У канцы студзеня стала вядома пра праблему казінай фермы «Вахавяк»: дырэктар сама звярнулася да СМІ. Праблема з падаткамі. Пад матэрыяламі сабралося шмат каментароў у падтрымку: мясцовыя жыхары і на чыноўнікаў скардзіліся, якія адціскаюць бізнес, і патрабавалі справядлівасці ў Лукашэнкі. Але, гледзячы на матэрыял, які выйшаў у галоўнай прапагандысцкай газеце рэгіёну, пакуль спадзявацца на літасць бізнесоўцам не варта.

Што адбылося
Пра гісторыю сельскагаспадарчага прадпрыемства «Вахавяк+» «Штодзень» даведаўся ад аўдыторыі: «Там скатамагільнік побач, недалёка — Сінічына. Там быў свінакомплекс, а цяпер там разводзяць коз, і падатковая з усіх бакоў накрыла, так што закрыюць!!!»
Рахунак, які выставіла прадпрыемству падатковая – 312 тысяч рублёў (плюс пеня за два гады). Пры гэтым парушэнні раней не заўважалі.
На гэты момант на ферме жывуць каля 400 коз, калі прадпрыемства закрыецца, іх лёс незайдросны.

Ферма «Вахавяк+» працуе на месцы былога свінакомплекса, які закрыўся (ён працаваў з 2009 года, сярод заснавальнікаў быў і грамадзянін Польшчы, на піку было 14 тысячаў свіней, прадпрыемства было акрэдытаванае для паставак мяса ў Кітай) праз успышку хваробаў у 2022 годзе. Тады ўсіх жывёлаў забілі. Заснавальнікі, якія засталіся, пачалі разводзіць коз.
Сярод заснавальнікаў яшчэ ў 2025 годзе быў Азамат Борсаў (да гэтага часу значыцца на сайце як генеральны дырэктар як і С.В. Патапаў, а на іншых сайтах яшчэ і Сяргей Гаеўскі). У жніўні 2025 года менавіта Борсаў паказваў «кіраўніцтва раёна» ферму. На той момант у іх быў буйное рагатае быдла і авечкі. Ураджэнец расійскай Карачаева-Чаркесіі, спартсмен Борсаў тады распавядаў, як працуе на ферме ў Буда-Кашалёве разам з падначаленымі, а цяпер ніяк не фігуруе ў новай праблемнай гісторыі.

