Таццяна Кублашвілі нарадзілася ў Гомелі, скончыла тут школу і універсітэт, пасля выкладала ў БелДУТ шэраг сучасных архітэктурных дысцыплін. Прымала актыўны ўдзел у гомельскіх пратэстах 2020 г., не хавала сваю пазіцыю на працы. У студзені 2021 выкладчыца сышла з ВНУ у знак салідарнасці з рэпрэсаваным калегам Яўгенам Малікавым. Вясной таго ж года разам са сваім мужам Аляксеем і маленькімі дзецьмі была вымушана з’ехаць у Польшчу, зараз сям’я жыве ў Гданську. “Штодзень” паразмаўляў з Таццянай пра звальненне з БелДУТа, вымушаны пераезд, архітэктуру як сацыяльную справядлівасць і жыццё ў эміграцыі.
Акурат перад пачаткам нашай размовы з’явілася навіна пра тое, што беларускі ўрад разглядае закон аб пазбаўленні грамадзянства палітычных эмігрантаў. Што вы думаеце на гэты конт?
Я не здзіўлена. Мы ў Беларусі прызвычаіліся да вар’яцкіх рэчаў — нас складана ашаламіць. Да таго ж, калі ў лютым быў рэферэндум па канстытуцыі, тыя, хто знаходзіліся за мяжой, ужо не мелі грамадзянскіх правоў, каб прыняць у ім удзел. У гэтым напрамку сітуацыя ішла з 2020-га года, калі людзей пачалі выціскаць з краіны, а тыя, хто з’ехаў, былі пазбаўлены магчымасці вярнуцца. Можна лічыць, што гэта і ёсць пазбаўленне грамадзянства.
Колькі вы ўжо з сям’ёй не ў Беларусі?
З траўня 2021 года. 4 траўня нам патэлефанавалі са Следчага Камітэта і запрасілі мужа на размову. Па якой справе — не казалі. Мы тады адразу вырашылі, што нам патрэбны чамаданы. Візы ў нас былі адкрытыя — мы ведалі, што мы на “алоўку” і за намі сочаць. Праўда, да гэтага папярэджанні тычыліся толькі мяне. Мы вырашылі не гуляць у латэрэю — на наступны дзень былі ўжо самалёце “Мінск-Варшава”.
Ці шукалі вас пасля ад’езду, ці пісалі вам следчыя?
Мая маці і свякроў даставалі з паштовай скрыні запрашэнні прыйсці на размову. Была нават смешная ідэя паперапісвацца са следчым, але не сталі на гэта час марнаваць. Пачуцце гумару — гэта добра, але ў Беларусі знаходзяцца нашыя родныя.
Я правільна разумею, што вы пакуль не збіраецеся ў Гомель?
Пакуль не зменіцца рэжым — мы нават у госці не можам прыехаць — рызыкі неапраўданыя. Але раней ці пазней рэжым упадзе, я ў гэтым не сумняюся. Праўда, ці вернецца наша сям’я ў новую Беларусь, я не магу адказаць з упэўненасцю — нашы дзеці ўжо вучацца ў польскай школе.
Існуе шведскае даследаванне, згодна якому эмігрантам патрэбна ў сярэднім 4 гады, каб зачапіцца на новым месцы. Пасля мала людзей вяртаеца на Радзіму. Але хочаца аптымістычна глядзець на будучыню краіны.
Я літаральна нядаўна падала дакументы ў Варшаўскі універсітэт на курс па мясцовым самакіраванні. Заняткі арганізаваныя для беларусаў, каб тыя, калі прыйдзе час новай Беларусі, змаглі ўтвараць сістэмы мясцовых самакіраванняў. Ведаеце, з аднога боку, нейкіх планаў — мы вернемся — няма. Але чамусьці ж я гэтыя дакументы туды падала! Але я ў захапленні ад гэтай ідэі. Упэўнена — па такім польскім прыкладзе і павінна адбывацца самакіраванне. Людзі, якія на месцах, — лепей разумеюць мясцовыя праблемы і ньюансы. І менавіта іх рашэнні павінны ўспрымацца наверх па вертыкалі, а не наадварот.
У вас вельмі важная спецыялізацыя — архітэктура. Ад таго, як сканструяваны архітэктурныя аб’екты, якія нас атачаюць, залежыць камфорт, псіхічнае і фізічнае здароўе. У 2019 годзе вы курыравалі студэнтаў, якія займаліся распрацоўкай інклюзіўнай дарожкі да гарадскога пляжа — гэта, да ўсяго, вельмі грамадская гісторыя.
Я лічу, што ў мяне была найлепшая на свеце праца, мне вельмі пашанціла з дысцыплінамі. Адна датычылася універсальнага дызайна, якраз пра інклюзіўныя прасторы. Пра стварэнне горада, улічваючы пры гэтым інтарэсы ўсіх груп насельніцтва, у тым ліку найбольш уразлівых. І гэта ўжо не толькі пра архітэктуру, але пра сацыяльную справядлівасць. Мы са студэнтамі бралі ўдзел у конкурсах, таксама рабілі інтэр’ер для сацыяльнага інклюзіўнага цэнтра.
