Больш за 123 тысяч рублёў пойдзе на рамонт прыступак мемарыяла “Дзецям-ахвярам вайны” ў вёсцы Красны Бераг. І гэта без уліку планавых прыбыткаў і агульнагаспадарчых і агульнавытворчых выдаткаў. Для параўнання: напярэдадні 9 мая аблвыканкам адсправаздачыўся, што 207 ветэранаў Гомельшчыны атрымалі дапамогу на аздараўленне ў памеры 77 тысяч рублёў.
Сёлета мемарыял “Дзецям-ахвярам вайны” ў Жлобінскім раёне распачалі рамантаваць і рэканструяваць. Пакінем прафесіяналам разбірацца, ці сапраўды неабходны быў рамонт аб’екту, якія паўстаў адносна нядаўна: у 2007 годзе. Паводле каштарысу, на ягоны бягучы рамонт запланавана 244 969 рублёў. У планах – тратуары, прыступкі, пандус, падпорная сцяна, устаноўка надпісаў.
Аднак гэта не ўсе выдаткі. Дырэктар Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея Ніна Шрэйтар яшчэ ў пачатку года распавяла мясцовай раёнцы, што 275 тысяч рублёў на аб’ект выдаткаваў толькі абласны бюджэт. А яшчэ вырашылі рэканструяваць будынак санітарна-побытавага прызначэння пад будынак інфармацыйнага абслугоўвання наведнікаў. На гэта выдзелена яшчэ 465 тысяч рублёў. А агульная сума будаўнічых прац, паводле слоў Ніны Шрэйтар, увогуле складае 11,3 мільёны. Добра, што на музейныя аб’екты ідуць сродкі. Аднак непадалёк знаходзіцца сядзіба канца 19 ст. Козел-Паклеўскіх, якой на 130-годдзе падаравалі ажно 75 тысяч рублёў. Не кажучы ўжо пра іншыя закінутыя сядзібы Гомельшчыны, на якія сродкі ўвогуле практычна не выдзяляюцца. Напрыклад, сядзіба Ястржэмбскіх у Хойніцкім раёне, куды нават дарога з пакрыццём адсутнічае.