Перыяд Калядаў працягваецца да Вадохрышча. Засталося яшчэ зусім троху. А пакуль згадаем, што робяць на Каляды.

Дарэчы, вы ведалі, што на Гомельшчыне найлепей захавалася калядная традыцыя? Тут дагэтуль можна запісаць ад носьбітаў калядныя традыцыі, рытуалы і рытуальныя спевы.
Тры куцці
Каляды — гэта цэлы цыкл святаў, у якім вылучаюцца тры галоўныя кропкі — тры куцці. Куцця — галоўная абрадавая страва каляднага стала. На працягу святаў гатавалі тры куцці.

Першая, галодная куцця, гатавалася ў пост— напярэдадні Раства. За стол садзіліся пасля з’яўлення першай зоркі або пасля прыходу калядоўшчыкаў. Ужывалі першую куццю толькі сямейнікі. На Гомельшчыне зафіксаваны абрад “гукання марозу”: “Мароз-мароз, хадзем куццю есці, улетку не бывай, не марозь жыта, пшаніцу”.
Другая — багатая куцця — прыпадала на Стары Новы год, або Васілле. У гэты час асабліва актыўна калядавалі і шчадравалі, пераапранаючыся ў розных персанажаў і жывёл.
Завяршала калядны цыкл трэцяя куцця — посная, якая гатавалася на Вадохрышча.
Казалі, Хрысціцель — усім калядам прасціцель.
Куцця гатавалася не з сечаных, а з тоўчаных круп: ячных, пшанічных, а пазней і рысу. Дадавалі сушаныя грыбы ў посную, а ў багатай куцці былі мяса ці скваркі.
Го-го-го каза
Самы галоўны персанаж падчас шчадравання – гэта, канешне, каза. Праўда, вадзілі яе не паўсюль, але на Гомельшчыне каза — цэнтральная фігура каляднага абраду. Фалькларысты адзначаюць, што не ў кожнай вёсцы Палесся захаваліся згадкі пра нашэнне зоркі, затое вельмі падрабязна апісана, як рабілі казу. Гэта быў не проста кажух і маска: у кожнай вёсцы казу рабілі па-свойму. Часам у рукавы кажуха ўстаўлялі палкі — яны служылі рагамі, а іншы раз “каза” хадзіла да гары нагамі.
Каза сімвалізавала ўрадлівасць — у полі, у кашары і ў сям’і. Папулярныя радкі ў песнях на каляды:
Дзе каза ходзіць — там жыта родзіць;
дзе каза рагом — там жыта стагом;
дзе каза нассыць — там жыта блішчыць.
Падчас калядавання каза “памірала”, сімвалізуючы адыход старога года, а пасля адорвання “ўваскрасала” — у знак новага жыцця і шчасця. “Каб нашая каза ўстала, трэба даць нашай казе кавалак сала, а яшчэ піражэчкі казе на ражэчкі”, — казалі калядоўшчыкі, заахвочваючы да адорвання казы.

Раней з казы рабілі дуды, і менавіта на Новы год іх мянялі. Каза ўвасабляла адначасова і духоўны, і матэрыяльны пачатак.
Акрамя казы ў калядных гуртах вадзілі мядзведзя, жураўля, ваўка — увесь калядны пантэон быў шырока прадстаўлены на Гомельшчыне.
Крывыя вечары
Усе гэтыя калядныя дні ад Раства да Вадохрышча ў некаторых рэгіёнах называлі “крывыя вечары”. У гэты час забаранялася працаваць: ткаць, вышываць, прасці. Лічылася, што парушэнне забароны можа прывесці да бяды — жывёла народзіцца з зашытым ротам, ці без вока ці з пятай нагой, ці будзе мець два хвасты, то бок будзе з адхіленнямі. Лічылася, што ў гэтыя дні трэба гуляць, адпачываць і весяліцца. Як казалі продкі: галоўнае — умець танчыць і спяваць, а работу рабіць гора навучыць.
У гэтыя дні былі распаўсюджаныя такія народныя гульні як пераапрананні. То бок калі хлопцы апраналі спадніцы, а жанчыне вешалі морквіну. Але ўсё гэта не ўспрымалася як нешта пошлае, бо мела глыбокі абрадавы сэнс.
Былі і жарты: моладзь магла пераставіць лаўкі ў суседзяў. То бок раніцай прачынаешся, а ў цябе замест уласнай лаўкі стаіць суседская. Альбо маглі перавесіць уваходныя форткі. Альбо на даху заткнуць комін. “І баба, якая распальвала печ зранку і не разумела, чаму дым ішоў у хату. Тады пачыналіся крыкі і ўцёкі ад бабінай качаргі”, — згадваюць народныя жарты падчас крывых вечароў фалькларысты.
Калядоўшчыкі — пасланцы бога

Лічылася, што не ўпусціць калядоўшчыкаў — значыць не пусціць Бога ў хату. І для гаспадароў, у чыю хату не прыходзілі калядоўшчыкі, — гэта быў вялікі сорам.
“Мы прыйшлі з далёкага краю, з-пад самага раю” — казалі калядоўшчыкі.
То бок гэты быліне проста аднавяскоўцы, гэты былі людзі, якія неслі з сабой радасць і дабрабыт.
Паводле легендаў, сам Бог хадзіў да людзей на Каляды. І ніхто не ведаў, у выглядзе каго ён прыйдзе — у выглядзе старой жанчыны ці дзіцяці. Таму не ўпусціць калядоўшчыкаў лічылася як не ўпусціць самога бога.
Асаблівую сілу мелі словы-пажаданні:
“каб у хаце заўсёды было што есці, каб лілося, елася і яшчэ хацелася”.
Варожбы
Увесь калядны перыяд лічыўся магічным часам. Варажылі ад Новага года да Вадохрышча. Лічылася, што ў гэтыя дні святло губляе сваю звыклую структуру, неба зліваецца з зямлёй, а мёртвыя могуць наведваць жывых. Варажылі на будучы ўраджай. Моладзь варажыла на суджанага ці суджаную.
Каляды былі часам, калі будучыня здавалася бліжэйшай і больш даступнай.