Гомельскай фабрыцы «Спартак», якая ў нейкай ступені стала сімвалам гораду, 100 год. Сённяшняе кіраўніцтва прадпрыемства справаздачыцца пра дасягненні і новыя лінейкі прадуктаў, але варта памятаць, што навейшая гісторыя фабрыкі – не такая роўная, як ім хочацца паказаць. Яна перажыла прыватызацыю, а ўсяго трохі больш за 10 год – нацыяналізацыю.
Прыватызацыя «Спартака»
Як распавядаў былы гаспадар «Спартака» (і мінскай «Камунаркі») Марат Новікаў, гісторыя яго інвестыцый пачалася яшчэ ў 1993 годзе. «У 1993 годзе да мяне звярнуліся тагачасныя кіраўнікі “Спартака” з просьбай аб дапамозе. (Гэтыя людзі мяне ведалі яшчэ па працы ў менскім гандлі). Першапачаткова я паставіўся скептычна да іх прапановы. У маёй кампаніі быў нядрэнны бізнес у Расіі. І ўсё ж мяне ўгаварылі з’ездзіць у Гомель, агледзецца, што называецца, на месцы», – адзначыў ён у 2019 годзе.
Паводле ягоных словаў, у той момант «на дзвярах шакаладнага цэха вісеў свірнавы замок». «Доўга шукалі ключы ад замка, нарэшце мы ўвайшлі ў памяшканне. Там выявілася амаль новая лінія па вытворчасці шакаладу. Стаяла і ржавела», – апісаў бізнесоўца, адзначыўшы, што ён змог тады «дапамагчы фінансава».
На «Спартаку» ў 1994 годзе з’явілася адкрытае акцыянернае таварыства, гаспадарамі акцыяў сталі супрацоўнікі. Пры гэтым прадаваць іх нельга было фактычна да 2011 года. Пасля пераразмеркавання частак атрымалася, што ў Новікава былі 54% акцыяў, а ў дзяржавы толькі 16,06%.
Нацыяналізацыя
Прадпрыемствам зацікавілася дзяржава і асабіста Аляксандр Лукашэнка. На той момант прадпрыемства было фінансава паспяховым.
Па дадзеных за 2011 год, рэнтабельнасць «Спартака» склала 39,75%. У 2010–2011 гг. прадпрыемству ўдалося скараціць суму пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці на 39,6 працэнта ў параўнанні з 2008 годам. Выручка склала 513294 млн рублёў, чысты прыбытак – 86922 млн рублёў
Выканкамы ў тым жа 2011 годзе атрымалі права на першасны выкуп акцыяў, супрацоўнікі «Спартака», якія раней прадалі акцыі інвестару, папрасілі іх «абараніць».
Аляксандр Лукашэнка ў 2012 годзе абвясціў, што дзяржава забірае «Спартак» (і «Камунарку») назад, бо гэта стратэгічныя народныя прадпрыемствы. Дзяржава атрымала 60% фабрыкі, змяніла кіраўніцтва, «Спартак» узначаліў былы чыноўнік.
Гэтае рашэнне крытыкавалі эканамісты і эксперты: «Гэта крыж на надзеях інвестараў», – называлі «нацыяналізацыяй з парушэннем заканадаўства». Але да падобных галасоў аўтакратычны кіраўнік Беларусі не прыслухаўся.
Лукашэнка жа на прэс-канферэнцыі ў 2013 годзе распавядаў пра ратаванне прадпрыемства, што былы ўладальнік прадпрыемства яму «какава-бабы прадае вышэй сусветнай цаны» і ўвязваў з Новікавым тое, што прадпрыемствы «здавалі пазіцыі».
Былы гаспадар «Камунаркі» і «Спартака» пасля нацыяналізацыі ўляцеў у ЗША і адказваў крытыкай на крытыку. У 2013 ён казаў «Еўрарадыё» пра дзве тысячы тон нерэалізаванай прадукцыі, якія заставаліся на «Спартаку»: «Гэта па-за маім разуменнем як спецыялістам, які аддаў 20 гадоў «кандытарцы»»
У 2015 годзе бізнесоўца сцвярджаў, што сітуацыя на «Спартаку» пасля змены кіраўніцтва моцна пагоршылася: «Пакажыце мне хоць адзін прыклад, каб дзяржава забрала нейкае прадпрыемства і на ім стала лепш, чым было раней».
«Мы працавалі без выхадных і не хапала, каб усіх жадаючых прадукцыяй забяспечыць, а цяпер фабрыкі працуюць па 3-4 дні ў тыдзень і заробкі напалову зменшыліся. Казалі, што Марат ім перашкаджае працаваць на Амерыку і Расію. Цяпер кажуць, што інфляцыя ім перашкаджае. У нас была і інфляцыя, і што заўгодна, а нам дзён у тыдні не хапала! На Вялікдзень працавалі, уяўляеце!» – дадаў прадпрымальнік.
Новікаў ў 2019 годзе казаў, што магутнасці прадпрыемства дазваляе выпускаць больш прадукцыі, чым атрымліваецца рабіць. Прычынамі гэтага ён бачыў у тым, што «беларускі рынак праціснуты іншымі вытворцамі», у асноўным кампаніямі з Расіі, якія плацяць камісійныя тавараведам.
У 2020 годзе ён казаў пра ўмовы работы на прадпрыемствах, якія стварыў: «Мы дзевяць гадоў на «Спартаку» кармілі бясплатнымі абедамі 2400 чалавек! Калі я ўлятаў, думаў: «Што ж вы робіце?»
Што цяпер? Стала лепей? Не
Па звестках Produkt.by, на 2019 год Новікаў быў гаспадаром 42% акцый «Спартака», але як ён сцвярджаў яшчэ ў 2015 года, даходу з гэтых акцыяў ён не атрымліваў («гэтым разам, падчас сходу акцыянераў, рашэнне аб пераводзе грошай замежнаму інвестару не было прынятае»).
На 2021 год, як пісала «Зеркало», доля дзяржавы ў «Спартаку» была 66,29%. Фабрыка не паведамляла пра актуальныя аб’ёмы вытворчасці, але як вынікае з дадзеных фінансавай справаздачнасці, аб’ёмы прыбытку штогод падаюць.
У 2012 годзе «Спартак» меў 15 млн чыстага прыбытку ў даляравым эквіваленце, у 2019 – 2,4 млн даляраў, а ў 2020-м – 2,3 млн даляраў.
Фабрыка ў апошнія гады не выплачвала дывідэндаў сваім акцыянерам.
Гісторыя нацыяналізацыі «Спартака» як ганебная старонка непавагі да прыватнай маёмасці раз за разам трапляе ў агляды падобных сітуацый у Беларусі. І лічбы паказваюць, што яна таксама з’яўляецца і помнікам эканамічнай неахайнасці рэжыму, яго непаспяховым і неразумным рашэнням. І нават у дні 100-годдзя, праходзячы ўздоўж плота прадпрыемства не варта на гэта забывацца.