бярэш з сабой нейкія анучкі і гэты выключальнік вады прывязваеш да самога крана, ці душа, каб ён быў увесь час націснуты».

 

Пра салідарнасць ад супрацоўнікаў

 

«Мне спатрэбілася нітка, і я ў той час ці мылася, ці сціралася – карацей, у прыбіральні. Мужчына-працаўнік прынёс гэтую нітку, і дзеўкі падышлі яе ўзяць Ён кажа: «Не, мне патрэбна Оля Такарчук».

Я падыходжу да кармушкі, нагінаюся, ён адмотвае ніткі і кажа: «Ну табе ж хопіць, каб шарыкі запусціць?» (менавіта за гэтую акцыю затрымалі Вольгу Такарчук, «Штодзень»).

І гэта было так прыемна, і я расплакалася. Я спытала: «Вы глядзелі? Ён кажа: «І глядзеў, і вельмі ганаруся табой».

«Была жанчына, якая глядзіць за камерамі, за прадолам, яна прыйшла ў мяне пытацца рапарт. Я выглядаю, у яе быў бел-чырвона-белы манікюр, і яна так кладзе на кармушку руку з гэтымі прыгожымі нафарбаванымі пазногцямі і кажа: «Давай рапарт».

Кажу: “Госпадзе, ну, можа, ужо хопіць яго здаваць”. І яна мне кажа: “Ну але ж здаваць такі рапарт – гэта гонар”.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png