Навіны горада

“Зюзя на дварэ — куцця на стале”. А вы ведаеце, хто такі Зюзя?

У беларускай міфалогіі ёсць такая істота як Зюзя, якая ўвасабляе зімовую сцюжу. Жыве Зюзя збольшага ў лесе, але часам наведвае вёскі і прыносіць з сабою холад і сцюжу. А калі Зюзю раззлаваць, то ён пачне біць булавою па пні ці дрэве і наклікае на вас траскучы мароз. Як дыхне Зюзя, то ўздымецца завіруха і мяцеліца. Яго слёзы – ледзяшы, а валасы – снежныя аблокі. Калі ж вы сцюжы не баіцеся, то падарыць вас Зюзя цялесную моц і румянец.

Фота: ілюстрацыя Валерыя Славука.

 

“Зюзець” – значыць мерзнуць, а “зюзька” – гэта замерзшы чалавек.

Звычайна Зюзя ўяўляўся каранастым дзядком з доўгай барадой у белым футры, але пры гэтым босым і без шапкі. Абавязкова ў Зюзі мае быць жалезная булава, або доўбня. На Палессі Зюзя быў лысым барадатым дзедам, які ходзіць босым па снезе ў расхрыстаным кажусе.

На Каляды для Зюзі пакідалі частку куцці, каб ён не лютаваў. Таму і казалі: “Зюзя на дварэ — куцця на стале”. Часта гаспадар кідаў за вакно першую лыжку кашы, прыгаворваючы: “Мароз, хадзі куццю есці!”

А яшчэ ў народзе часам кажуць напіўся “як зюзя”. Можа таму што ў Зюзі нос чырвоны?

Штодзень