Ці змогуць беларусы адпачываць у Румыніі і Балгарыі?

by homieldays

Праз пару месцаў яшчэ дзве краіны пачнуць выдаваць шэнгенскія візы. Але спадзявацца, што праз гэта беларусам стане істотна лягчэй патрапіць у Еўропу, пакуль не даводзіцца.

 

Ад 31 сакавіка 2024 года паўнавартаснымі ўдзельнікамі шэнгенскай прасторы стануць Румынія і Балгарыя. Як плануецца, адгэтуль замест нацыянальных віз, гэтыя краіны пачнуць выдаваць шэнгенскія. Выдадзеныя раней нацыянальныя балгарская і румынская візы будуць дзейныя на працягу абазначанага ў іх тэрміну.

На дадзены момант самастойна запісацца ў консульствы гэтых краін, каб падаць неабходныя для атрымання візы дакументы, тэарэтычна магчыма. Запісацца ў Балгарскае консульства прапануецца па тэлефоне. Заяву на атрыманне візы ў Румынію можна падаць анлайн. Але на сайтах пакуль вісіць інфармацыя толькі пра папярэдні алгарытм падачы дакументаў на нацыянальныя візы. Якія тыпы шэнгенскіх віз можна будзе атрымаць і што для гэтага спатрэбіцца, невядома.

Здабыць шэнгенскую мультывізу, набыўшы пакетны тур у агенцтве падарожжаў, таксама не так і проста. Да пандэміі недарагі адпачынак на Чорным моры ў Румыніі і Балгарыі карыстаўся вялікім попытам. Але вайна ва Украіне зрабіла немагчымымі аўтобусныя туры. А санкцыі адносна “Белавіа” ударылі па авіяпадарожжах.

Турыстычнае наведванне Румыніі зараз прапануецца выключна падчас вандроўкі з адпачынкам у Грэцыі. Значыцца, візу пад такі тур будуць рабіць грэчаскую, а гэтая краіна выдае пераважна аднакратныя візы, толькі на дадзеную паездку.

Некаторыя турфірмы прапануюць авіятуры ў Балгарыю з вылетам з Мінску (якая авіякампанія будзе ажыццяўляць перавозкі, не паведамляцца). Сярод прапаноў пераважна двух-трохзоркавыя гатэлі, больш падобныя на постсавецкія санаторыі, чым на сучасныя еўрапейскія месцы рэлаксу. Пры раннім браніраванні 7 дзён адпачынку ўлетку, толькі са сняданкам, будуць каштаваць ад 1100 еўра за 2 асоб. Пазней кошт будзе вышэйшы.

Пакой у гагэлі ў Сонечным беразе, Балгарыя. Фота: www.turmarket.by

 

Каб заахвоціць турыстаў, раней Балгарыя ахвотна давала гадавую нацыянальную візу. Ці захаваецца гэтая тэндэнцыя зараз, калі краіна пачне выдаваць шэнгенскія візы, будзе зразумела толькі бліжэй да сярэдзіны лета, калі значная колькасць турыстаў аформіць дакументы для вандроўкі.

Таму, хто па аднакратнай візе захоча з Румыніі ці Балгарыі паехаць у іншыя краіны шэнгенскай зоны, варта ўлічваць яшчэ адну акалічнасць. Ад 1 сакавіка 2024 года пры карыстанні паветраным ці водным транспартам падарожнікам не трэба будзе праходзіць памежны кантроль, па сухапутнай мяжы ён нейкі час яшчэ будзе дзейнічаць.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png