Азамат Борсаў праводзіць экскурсію па ферме для раённага начальства
Грамадская думка на баку бізнесу
Гэтая гісторыя выклікала гарачы водгук у сацсетках. Прычым, даволі адназначна можна сказаць, што людзі на баку бізнесу, шкада і коз і гаспадыню. Падзялілася рэакцыя хіба ў адным: адныя не вераць чыноўнікам і ўладам у цэлым, другія палымяна патрабуюць пісаць лісты Лукашэнку, ужо ён-та разбярэцца.
«Якія прыгожыя казляняткі, такія дагледжаныя. Дапамажыце людзям, у каго ёсць магчымасць захаваць такую карысную справу і гаспадарку», – напісала АК пад адным з матэрыялаў.
««Вахавяк» – вельмі добрая гаспадарка, будзе шкада, калі яго не будзе. Там жывёлы не будуць жыць у дзярме», – напісала Л.К.
Значна больш каментароў, якія незадаволеныя паводзінамі чыноўнікаў. «Развіваемся, прыносім карысць сабе і людзям. Чыноўнікі і дзяржава: завалім вас падаткамі, каб задушыліся… “краіна для жыцця”», – адзначыў М.М.
«Вы мільённы прадпрымальнік, якога беларуская ўлада прапусціла праз свае жорны. Пра тое, пра што вы пішаце, — гэта не парадокс, а аксіёма. Выхад толькі адзін — выратаваць усё, што магчыма: ператварыць у купюры і пакласці ў сваю кішэню. Падатковая забярэ ўсё да капейкі. Плюс яны адразу ж перададуць справу выканаўцам, і тыя забяруць + 20% іска. Пойдзеце ў суд — прайграеце, вядома, але страціце грошы на пошліне, на адвакатах і на штрафе за тое, што вырашаеце спрэчку ў судзе… Рабіць бізнес у краіне, дзе «не да законаў», — гэта самагубства!» – апісаў А.У.
Людзі адзначалі, «што ўсе супраць прыватнікаў», «дзяржаўныя органы і асабіста падаткавікі і санстанцыя заўсёды палкі у калёса людзям і частным прэдпрыемствам ставяць, знішчаюць частны бізнес, выціскаючы апошнія сокі і грошы», «толькі бы штрафы даць і ўсё знішчыць», «шкада рабочы народ і жывёлаў». Нават гучалі парады прадпрымальніцы тэрмінова з’язджаць з Беларусі.
Ёсць прэтэнзіі да кампетэнтнасці падаткавікоў: «Чаму менавіта цяпер толькі ўбачылі? Значыць, той, хто гэтага не ўбачыў, няхай у яго за два гады забяруць заробак, бо дрэнна працаваў, і штраф 312 тысяч». А А.К. лічыць: Цяжарныя козы не павінны адказваць за некампетэнтнасць супрацоўнікаў падатковай службы. Гэта не першы выпадак пагалоўнай непісьменнасці тых падатковых інспектараў, якія прымаюць дэкларацыі з найгрубейшымі памылкамі, але працягваюць займаць пасаду, у якой нічога не разумеюць, акрамя базавага дакументазвароту».
Адносна шмат каментароў у стылі «цар добры, баяры кепскія». Нават склалася ўражанне, што гэта можа быць спецыяльная інфакампанія. Але «прэзідэнтам» Лукашэнку амаль ніхто не называў.
С.М. патрабаваў: «Пішыце на імя АЛ! Да яго звяртайцеся!» ЕГ раіла скардзіцца «галоўнаму чалавеку ў краіне».
Але гэтыя парывы ў шмат каго выклікалі смех. «А дзе крЭпкі гаспарнік, зноў мапамі заняты?» – спытаў І.Ш. К.М. дадаў: «Заср*ныя каровы не падабаюцца, чыстыя козы таксама?» «Краіна беззаконня, шклоўскага дурня і ягоных дупалізаў», – перакананы У.М. «Тэрмінова ліст бацьку Лукашэнкі!» – смяяўся С.Ц.
«Што вы хочаце ад вашага прэзідэнта, ён усё ведае. Краіна маленькая, лёгка прасачыць. Усе Сталіна выгароджвалі, маўляў, не ведаў. Навошта такі патрэбны, калі не ведае. Усё ён ведае, проста закрывае вочы.», – напісала Н.П.
«Падобна, я недзе ўжо чуў, што баяры кепскія, вось прыедзе барын, барын нас рассудзіць», – напісаў А.П.
«Шкада, нічога не змянілася ў свядомасці «лехтарата»», – напісаў на прапанову пісаць Лукашэнку В. А Дз. Перакананы, што ферма спатрэбілася камусьці з набліжаных, В.В. падкрсэліў, што ў краіне «павінныя працаваць законы, а не праз вырашалу ўсё рабіць», А. дадаў, што «царам пляваць на халопаў».
«Дыктатар загнаў усю Беларусь у галечу, тупік», – лічыць А.
Перспектывы
Падавалася б, пасля такой рэакцыі, шматлікіх заклікаў да Лукашэнкі, дыктатар можа з баярскага пляча дазволіць козам і сельгазпрадпрыемству жыць. Але пасля гэтага ўсяго ў галоўнай прапагандысцкай газеце выходзіць артыкул, які ставіць калі не тлустую кропку ў гэтых надзеях, то вялікі пытальнік.
Прапагандысты прыгадалі Людміле Гуленковай «інтэрв’ю, у тым ліку экстрэмісцкім СМІ» (хаця гэта ўвогуле адкрытая хлусня) і, падаецца, давялі яе да слёз, пра што так і напісалі ў матэрыяле.
Падаткавікі ў сваю чаргу лёгка раскрылі асабістую інфармацыю пра прадпрымальніцу. Асноўнае абвінавачванне, пра якое яны заявілі: «Плацельшчык сказіў у справаздачных дакументах памер удзельнай вагі выручкі ад рэалізацыі менавіта сельгаспрадукцыі (што патрабавалася ўмовамі рэжыму падаткаабкладання, «Штодзень»). Падатковыя органы накіравалі парушальніку паведамленне аб выяўленым неадпаведнасці. Аднак у добраахвотным парадку ўхіляць парушэнні і выплачваць належную суму падаткаў плацельшчык адмовіўся». Але падаткавікі прыгадалі і перапрададзеныя дарагія аўтамабілі. Тыя аўтамабілі, якія далі назву для прапагандысцкага матэрыялу: «Нехта на Паршэ, а козы на нажы».

Тон артыкула спачувальны хіба да «падманутай» дзяржавы і падаткавай. А яны аказаліся ў гэтым стане толькі таму, што даходы ад продажаў малака нават на адносна паспяховай ферме значна ніжэйшыя ад продажу некалькіх будынкаў.
Аўтар артыкула вядомы прапагандысцкімі артыкуламі Раман Старавойтаў. Толькі вось у 2022 годзе ён хваліў «Вахавяк+». Артыкул так і называўся «Самае станоўчае мяса». Тады «станоўчым» было і тое, што прадпрыемства ледзь выбралася з мінулых праблемаў: у мінулых гаспадароў рахункі былі заблакаваныя пасля таго, як схемы паставак мяса з Украіны былі прызнаныя сілавікамі падазронымі. Тады Борсаў пісаў Лукашэнку, і гэта дапамагло. Кіраўнік фермы планаваў і самба ў раёне падымаць.
Але калі паступіў сігнал, прапагандысты не гатовыя спачуваць ні бізнесу, ні людзям, ні нават козам, якія, як бачна па фота і відэа, ўтрымліваюцца ў значна лепшых умовах, чым у калгасах. У гэтай сітуацыі надзеі ў «Вахавяка» амаль не засталося.
Штодзень
Фота: Авангард