Таксама давялося весці інавацыі ў архітэктуры, і такую дысцыпліну, як параметрычная архітэктура. Што тычыцца апошняй — я сама знайшла праграмнае забеспячэнне, курсы, і мы разам са студэнтамі вучыліся рабіць тое, чым займаюцца самыя сучасныя архітэктары ў свеце. Мы нават рабілі параметрычную рэч — падрыхтвалаі мадэль, каштарыс, але быў патрэбны выдрук на ЛПК-станку, і гэта каштавала грошай. БелДут нам абяцаў фінансаванне, але калі рэктар даведаўся пра мае палітычныя погляды — мы атрымалі адмову ў апошні момант. Гэта было акурат напярэдадні майго звальнення.
Але пасля гэтага не засталося сумневу, што беларуская адукацыйная сістэма — адлюстраванне таго, што адбываецца ў краіне. І гэта сістэма нежыццяздольная. Сапраўдны рух будзе толькі тады, калі студэнтам і выкладчыкам дадуць свабоду, якая патрэбная ў адукацыі. Як у Крэмневай Даліне. І такая сістэма можа быць у Беларусі. Я бачыла нашу моладзь і лічу, што мне давялося працаваць з найлепшымі людзьмі. Яны ў сілах вывесці краіну на еўрапейскі ўзровень.
Для студэнта звальненне добрага выкладчыка — вялікая траўма. Ці былі засмучаныя вашыя студэнты, ці падтрымліваеце вы зараз сувязь?
На апошнія нашы заняткі студэнты прынеслі торт, які самі спяклі. Мне здаецца, гэта былі вельмі душэўныя нефармальныя адносіны. Я падтрымліваю сувязь з выпускнікамі, але мой статус дастаткова небяспечны, таму я стараюся не ладзіць зносінаў з тымі, хто яшчэ вучыцца, каб не нашкодзіць.
Калі вы распавядаеце пра сваю працу ва універсітэце — ў вас пачынаюць свяціцца вочы. Як хутка вы прынялі рашэнне аб звальненні?
Напачатку верасня, калі я пабачыла сваіх калег і зразумела, што большасць падыходзіць да сітуацыі па-камфармісцку — я ўпершыню дапусціла гэту думку. Таксама я разумела, што не маю права патрабаваць ад іх нейкайі пазіцыі. Мае становішча адрознівалася ад большасці з іх — муж ужо стаў айцішнікам, я мела фінансавую свабоду прымаць прынцыповыя рашэнні.
Далей была сітуацыя з Малікавым, калі студэнты вышлі ў знак салідарнасці пастаяць на ганку БелДута — рэакцыя універсітэта мяне ўразіла. Потым былі нейкія сходы, на якіх я чула ідэалагічныя рэчы, якія не ўкладваліся ў галаве.
Потым было звальненне Малікава, і паўстала пытанне пра працяг майго кантракту. На той момант у мяне адбылася асабістая размова з прадстаўнікамі адміністрацыі універсітэта, таксама прысутнічаў якісьці незнаёмы чалавек, які сядзеў за асобным столікам. Са мной размаўлялі ветліва, кантракт падаўжалі, але я зразумела, што нармальнай будучыні ва ўніверсітэце ў мяне не будзе. Пагаджацца на абражальныя умовы я была не згодная, таму звальненне стала пытаннем часу.
Агулам спрацавала ўсё ў сукупнасці. Я была б згодная на урэзаныя умовы, калі б універсітэт не займаў такую крывадушную пазіцыю, лаяльнасць не цанілася больш за прафесійныя якасці, а ва ўніверсітэце сапраўды можна было развівацца і атрымліваць нефармальную падтрымку ад кіраўніцтва. Але было занадта многа каменьчыкаў, якія схілілі вагі ў бок звальнення. Рашэнне я прыняла за адну хвіліну і напісала заяву.
Кіраўніцтва парадавалася, ці спрабавала вас адгаварыць?
Кіраўніцтва хутчэй здзівілася. А вось калегі з кафедры доўга ўгаворвалі застацца, але не ведаю, наколькі гэта быў шчыры клопат. Усе два месяцы да звальнення, калі я прыходзіла на працу, пыталі, ці не змяніла я рашэнне.
А як на ваша звальненне адрэагаваў Яўген Малікаў?
Не памятаю. Мне здаецца, ён разумеў мяне, чаму і што я раблю. Яўген Раманавіч калісьці быў маім выкладчыкам. Да падзей 2020-га года мы часам гутарылі на кафедры. Лічу, мы былі калегамі, якія не блага разумелі адно аднаго і маглі ў некаторых пытаннях размаўляць на адной мове. Цяпер мы падтрымліваем кантакт і часам стэлефаноўваемся.
