Аляксандр Мілінкевіч і Гомель: выбары 2006 года і 6 тысяч на стадыёне

На 79-м годзе жыцця памёр беларускі палітык, грамадскі дзеяч, кандыдат фізіка-матэматычных навук, былы віцэ-мэр Гродна і кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч. Фота: Наша Ніва

 

Сёння яго згадваюць многія, але адной з галоўных старонак палітычнай біяграфіі Мілінкевіча застаецца 2006 год. Менавіта тады ён стаў кандыдатам у прэзідэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сіл і фактычна галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі ад апазіцыі.

Яшчэ адным папулярным апазіцыйным кандыдатам быў былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін, аднак менавіта кампанія Мілінкевіча здолела мабілізаваць вялікую сетку актывістаў па ўсёй краіне. Толькі на Гомельшчыне ў ягонай ініцыятыўнай групе было больш за 700 зборшчыкаў подпісаў. Пункты збору працавалі ў Гомелі, Мазыры, Рэчыцы, Жлобіне, Светлагорску.

Сустрэча Мілінкевіча з мінчукамі 25 сакавіка 2006 года. Фота: AFP

У архіўным матэрыяле Радыё Свабода актывістка пасля двух дзён працы на вулічным пункце збору подпісаў адзначала, што значная частка грамадства яшчэ не вызначылася:

“Большасць насельніцтва пакуль не мае інфармацыі, і таму альбо не зважае на нас, альбо падыходзіць і цікавіцца. Ім усё цікава, яны ўсё хочуць ведаць”.

Гэта было адной з галоўных асаблівасцяў кампаніі 2006 года: выбары адбываліся ва ўмовах амаль поўнай інфармацыйнай няроўнасці. Дзяржаўнае тэлебачанне працавала на Лукашэнку, а апазіцыйныя кандыдаты спрабавалі кампенсаваць гэта непасрэднымі сустрэчамі з людзьмі.

Але і тут ім перашкаджалі.

У Гомелі Мілінкевіч правёў каля 15 сустрэч са студэнтамі, рабочымі, прадпрымальнікамі і актывістамі. Ягоныя мерапрыемствы спрабавалі зрываць, каля стэндаў узнікалі правакацыі, у кандыдата кідалі снежкі і яйкі. Агітатараў затрымлівалі нават падчас цалкам легальнага распаўсюду перадвыбарчых матэрыялаў.

23 лютага міліцыя затрымала ў Гомелі дзве групы распаўсюднікаў буклетаў Мілінкевіча і канфіскавала амаль паўтары тысячы асобнікаў. Актывіст Андрэй Т. згадваў, што да іх падышлі два міліцыянты: адзін — з аўтаматам Калашнікава, другі — з пісталетам Макарава. Пасля трох гадзін у міліцыі ён зрабіў простую выснову:

“У Гомелі выбарчай кампаніяй на карысць Лукашэнкі займаецца і міліцыя”.

Вельмі паказальная гісторыя адбылася і падчас сустрэчы Мілінкевіча з выбарцамі ў Рэчыцы. Міліцыянты спрабавалі спыніць мерапрыемства і патрабавалі, каб людзі разышліся. Мілінкевіч не пагадзіўся і звярнуўся проста да грамады: ці згодныя прысутныя выканаць патрабаванне міліцыі і разысціся?

Людзі дружна адказалі: “Не!”

Тады адзін з прысутных звярнуўся да міліцыянта:

“А вы найдите хоть одного человека, который против того, что мы здесь собрались”.

Міліцыянт адказаў:

“Я против…”

 

Сёння гэты кароткі дыялог успрымаецца амаль сімвалічна. У ім ужо бачная мадэль супрацьстаяння, якая напоўніцу праявіцца ў 2020 годзе: з аднаго боку — грамадзяне, якія хочуць самі вырашаць, каго слухаць і каго падтрымліваць, з другога — сілавы апарат, які фактычна выступае ўдзельнікам палітычнага змагання на баку ўлады.

Але, бадай, найбольш яскрава гэта праявілася перад прыездам Мілінкевіча ў Гомель 14 сакавіка. Сустрэчу планавалі правесці на плошчы Паўстання. Напярэдадні туды пачалі звозіць снег з усяго горада. Плошчу завалілі кучамі вышынёй у чалавечы рост, а ў некаторых месцах — да 2,5 метра. На плошчы Леніна тым часам вырашылі заліць коўзанку і паставілі металічныя агароджы.

У выніку сустрэчу перанеслі на Цэнтральны стадыён.

І менавіта тут адміністрацыйныя хітрыкі далі адваротны вынік: паслухаць Мілінкевіча прыйшлі больш за шэсць тысяч гамельчукоў. Для тагачаснага Гомеля, дзе апазіцыйныя вулічныя акцыі ўжо шмат гадоў жорстка абмяжоўваліся, гэта была велізарная лічба.

Сказаць, што выбары 2006 года былі няроўнымі, — амаль нічога не сказаць. Лукашэнкаўская сістэма ўжо тады не дапускала сапраўднай канкурэнцыі: дзяржаўныя медыя, адміністрацыйны рэсурс і сілавыя структуры працавалі на аднаго кандыдата. Але кампанія Мілінкевіча паказала і іншае — попыт на альтэрнатыву існаваў далёка не толькі ў вузкім коле апазіцыйных актывістаў.

Пасля выбараў узнікла Плошча-2006 — адна з першых буйных спробаў працяглага вулічнага пратэсту супраць ужо кансалідаванага беларускага аўтарытарызму. Намётавы лагер у Мінску быў разгромлены, сотні людзей прайшлі праз затрыманні і арышты. Яшчэ больш жорстка была разагнаная акцыя 25 сакавіка.

Намётавае мястэчка ў сакавіку 2006 года. Фота: wikimedia.org

Тое, што ў 2020-м уразіла мільёны беларусаў сваёй адкрытасцю і маштабам, у значна меншым памеры ўжо можна было назіраць у 2006-м: улада не проста канкуравала з палітычнымі апанентамі — яна выкарыстоўвала супраць іх рэпрэсіўны апарат.

А Гомель стаў адным з гарадоў, дзе гэта было асабліва добра відаць. Нягледзячы на афіцыйна намаляваныя Мілінкевічу сціплыя працэнты, шэсць тысяч чалавек на стадыёне былі куды больш красамоўным паказчыкам рэальнай цікавасці да дэмакратычнага кандыдата, чым выніковыя пратаколы выбарчых камісій.

Штодзень

Related posts

Ад Кантакузаўкі да “Вэндсдэй”: як гомельская вёска аказалася звязаная з румынскім замкам

Ад крытыкі “збеглых” — да тэкстаў пра сяброўства аленя і каня. Як кар’ера гомельскага прапагандыста Галкоўскага пайшла пад адхон

Першы вядомы запіс назвы “Гомель”? Доказ знайшоўся на таямнічым залатым пярсцёнку 1565 года