Амаль 300 тысяч еўра выдзелена са сродкаў ЕЗ на незалежную беларускую адукацыю

by ZB

Адукацыйны праект “Васьміног” завяршыў працу над першым этапам грантавага конкурсу адукацыйных праектаў. Усе дасланыя заяўкі прайшлі некалькі этапаў ацэнкі пры ўдзеле незалежных экспертаў і прадстаўнікоў арганізацый-партнёраў “Васьмінога”. “Уразіла не толькі колькасць заявак, але і разнастайнасць прапанаваных накірункаў дзейнасці і відаў актыўнасці. Сярод заяўнікаў было шмат вядомых навукоўцаў і педагогаў, дзеячаў культуры і навукі. Цэлыя зорныя калектывы. Шмат было таксама дэбютантаў са свежымі ідэямі. Конкурс быў сапраўды спаборніцкім, цікавым і напружаным…”, — такімі ўражаннямі падзялілася адна з экспертак, якая працавала над заяўкамі.

 

Было прынятае рашэнне падтрымаць праекты на суму 285 916 еўра. Каб зразумець, наколькі складана было выбіраць пераможцаў, прывядзем такі факт: агульная сума, якую заклалі ў бюджэтах усе 113 заяўнікаў, складае 3 811 200 еўра. То бок беларуская грамадзянская супольнасць, дыяспары і педагогі для рэалізацыі сваіх задумаў маюць патрэбу ў суме, якая ў 10 разоў перавышае цяперашнія магчымасці “Васьмінога”.

Як зазначаецца арганізатарамі конкурсу адукацыйных праектаў, “у сітуацыі вострай канкурэнцыі былі адабраныя 15 годных праектаў, рэалізацыя якіх істотна паўплывае на адукацыйную сферу ў Беларусі”. 


Былі выдзеленыя гранты на наступныя праекты:

– Навучанне дзяцей школьнага ўзросту з аўтызмам;

– Стварэнне адукацыйнага і інавацыйнага відэакантэнту для вывучэння беларускай мовы і гісторыі, гуманітарных дысцыплін для школьнікаў;

– Беларускамоўны падкаст па біялогіі (серыя крэатыўных перадач для школьнікаў);

– Распрацоўка праграмнага зместу гісторыка-грамадазнаўчага і філалагічнага блоку для настаўнікаў;

– Стварэнне падручніка па геаграфіі для старэйшых класаў;

– Падтрымка падлеткавага клуба; 

– Арганізацыя летніка і нядзельнага клуба для беларускіх школьнікаў у Літве і Польшчы;

– Падтрымка некалькіх школ выхаднога дня ў розных гарадах і краінах. 


Пры адборы грантаатрымальнікаў таксама ўлічваўся “геаграфічны” прынцып, каб былі падтрыманыя ініцыятывы беларускіх дыяспар у розных краінах знаходжання. Так, сярод пераможцаў Конкурсу — жыхары Польшчы, Літвы, Грузіі, Нямеччыны, Эстоніі і Беларусі. 

Нам было вельмі складана ў эмацыйным плане прымаць рашэнне пра адхіленне некаторых заявак, але, як бы мы ні хацелі, падтрымаць усе 113 праектаў мы не ў змозе. Тым, хто на дадзены момант не атрымаў фінансаванне на свае задумы, раім сачыць за абвесткамі “Васьмінога”. Увосені 2023 года будзе абвешчаны чарговы конкурс грантавых праектаў для адукацыйных ініцыятыў, на які можна будзе дадаць дапрацаваныя і новыя заяўкі“, — падсумоўвааюць першы этап Конкурсу прадстаўнікі “Васьмінога”. 

Праграма “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” накіраваная на адукацыйныя праекты для беларускіх школьнікаў, стварэнне інавацыйнай навучальнай анлайн-платформы для транспамежнай беларускаарыентаванай адукацыі і працу некалькіх каманд даследчыкаў. Агулам на праект, які будзе рэалізоўвацца цягам 26 месяцаў, са сродкаў ЕЗ выдзяляецца 1 млн. еўра.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png