Вы больш за год у эміграцыі. Як вам жывецца, як вы сябе пачуваеце эмацыйна?
Я лічу, што Польшча — добрая краіна для жыцця. Такой магла б быць Беларусь, калі б у 1994 годзе яна пайшла па іншым шляху. Эмігранцкая дэпрэсія ў мяне прайшла мякка — я не мела ціску наконт пошука працы, наадварот, дамовіліся з мужам, што першы год я проста да ўсяго прыглядаюся, дапамагаю дзецям адаптавацца да школы.
Напрыканцы зімы адчула энергію, каб распачаць нейкую дзейнасць, але пачалася вайна, і гэта падзея моцна выбіла нас з калеі. Вось толькі зараз больш-менш прыйшлі ў норму.
Я бачу, што вы ходзіце на акцыі мясцовых беларусаў. Гэта няпростае пытанне для шматлікіх актыўных беларусаў, якія апынуліся за мяжой — не ўсе бачаць у гэтым сэнс, маюць сілы. Адкуль вы бярэце энергію?
Людзі ў Беларусі зараз могуць толькі маўчаць. І калі замаўчыць яшчэ і беларуская дыяспара — мы атрымаем паўтор 2010-га года, калі людзі паспрабавалі, пацярпелі, але гэта апынулася ў сухім астатку нічым. Мы не маем права забыцца, увайсці ў бытавуху, даць слабіну сабе. Хадзіць на акцыі — дакладна тое, што трэба рабіць.
У Беларусі бадай у кожнай сям’і ёсць балючыя канфлікты дзяцей з бацькамі, звязаныя з палітычнай сітуацыяй. Вы пісалі пра падобны канфлікт з бацькам. Ці ёсць у вас нейкія змены ў адносінах?
Падзеі 2020-га года і вайна ва Украіне прайшлі лінніяй вадараздзелу па сэрцах беларусаў. Для мяне не прынцыпова — гэта бацька, сябар ці які старонні чалавек. Калі ён абірае бок хлусні і гвалту — гэта пазбаўляе нас магчымасці размаўляць на адной мове. Калі гэта датычыцца родных людзей — гэта асабліва балюча. Але я не буду мець прыяцельскіх адносінаў з людзьмі, якія апраўдваюць тое, што адыбвалася ў 2020-м, хто пажадаў не бачыць і прайшоў міма. У маіх адносінах з бацькам не можа быць ніякіх зрухаў, бо і яго і мая пазіцыя вызначаныя. Навошта шукаць кропкі сутыкнення ў галоўным пытанні — чалавечнасці, калі мы не бачым адзін аднога.
Вы б хацелі, каб бацька да вас прыехаў і паглядзеў на вас, на вашу сям’ю, на тое, што абдываецца ў іншай краіне?
Каб пераканаўся, што тут ёсць грэчка і цукар? Што праблема у палякаў — не голад, а што усе кафэшкі занятыя на выходных? І бацькі майго мужа, і мой — вераць тэлевізару, усхвалявана пытаюцца, як нашыя справы. Хацела б я яго у чымсьці пераконваць? Не ведаю, ці гэта б дапамагло. Чалавечае сэрца — складаная і непрадказальная рэч. Мабыць, калі б я яго абняла і сказала: “Тата, я разумею — ты прызвычаіўся, ты напалоханы зменамі напрыканцы жыцця, якія адбыліся у грамадстве і краіне, але паглядзі, усе насамрэч зусім не так, як распавядаюць у замбаскрыні”, — можа, штосьці б і змянілася. А можа і не. Не ведаю.
У вас столькі лёгкасці, вы так эмацыйна пра ўсё распавядаеце. І часта кажаце пра сваю грузінскую кроў, тэмперамент. Распавядзіце, калі ласка, пра свае карані.
Кублашвілі — грузінскае прозвішча майго бацькі, я калісьці вырашыла яго не мяняць. Але, акрамя таго, што майго дзядулю звалі Грыгорый Іларыёнавіч, я больш нічога пра грузінскую частку сваёй сям’і не ведаю. Дзядуля загінуў да таго, як я з’явілася на свет, тата не шмат пра яго ведаў ці не хацеў распавядаць. Але Грузія — гэта краіна маёй мары. Мы з мужам яе ажыццявім, як атрымаем польскае ВНЖ. Таму мне асабліва няма чаго казаць пра мае грузінскія карані, акрамя таго, што я спісваю на іх сваю эмацыйнасць. Але я лічу сябе беларускай. Калісьці я здзівіла матулю — пазначыла сябе беларускай, калі атрымлівала пашпарт. Але так ёсць. Беларусь — мая краіна, я яе частка
Штодзень https://t.me/shtodzien
Фота: з уласнага архіву гераіні матэрыяла