На Каляды вуліцы Гомеля і іншых гарадоў і вёсак рэгіёне напаўняюць вясёлыя калядоўшчыкі. Аднак так было не заўжды.
У савецкія часы калядаваць забаранялася. Пра гэта распавядалі пажылыя людзі падчас фальклорных экспедыцый, згадваючы, што ўдзел у калядных абрадах мог мець наступствы для сям’і. Асабліва строга гэта тычылася тых, хто быў членам партыі: такім людзям забаранялася хадзіць шчадраваць не толькі самім, але і адпускаць на гэта сваіх дзяцей. Тое ж правіла распаўсюджвалася і на сем’і настаўнікаў.
Фалькларыстка і сябра ліквідаванай уладамі гомельскай краязнаўчай арганізацыі “Талака” Ларыса Шчыракова адзначае, што ў савецкі час у школах дзяцей асобна папярэджвалі, каб яны не хадзілі калядавалі. У працоўных калектывах існавалі пакаранні для тых, хто парушаў гэтую негалосную забарону.
“Не зусім пра Каляды, але, напрыклад, у вёсцы Неглюбка мне распавядалі, што ў 1960-я гады мясцовы старшыня сельсавета, калі бачыў, што людзі апранаюць народнае адзенне і выходзяць святкаваць, выязджаў на кані, браў пугу і разганяў людзей, каб яны не святкавалі народныя святы”, — згадвае Ларыса Шчыракова.