Гомельскія праўладныя пісьменнікі абвясцілі 2024 годам малавядомага савецкага пісьменніка Івана Сяркова

by homieldays

З Гомельшчынай звязанае жыццё двух нобелеўскіх лаўрэатаў — Святланы Алексіевіч і Алеся Бяляцкага. Аднак гомельскія літаратары абралі менавіта Івана Сяркова. Прычым гэта ўжо другі раз. У 2009-м Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” таксама абвяшчала годам Івана Сяркова.

Іван Сяркоў

Саюз пісьменнікаў Беларусі – праўладная арганізацыя, створаная ў 2005 годзе з мэтай расколу Саюзу беларускіх пісьменнікаў (ліквідаваная ў 2021 годзе). Аб’ядноўвае пераважна рускамоўных літаратараў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Да 2022 года Саюз пісьменнікаў Беларусі ўзначальваў Мікалай Чаргінец. Цяпер Саюз узначальвае Аляксандр Карлюкевіч (міністр інфармацыі ў 2017-2020 гадах).

Вокладка кнігі

Іван Сяркоў – ураджэнец Гомельшчыны. Нарадзіўся ў Пакалюбічах у 1929 годзе, памёр у 1998 годзе ў Гомелі. Працаваў у гомельскай раённай газеце “Маяк”, да 1989 года быў галоўным рэдактарам Гомельскай абласной студыі тэлебачання. Іван Сяркоў – аўтар ажно трох аповесцяў: “Мы з Санькам у тыле ворага” (1968), “Мы — хлопцы жывучыя” (1970), “Мы з Санькам — артылерысты…” (1989). Творы напісаныя ў піянерска-прыгодніцкім стылі, якіх вельмі шмат выдавалася ў савецкія часы.

Напрыклад, у аповесці “Мы з Санькам у тыле ворага” (ёсць на сайце “Беларуская палічка”) згадваецца, што бацька героя хадзіў на вайну: “Як я памятаю, ён адзін раз ужо хадзіў ваяваць. Пайшоў летам, а вярнуўся аж вясной.” А ў тлумачэннях, хоць Беларуская палічка і прыводзіць тэкст паводле выдання 2006 год, адзначаецца, што маецца на ўвазе верасень 1939 года — “Вызваленне Чырвонай Арміяй з-пад улады буржуазна-памешчыцкай Польшчы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.” З твора “Мы з Санькам у тыле ворага” не выйнікае, што вайна — гэта нешта страшнае, хутчэй як цікавая прыгода для дзяцей.

“Штодзень” запытаўся ў паэткі Насты Кудасавай, у гонар каго б яна назвала год:

 

— Галоўны пясняр Гомельшчыны для мяне, безумоўна, Анатоль Сыс. Гэта першы, хто прыходзіць да галавы, калі запытаць пра знакавых літаратараў нашага краю. Мару, што аднойчы фестываль у Гарошкаве ў ягоны гонар набудзе рэспубліканскі маштаб і стане агульнанацыянальным святам. А мая родная Рагачоўшчына звязаная моцна з Уладзімірам Караткевічам, там ён напісаў свае лепшыя творы. Як бы гэта цынічна ні гучала, але мы маглі б на брэндзе Караткевіча зрабіць Рагачову шыкоўнае імя, якое заваблівала б турыстаў з усяго свету. Але на жаль, гэта ўсё таксама пакуль што застаецца толькі ў маіх марах.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png