Мова Гомель прапануе невялікую вандроўку ў гісторыю каляднай паштоўкі.
Фота: pani–teklia.livejournal.com
Першая калядная паштоўка з’явілася з прычыны… ляноты
Прататыпам каляднай паштоўкі былі літаграфіі, але таксама і гравюры, на тэму Раства. “Першая спроба пяра” адносіцца да 1797 года, калі брытанскі мастак Добсан прыдумаў павіншаваць сябра невялікім малюнкам, на якім адлюстраваў сям’ю каля ялінкі на фоне заснежанага краявіду. На наступны год было створана некалькі дзясяткаў малюнкаў, а ў 1800 годзе нават пачаўся іх продаж.
Але сапраўдная гісторыя каляднай паштоўкі адносіцца да крыху больш позняга часу і звязаная з… лянотай.
– Англічанін сэр Генры Коул меў вельмі шмат родных, якіх трэба было кожны год віншаваць з Раством. Па яго просьбе мастак Джон Хорслі ў 1840 годзе зрабіў 40 аднолькавых літаграфій, на якіх была намалявана сям’я сэра Генры за калядным сталом. Па баках змяшчаліся малюнкі на тэму міласэрнасці: Коулы раздаюць бедным адзенне і ежу. Пад малюнкам быў змешчаны надпіс: “Вясёлых Каляд і шчаслівага Новага года!” Родным сэра Генры такое віншаванне вельмі спадабалася. У 1843 годзе з літаграфіі была надрукавана тысяча паштовак – гэта былі першыя калядныя паштоўкі ў свеце, – піша Алеся Бяленік у архіўным матэрыяле на сайце газеты “Слова жыцця”.
У свеце захаваўся ўсяго тузін паштовак з той самай першай тысячы, і, зразумела, гэта сапраўдныя рарытэты. Дарэчы, адна з паштовак першай партыі была прададзеная ў 2001 годзе на аўкцыёне за 22 500 фунтаў стэрлінгаў. Пасля гэтага, асабліва пачынаючы з 1860-хх гадоў, вытворчасць паштовак становіцца масавай.
Пераломным стаў 1870 год
Вельмі часта можна сустрэць інфармацыю, што першая паштоўка з’явілася ў Прусіі ў 1870 годзе. Гэта звязана з тым, што ў гэтым годзе сапраўды з’явілася першая паштоўка ў выглядзе адкрытага ліста з маркай.
Паштоўкі ў той час набіраюць папулярнасць таксама ў Францыі, а хутка такі від паштовага адпраўлення з малюнкам або фотаздымкам на галоўным баку зрабіўся вельмі папулярным і ва ўсім свеце. Адначасна з’явілася і ФІЛАКАРТЫЯ.
Філакартыя – гэта калекцыяніраванне, вывучэнне і сістэматызацыя паштовак. Чалавек, які калекцыяніруе паштоўкі, адпаведна называецца філакартыст.
– У 1875 годзе першыя калядныя і навагоднія паштоўкі былі выпушчаны і ў ЗША, ажыццявіў гэта немец-імігрант Луі Пранг. Першапачаткова на паштоўках змяшчаліся выявы жывёл і раслін, што мелі мала дачынення да Раства. Але ўжо праз некалькі год, калі тыражы паштовак становяцца мільённымі, тут таксама набываюць папулярнасць зімовыя пейзажы, выявы ялінак, дзяцей і так далей. Менавіта Пранг у 1885 годзе ўпершыню змясціў на паштоўку “партрэт” Санта Клаўса у чырвоным каўпаку. За такія заслугі Пранг набыў ганаровае званне “Бацькі амерыканскай каляднай паштоўкі”, – чытаем на старонцы pani-teklia.livejournal.com.
Ялінка на паштоўках з’явілася не адразу
Сюжэты малюнкаў на калядных паштоўках, зразумела, навязваюць да свята Раства, таму на іх вельмі часта сустракаўся і сустракаецца вобраз Святога Мікалая, які пакідае падарункі ў шкарпэтах або і панчохах. Што цікава, ранейшыя выявы Святога Мікалая адлюстроўваюць яго ў адзенні біскупа, а пачынаючы з 20-га стагоддзя Святы набыў сабе чырвоныя штаны і чырвоную куртку. Агулам жа жыццё біблейскага Святога Мікалая было прыкладам шчодрай дапамогі і клопату пра бліжніх, таму і казачны Святы Мікалай – вельмі добры і прыносіць падарункі. Зразумела, што цяпер на паштоўках замест Святога Мікалая можам пабачыць Санта-Клаўса, які жыве ў Лапландыі, а з савецкіх часоў прыжыўся Дзед Мароз (постаць, створаная па вобразе Святога Мікалая).
Што тычыцца ўпрыгожанай ялінкі, то яна на паштоўках з’явілася толькі ў канцы 19-га стагоддзя. Звязана гэта было з тым, што акурат чалавецтва вынайшла электрычную лямпачку, і гэтыя лямпачкі пачалі вешаць у тым ліку на святочныя дрэўцы.
Змяняліся эпохі – змяняліся і паштоўкі. Напрыклад, малюнкі Святой Сям’і з маленькім Ісусам у яслях былі асабліва папулярныя ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя. Пашырылася на паштоўках дзіцячая тэматыка. Пазней пачалі з’яўляюцца музычныя паштоўкі. У савецкі час святочныя паштоўкі былі дадатковым спосабам агітацыі і прапаганды.
Беларускія калядныя паштоўкі
– З канца 19-га стагоддзя на паштоўках пачалі з’яўляцца беларускія сюжэты: помнікі архітэктуры і этнаграфічныя сюжэты, – адзначаў беларускі культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
Паводле ж самага вядомага беларускага філакартыста Вячкі Целеша, на сучаснай тэрыторыі Беларусі першыя паштоўкі з віншавальнымі навагоднімі надпісамі па-беларуску датаваныя 1963 годам. Сярод сюжэтаў быў вельмі пашыраны Дзед Мароз і Снягурачка, але таксама розныя казачныя персанажы і зімовыя краявіды.
У Савецкім Саюзе паштоўкі з Новым годам пачалі вырабляць яшчэ з сярэдзіны 20-га стагоддзя, а вось паштоўкі з нараджэннем Хрыстовым з таго перыяду, калі захаваліся ў сям’і або ёсць у калекцыі філакартыста, часта паходзілі з Польшчы. Віншаванне з Калядамі на сапраўднай беларускай каляднай паштоўцы беларусы змаглі адкрыта высылаць толькі пасля 1990 года, калі і Каляды набылі сваё афіцыйнае існаванне.
Але на Захадзе першыя беларускія калядныя паштоўкі з’явіліся ў пасляваенны час у 1947-1948 гадах у лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. “Найбольш вядомыя тыя, што выдавалі скаўты ў Ватэнштэце”, – піша hardzin.livejournal.com.
Фота: hardzin.livejournal
Аднак, не зважаючы на розныя часы і ўлады, на паштоўках да свят заўсёды былі падобныя пажаданні: шчасця, здароўя, дабрабыту і, канешне, радасных свят.
Штодзень
Выкарыстаныя матэрыялы: slowo.grodnensis.by, pani-teklia.livejournal.com, ivyenews.by, hardzin.livejournal.com/62697.html.